Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Вядома, прыйдуць!

Аляксандар Лукашэнка выступіў з традыцыйным штогадовым пасланьнем да народа і Нацыянальнага сходу. На Свабодзе — анлайн-рэпартаж.

Пачатак — а 11-ай гадзіне. Выступ трансьляваўся ў жывым эфіры па тэлеканале «Беларусь 1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасьля чаго дэпутаты могуць задаць кіраўніку дзяржавы пытаньні.

Таксама на выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

13:15 21.4.2016

Лукашэнка: унутраны канфлікт у Беларусі магчымы толькі пры падтрымцы зьнешніх сіл

Лукашэнка таксама выказаўся наконт новай ваеннай дактрыны Беларусі:

«Мы гатовыя да ўжываньня вайсковай сілы як супраць зьнешняй агрэсіі, так і для нэўтралізацыі ўнутранага збройнага канфлікту. Для процідзеяньня пагрозе гібрыдных войнаў і каляровых рэвалюцыяў створаныя сілы спэцыяльных апэрацыяў, распрацаваная сыстэма тэрытарыяльнай абароны — самыя дасканалыя сыстэмы ў сьвеце і ўзброеныя самай сучаснай зброяй. І калі мы гаворым пра нэўтралізацыю як зьнешняй ваеннай сілы, так і ўнутранага збройнага канфлікту, мы ж маем на ўвазе ня тое, што тут беларускі народ выйдзе супраць беларускай улады. Не. Унутраны канфлікт, асабліва ў Беларусі, магчымы толькі пры падтрымцы зьнешніх сіл. Таму мы арыентуем Узброеныя сілы на супрацьдзеяньне падобным «унутраным канфліктам».

13:28 21.4.2016

Лукашэнка ўзгадаў пра «пятую калёну»

Падчас свайго выступу Лукашэнка некалькі разоў выкарыстаў тэрмін «пятая калёна» ў дачыненьні да апазыцыі.

«У нас тут пятая калёна і розныя так званыя апазыцыянэры папракаюць: ну вось зноў тут улады пачалі езьдзіць на тым жа кані — бясьпека. Нашым бы гэтым пяцікалёньнікам і так званай апазыцыі трэба было б спачатку думаць, што пісаць. Бо няма больш высокай каштоўнасьці (а Ўкраіна і іншыя дзяржавы, асабліва Сырыя, гэта паказалі), чым мір і бясьпека. Калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі-аўтаматамі, калі ў вокны кідаюць гранаты, калі чалавек ня можа жыць на сваёй зямлі, то пра што можа быць гаворка? Пра заработную плату? Дык што ты купіш за гэтыя грошы? Таму трэба падкрэсьліваць заўсёды: найвялікшая каштоўнасьць — гэта бясьпека ў грамадзтве, мір на зямлі. Усё астатняе мы знойдзем, купім — гэта другараднае», — заявіў ён.

13:56 21.4.2016

Лукашэнка: Беларусь павінна адыгрываць значную ролю ў сусьветнай палітыцы

Падчас выступу Лукашэнка закрануў пытаньне павелічэньня ўплыву Беларусі на міжнародную палітыку:

«У цяперашніх умовах наша краіна можа і павінна адыгрываць больш актыўную і значную ролю ў сусьветнай палітыцы. І гэта ня мы рвемся да гэтага, ад нас ужо гэтага патрабуюць сусьветныя дзяржавы. А па некаторых пытаньнях нават просяць. Усе гэтыя сустрэчы на маім узроўні вы бачылі. Не пра ўсё мы пакуль можам сказаць, але вы разумееце, пра што тут ідзе гаворка. Сёньня Беларусь — гэта апора бясьпекі ў рэгіёне».

13:57 21.4.2016

Выступ Аляксандра Лукашэнкі скончыўся. Як паведамляе Эўрарадыё, выступ працягваўся 2 гадзіны 40 хвілін: 1 гадзіна 30 хвілін — зварот, 1 гадзіна 10 хвілін — адказы на 15 пытаньняў дэпутатаў.

XS
SM
MD
LG