Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над беларусам-добраахвотнікам «Правага сэктару». Дзень трэці

Жывы рэпартаж з трэцяга дня працэсу над Тарасам Аватаравым, добраахвотнікам «Правага сэктару», якога летась затрымалі на менскім чыгуначным вакзале з выбуховым прыстасаваньнем і сыгнальным пісталетам.

16:52 20.4.2016

Аватараў: Я ня ведаю слова «Белоруссия»

Пракурор спытаў, адкуль Аватараў знаёмы з канструкцыяй гранаты, ведае радыюс паражэньня ад аскепкаў гранаты. Аватараў адказаў, што ён не адмысловец, але «яму даводзілася набываць у Расеі пэўныя рэчы».

Аватараў удакладніў, што ад пачатку адмовіўся даваць паказаньні сьледчаму, бо раней напісаў яўку з павіннай міліцыянтам. Аватараў сказаў, што даваў некаторыя паказаньні пад уплывам пэўных прэпаратаў.

«Я ня мог казаць сьвядома ў паказаньнях слова „Белоруссия“, бо ня ведаю такой краіны», — казаў Аватараў пра пратаколы некаторых допытаў.

Аватараў паведаміў, што заўтра яму спаўняецца 29 гадоў.

У судзе абвешчаны перапынак да 10:30 21 красавіка.

16:38 20.4.2016

Аватараў пацьвердзіў сваю датычнасьць да «Правага сэктару»

Судзьдзя зачытала ранейшыя паказаньні Тараса Аватарава, паводле якіх ён узяў з сабой гранату для «самападрыву ў выпадку зрыву спэцапэрацыі».

Судзьдзя пераказвае аўдыё, якое гучала ў судзе (але не было чутно журналістам), — на запісе чуваць, як Аватараў сказаў, што гэтую гранату зрабіў ягоны сябар з «Правага сэктару».

Аватараў кажа, што гэтыя паказаньні зрабіў пад пагрозай жыцьцю і здароўю і пад уплывам прэпаратаў.

Пацьвердзіў, што даведка з «Правага сэктару», якую ў яго забралі, была ягонай. Аватараў назваў сябе «фактычна ваеннапалонным».

16:30 20.4.2016

Аватараў расказаў, як напалохаў міліцыянтаў сыгнальным пісталетам

Аватараў паведаміў, што калі прыехаў у Менск, пайшоў у інтэрнэт-кавярню і напісаў сябрам, што прыехаў у Менск і будзе тут дзень-два. Інакш бы адразу зьехаў у Наваполацк.

Езьдзіў на станцыю мэтро «Пушкінская», заходзіў у краму, дзе прымерыў бронекамізэльку. Вярнуўся на чыгуначны вакзал, зьезьдзіў у Жодзіна да знаёмай, але яе не сустрэў.

«Граната была ўвесь час са мной, у бясьпечным месцы — ва ўнутранай кішэні. Праходзіў у мэтро безь перашкод на станцыі „Плошча Леніна“. Граната ляжала пад лістом брані пад бронекамізэлькай і была незаўважная».

А 4:50 да яго падышлі міліцыянты на вакзале, спыталі дакумэнты, ён паказаў пашпарт адразу. І адразу потым пайшоў у дзяжурку міліцыі, «ішоў спакойна».

Міліцыянт Шуст спытаў яго, чаму ён носіць бронекамізэльку, Аватараў адказаў, што гэта не забаронена. «Хачу і нашу».

«Мне ўжо вярнулі пашпарт пасьля праверкі, калі я сам прапанаваў „нешта здаць“. Дастаў сыгнальны пісталет, капітан перапалохаўся і зьбег у прыбіральню. А я ўзяў асадку і пачаў пісаць заяву, што добраахвотна здаю зброю — гранату і сыгнальны пісталет», — апавёў Тарас Аватараў.

16:04 20.4.2016

Аватараў дае паказаньні, віну прызнае часткова

Пракурор нагадаў, што Тарас Аватараў абвінавачваецца ў незаконных дзеяньнях з выбуховым прыстасаваньнем, і перапытаў, ці ён па-ранейшаму прызнае сябе ў гэтым вінаватым. Аватараў удакладніў, што прызнаў віну па арт. 295 ч.2 часткова, але не прызнаў, што граната, якую ён вёз, была выбуховым прыстасаваньнем, бо «гэта была несапраўдная, імітуючая граната».

Таксама Аватараў не прызнае, што прывёз яе з Украіны.

«Гэта было ў Гомелі, я знайшоў яе разам са сваімі рэчамі, яна ляжала на маім бауле. Гэта было ў аўтамабілі, на якім я прыехаў у Гомель. Аўтамабіль належаў грамадзяніну Ўкраіны Проню. Паколькі ў аўтамабілі былі яшчэ людзі, я ня стаў высьвятляць у Проня, адкуль узялася граната. Адразу вырашыў, што гэта муляж».

Пракурор высьвятляе, ці зразумеў Аватараў, што граната была ў баявым стане, бо ён меў веды ў гэтай галіне, мяркуючы па ягоным кампутары.

«Не, я ўспрыняў гранату як муляж», — сказаў Аватараў.

15:47 20.4.2016

Аватараў заявіў, што даваў паказаньні пад узьдзеяньнем прэпаратаў

Суд паспрабаваў заслухаць аўдыёматэрыялы, далучаныя да справы. Вельмі кепскі гук, разабраць нешта складана, але чуваць, што на запісе прысутнічае голас Тараса Аватарава.

Паслухалі стужку, на якой запісаны допыт Аватарава пасьля затрыманьня. Аватараў пералічвае: «Тры расейцы, швэйцарац...» Яшчэ нешта кажа, але не разабраць. Голас сьледчага распытвае пра Кіеў у «першы раз». Адказ Аватарава не разабраць.

Пасьля таго, як праслухоўваньне скончылася, Аватараў зрабіў хадайніцтва, каб гэтыя паказаньні больш не агучваліся, бо «яны дадзеныя пад ціскам і пад узьдзеяньнем прэпаратаў». Суд сказаў, што будуць дасьледаваныя ўсе матэрыялы, якія сьледзтва сабрала ў якасьці доказаў.

14:36 20.4.2016

Участковы паведамляе, што ў злоўжываньні сьпіртным Аватараў ня быў заўважаны.

Характарыстыка з Полацкага ўнівэрсытэту, што быў адлічаны за непасьпяховасьць, быў адноўлены на платнае аддзяленьне, зноў быў адлічаны за акадэмічную непасьпяховасьць.

Пісьмовыя матэрыялы суд дасьледаваў цалкам, на просьбу адваката будзе праглядацца відэа.

14:27 20.4.2016

Вывучаюць даведкі

Пасьля абеду суд зноў вывучае матэрыялы справы. Узяліся за 5-ы том. Характарыстыка Аватарава. Дадзеныя аб правапарушэньнях.

У 2003 і ў 2009 гг. штрафавалі за адміністрацыйныя правапарушэньні. Станоўчая характарыстыка з навучальнай установы. Даведкі, што не знаходзіцца на ўліку ў спэцыялізаваных мэдычных установах, у тым ліку псыхіятрычнай і наркалягічнай.

13:08 20.4.2016

Іван Посьпіх пра гранату:

"Гэтая граната ўтылізаваная, пустая. Паводле маркіроўкі ў гэтай гранаты тэрмін прыдатнасьці -- 15 гадоў. А гэта граната 1979 году. Праз 15 год гранату забіраюць са складу, вымаюць састарэлую выбухоўку, што зь ёй і было зроблена. І па вазе гранаты бачна, што там не было выбухоўкі-гексагену».

13:02 20.4.2016

Паказаньні Івана Посьпіха, бацькі Тараса Аватарава:

"Мой сын ня здольны ані на подласьць, ані на здраду, ані на злачынства...

Сын вучыўся ў школе добра, захапляўся кампутарамі. Спрабаваў працаваць, але неяк не пайшло... 5 кастрычніка зьехаў, а 26 лістапада ім пазванілі.

Я сам сапёр паводле адукацыі. На маім рахунку шмат разьмініраваных выбуховых прыстасаваньняў. Магу адрозьніць сапраўдную гранату ад муляжу".

12:54 20.4.2016

Паказаньні Людмілы Посьпіх пра гранату і пра тое, чаму сын зьмяніў імя:

«Праз інтэрнэт я даведалася пра гранату, якую забралі ў сына. Муж сказаў, пабачыўшы здымак, што там няма разьбы і гэта не баявая граната.

Я назвала сына Тарасам, бо такога імя не было ў нікога ў ваенным гарадку. Калі ў школе сына пачалі абзываць і крыўдзіць, я сказала, што ён зможа зьмяніць імя. А калі дазволілі зьмену прозьвішча, я была зьдзіўленая.

Сын ніколі не казаў пра жаданьне ваяваць ва Ўкраіне, зброі ў доме ніколі не было. У мяне ёсьць далёкія сваякі ва Ўкраіне, але сын іх ніколі не наведваў. Яны езьдзілі да сваякоў у Малдову і толькі тады праяжджалі Ўкраіну».

12:48 20.4.2016

Паказаньні маці:

«5 кастрычніка Тарас зьехаў з дому, сказаўшы, што едзе уладкоўваць сваё жыцьцё, але не сказаў, куды едзе. Пазьней пазваніў супрацоўнік транспартнай міліцыі Менску і запытаўся пра Тараса, пра тое, ці стаіць ён на ўліку з прычыны псыхічнага захворваньня. Пасьля тэлефанавалі з КДБ і казалі, што сын нібыта тэрарыст, вар'ят, які ваяваў у Чачні. Але ж падчас чачэнскай вайны яму было толькі 7 гадоў... Сказалі, што і такое магчыма, бо бацька -- былы сапёр, ён усяму навучыў сына. Што з сынам здарылася, не патлумачылі, але загадалі нічога нікому не казаць».

12:31 20.4.2016

Паказаньні маці:

«Сын выхоўваўся ў працоўнай сям’і, мы давалі яму ўсе магчымасьці. Вучыўся выдатна, ад нараджэньня быў самы таленавіты. Ён трэці, малодшы сын. Шмат чым захапляўся, у тым ліку кампутарамі, інфарматыкай. Спортам займаўся — баскетболам. Гуляў у гарадзкім конкурсе „Што? Дзе? Калі?“, у шахматы. У войску не служыў з-за хранічнай алергіі, паступіў у Наваполацкі хімічны інстытут, давучыўся да 4 курсу, быў адлічаны. Спрабаваў працаваць, у тым ліку працаваў праграмістам, ва ўнівэрсытэце, у Маскве, працаваў па продажы кампутараў. Там у яго ўпаў гемаглябін, дрэнна сябе адчуваў, трэба было пераліваць кроў — вярнуўся дамоў і пасьля 2013 году жыў дома. Дапамагаў па дому, кантактаваў зь сябрамі праз кампутар».

12:19 20.4.2016

Дапытваюць маці падсуднага

Маці Аватарава Людміла Посьпіх жыве пад Наваполацкам, мае вышэйшую пэдагагічную адукацыю. Пагадзілася даваць паказаньні як сьведка.

12:18 20.4.2016

Сьведка-прадавец камуфляжу

Сьведка Сяргей, прадавец крамы «Камуфляж.бай», куды заходзіў Аватараў.

«Аватараў заходзіў, прымерыў камізэльку. «На ім была камізэлька, але не магу сказаць, ці была на ім браня. Нешта даставаў, пласьціну, абгорнутую ў поліэтылен, ён прымерыў яе да той камізэлькі, якую ў нас убачыў, але яна не падышла, і ён нічога не купіў».

12:16 20.4.2016

Дапытваюць журналіста Чудзянцова

Дапытваюць сьведку, журналіста і блогера Ўладзімера Чудзянцова. Той распавёў, што перапісваўся ў інтэрнэце з Аватаравым, які падпісваўся як Посьпіх, потым Тарас Аватараў, потым Дук-Дук. Асабіста яны пазнаёміліся ў верасьні 2015 году выпадкова на вуліцы, Аватараў яго пазнаў па фотцы і аклікнуў. У той момант Аватараў «заўважна кульгаў», ён сказаў, што ў яго ў назе аскепак. Потым рабілі апэрацыю. Пазьней Аватараў напісаў яму і спытаў, ці мог бы ён дапамагчы «нашым хлопцам ва Ўкраіне». Чудзянцоў паабяцаў дапамагчы і пры сустрэчы ў мэтро «Пушкінская» перадаў яму 100 даляраў. Праз 3 дні даслаў справаздачу, на што патраціў, што купіў нейкае абмундзіраваньне. Пра затрыманьне Аватарава даведаўся праз паведамленьне ў СМІ. Падчас размоваў пра набыцьцё зброі ён нічога не казаў.

«Гэта ня першы добраахвотнік з Украіны, якога я ведаю, і ён таксама быў адэкватны і нічога пра зброю не казаў», — сказаў сьведка. Аватараў пытаньняў Чудзянцову не задаваў.

12:14 20.4.2016

Сьмех у зале

Аватараў сказаў, што ў справе была экспэртыза выбуху ягоных чаравік, і ў тых дакумэнтах было пазначана, што экспэртыза праходзіла пад кіраўніцтвам экспэрта Ігнатовіча. Той расьсьмяяўся і сказаў, што ня ведае пра такую экспэртызу.

Судзьдзя: у якім томе справы такія дакумэнты?

Аватараў: я ня бачыў усю справу, але дакумэнты пра такую экспэртызу бачыў. Навошта давялося зьнішчаць мае чаравікі, мне цікава было б даведацца.

Адказу не было.

11:22 20.4.2016

Гранату ўзарвалі

Паводле экспэрта, граната, адабраная ў Аватарава, была пазьней узарваная на палігоне, ад яе засталася толькі скаба, якая была таксама зьнішчаная. Падрыў гранаты засьведчыла службовая камісія, склад якой экспэрт не назваў, спаслаўшыся на службовую таямніцу. Такая працэдура патрэбная, паводле экспэрта, каб адабраныя выбуховыя прыстасаваньні незаконным чынам не «вярталіся» ў абарот.

Тарас Аватараў высьветліў, якую адукацыю мае экспэрт. Аказалася, што ён атрымаў базавую адукацыю па арганічнай хіміі. На пытаньне, ці служыў ён у войску, экспэрт не адказаў. Аватараў задае спэцыяльныя пытаньні адносна экспэртызы гранаты, некаторыя адказы экспэрта выклікалі ў яго ўсьмешку і жаданьне патлумачыць, але судзьдзя гэта забараніла.

11:16 20.4.2016

Граната з 1979-га

Граната, паводле экспэрта, была выраблена на заводзе яшчэ ў 1979 годзе, але экспэрт зазначыў, што яна была прыдатная для выбуху.

11:16 20.4.2016

Дапытваюць экспэрта па зброі

У судзе дапытваюць экспэрта па зброі Сяргея Ігнатовіча. Экспэрт засьведчыў, што выбуховае прыстасаваньне, якое было знойдзенае ў Аватарава, самастойна сабранае з асколачнай гранаты для падствольнага стрэлу і запалу. Экспэрт зазначыў, што гэты выраб — не экстраардынарная зьява. Такія зьявіліся пасьля баявых дзеяньняў на Каўказе, калі зьявіўся доступ да зброі. Раскід ашчэпкаў ад такой гранаты — да 200 мэтраў. Яе можна прывесьці ў дзеяньне даволі хутка, залежыць ад здольнасьцяў чалавека, але не імгненна «як паказваюць у фільмах», зазначыў экспэрт.

XS
SM
MD
LG