Намесьнік кіраўніка «пярвічкі» СПБ Мікола Шарах атрымаў паведамленьне, што зь ім ня будзе працягнуты працоўны кантракт.
На знак падтрымкі рабочага лідэра аднадумцы пішуць у адміністрацыю «Шкловалакна» лісты пратэсту, а мясцовыя актывісты СПБ падалі заяўку на пікет.
«Калі зь Міколам не працягнуць кантракт, то 29 красавіка ў яго апошні працоўны дзень. Таму 28 красавіка мы вырашылі арганізаваць пікет у цэнтры гораду. Наша мэта — дамагчыся, каб Мікола Шарах ня стаў беспрацоўным, бо ў кіраўніцтва прадпрыемства няма законных падставаў для яго звальненьня. Памкненьне адміністрацыі ААТ „Полацак- Шкловалакно“ пазбавіцца ад прафсаюзнага актывіста можна патлумачыць толькі адным: дыскрымінацыяй па прыкмеце сяброўства ў незалежным прафсаюзе і нежаданьнем мець на прадпрыемстве чалавека, які стварае „праблемы“ для кіраўнікоў — дапамагае рабочым адстойваць свае працоўныя правы», — апавёў арганізатар пікету Віктар Стукаў, кіраўнік «пярвічкі» СПБ на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно».
Абвестку пра непрацягненьне кантракту Мікола Шарах атрымаў напрыканцы сакавіка. Ён працуе памочнікам майстра ў цэху вытворчасьці шкловалакна, мае больш за 30 год стажу і найбольшы досьвед працы ў сваім цэху, а таксама дзьве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную.
Апошні раз кантракт зь ім быў заключаны на 5 гадоў. Празь месяц спадару Шараху споўніцца 58 год. Паводле калектыўнай дамовы з прадпрыемства нельга звольніць работніка, якому засталося менш як тры гады да пэнсіі.
Аднак адміністрацыя пайшла на хітрасьць, працягвае Віктар Стукаў:
«У калектыўнай дамове было сказана, што работніка перадпэнсійнага ўзросту нельга звольніць, калі ён ня меў працоўных спагнаньняў цягам апошняга году. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў зь Міколам, у калектыўную дамову ўнесьлі зьмены — запісалі, што спагнаньняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга працоўнага кантракту. У выпадку Міколы — гэта 5 гадоў, і за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак —спазьненьне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэньне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе, і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола езьдзіў на сэмінар у замежжа.
Дарэчы, яго самога ў якасьці прадстаўніка СПБ не пусьцілі на пасяджэньне камісіі па працоўных перамовах, якая прыняла гэтыя зьмены».
На думку Віктара Стукава, зьмены, унесеныя ў калектыўную дамову, незаконныя, бо заведама пагаршаюць становішча працаўніка. Гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу.
Мэты пікету ў падтрымку Міколы Шараха — апавясьціць жыхароў Полацку пра парушэньні заканадаўства на прадпрыемстве і сабраць подпісы пад калектыўнай скаргай у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Удзельнікі пікету будуць патрабаваць, каб апошнія зьмены ў калектыўнай дамове былі скасаваныя і каб кантракт з актывістам СПБ быў працягнуты на законных падставах.
Апрача гэтага, актывісты СПБ распачалі кампанію лістоў пратэсту да адміністрацыі прадпрыемства з патрабаваньнем працягнуць кантракт зь Міколам Шарахам.
Гісторыя зь непрацягненьнем кантрактаў на ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўжо ня першая. Некалькі год таму, таксама з парушэньнямі, быў звольнены кіраўнік «пярвічкі» СПБ Віктар Стукаў. Цяпер ён «вызвалены старшыня»: кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве працягвае, але аднавіцца на працы нават праз суд спадару Стукаву не ўдалося. Цяпер адміністрацыя хоча пазбавіцца і ад ягонага намесьніка Мікалая Шараха.