Эўразьвяз зноў заклікаў Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яго поўнай адмены.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў ад 12 красавіка.
Заява зроблена пасьля таго як Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуд Генадзю Якавіцкаму, якога Менскі абласны суд прыгаварыў да сьмяротнай кары.
«Эўразьвяз асуджае прымяненьне сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках. Яно ня можа выступаць у якасьці стрымліваючага фактару і зьяўляецца жорсткім пакараньнем, што ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці і недатыкальнасьці, — гаворыцца ў заяве. — ЭЗ заклікае Беларусь, адзіную краіну ў Эўропе, якая дагэтуль прымяняе сьмяротнае пакараньне, паважаць права на жыцьцё для кожнага са сваіх грамадзян і далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яго поўнай адмены».8 красавіка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле сьмяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму.
Раней Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку зьмякчыць сьмяротнае пакараньне Генадзю Якавіцкаму, вынесенае на пачатку студзеня.
29 сакавіка Вярхоўны суд таксама пакінуў у сіле сьмяротны прысуд жыхару Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці Івану Куляшову.