Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Баўгарыі Даніэль Мітаў у Менску гаварыў пра гэта ад імя Рады Эўропы, бо ягоная краіна цяпер старшынюе ў Камітэце міністраў замежных спраў Рады Эўропы.
На думку Даніэля Мітава, рашэньне аб адмене бальшыні абмежаваньняў (менавіта так у Брусэлі афіцыйна называюць санкцыі) надало імпульс гэтаму працэсу.
«Але Беларусь павінна выконваць свае абавязкі ў галіне правоў і свабодаў чалавека», — падкрэсьліў на сустрэчы з журналістамі спадар Мітаў.
Уладзімер Макей сказаў, што ягоныя перамовы з баўгарскім калегам былі надзвычай шчырымі:
«Мы абмяркоўвалі самыя балючыя пытаньні: гэта і сьмяротнае пакараньне, і правы чалавека, і гэтак далей. У нас ёсьць пазытыўная дынаміка, і наша задача — захаваць яе і надалей. У мінулым годзе каля 200 беларускіх экспэртаў, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, наведалі Раду Эўропы. І гэта дало вялікую карысьць».
Макей назваў візыт «вельмі своечасовым і важным». Ён падкрэсьліў, што ў мінулым годзе прадстаўнікі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ўпершыню з 2001 году былі запрошаныя на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. І афіцыйны Менск мае намер гэтую традыцыю працягваць.
Таксама кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі паабяцаў садзейнічаць правядзеньню большай колькасьці мерапрыемстваў у інфармацыйным пункце Рады Эўропы ў Менску.
Акрамя дачыненьняў па лініі Менск — Брусэль і Менск — Сафія, два міністры абмеркавалі і ўкраінскую тэму. Даніэль Мітаў адзначыў узважаную пазыцыю Беларусі і яе намер дапамагчы спыніць канфлікт. Уладзімер Макей казаў, што няма рэцэпту, які б змог яго пагасіць:
«Але мы думаем, што сытуацыю можна выправіць. Гэта можна зрабіць толькі адным чынам — калі ўсе ўдзельнікі Менскіх пагадненьняў будуць іх дакладна выконваць».
Баўгарскі міністар адмыслова падкрэсьліў, што амбасада Баўгарыі ў Менску будзе своечасова, якасна і без праблемаў афармляць дакумэнты для турыстаў, якія хочуць сёлета адпачыць на беразе Чорнага мора ў Баўгарыі. «Ніякіх праблемаў зь бясьпекай у іх ня будзе», — сказаў міністар.