Гэты артыкул я прысьвячаю тэме, надзённай для ўсякага, хто працуе ці вучыцца — «ссабойкам».
Добра памятаю, як у маю бытнасьць студэнткай журфака БДУ было мала магчымасьцяў нармальна пад’есьці — у сталоўцы прадавалі нешта страшнае і былі гіганцкія чэргі, дый часу (перамены доўжыліся 5-15 хвілін) не было таксама. Ну і потым, у нас неяк не прынята было (ва ўсякім разе, тады, у мае студэнцкія гады) нешта браць з дому і гэта есьці пры ўсіх. Мы хадзілі галодныя ці, у лепшым выпадку, елі шакалядныя батончыкі ці коржыкі з кіёску.
Калі я прыехала ў Нідэрлянды і паступіла там ва ўнівэрсытэт, то мяне першы час вельмі зьдзіўлялі студэнты, якія разгортвалі свае ланч-боксы і перакусвалі падрыхтаванымі дома бутэрбродамі ці нечым іншым (гэта магло здарыцца і прама пасярод лекцыі, і выкладчык ніякіх заўваг не рабіў). Цяпер, ужо будучы дарослым чалавекам (і дыетолягам) я, вядома, разумею важнасьць рэгулярнага харчаваньня і плянаваньня ўласных трапэз па-за домам.
Часта мае пацыенты зьвяртаюцца да мяне з пытаньнем: што можна браць з сабой на працу ці вучобу? Пытаньне гэта актуальна для кожнага чалавека, якому ня ўсё роўна, чым будзе запоўнены яго страўнік. Прапаную вам некалькі практычных ідэй.
1. Кускус
Кускус робяць з пшаніцы, з той самай, што і хлеб. Кускус засвойваецца лепш за хлеб, бо хлеб, акрамя пшаніцы, утрымлівае масу іншых інгрэдыентаў (часта нам зусім не патрэбных). Часьцей за ўсё кускус вырабляецца з дробнай маннай крупы (так, манку робяць з пшаніцы!). Манка апырскваецца вадой, потым з атрыманай масы фармуюцца макулінкі, якія потым абсыпаюцца сухой манкой або мукой, пасьля чаго прасейваюцца. Занадта маленькія макулінкі, якія праходзяць праз сіта, зноў абсыпаюцца манкой і г.д. Кускус можа быць як вельмі дробным, так і досыць буйным, велічынёй з гарошыну. Гэтая крупа зьяўляецца асновай для аднайменнай стравы. Кускус зручны тым, што ён (часьцей за ўсё) не патрабуе варэньня. Дастаткова заліць яго кіпячай вадой, пасаліць, накрыць і пачакаць літаральна 5 хвілін, пакуль ён не ўбярэ ўсю вадкасьць. Кускус спалучаецца практычна з усім: мясам, рыбай, гароднінай, арэхамі, сухафруктамі... Ён смачны як у цёплым, так і ў халодным выглядзе.
2. Злакавыя салаты
Салата — гэта не абавязкова сырая гародніна з расьлінным алеем. Такой салатай, вядома, ненадоўга падмацуесься. Салату можна зрабіць на аснове круп. Выдатныя пажыўныя салаты атрымліваюцца з рассыпістай крупы: булгура, проса, кіноа. Дадайце да крупы невялікую колькасьць сьвежай або прыгатаванай гародніны і нейкі бялковы кампанэнт: некалькі кавалачкаў рыбы або курыцы, тофу, арэхі, сачавіцу. Такую салату можна есьці як у цёплым, так і ў халодным выглядзе.
3. Салаты на аснове авакада
Авакада — прадукт унікальны. Ён ўтрымлівае практычна поўны набор вітамінаў і мінэралаў, а таксама карысныя тлушчы і харчовыя валокны. Больш падрабязна аб пажыўнай каштоўнасьці авакада чытайце тут. Адно авакада, у сярэднім, утрымлівае 320 калёрый. Дадайце да авакада зеляніну на ваш густ, запраўце цытрынавым сокам (каб авакада не пацямнела заўчасна) і алеем, пасыпце гарбузовымі і /або сланечнікавым семкамі — і здаровая салата гатовая. У такую салату можна яшчэ дадаць і зваранае ўкрутую яйка ці некалькі кавалачкаў курынага філе.
4. Фасоля
Я — прыхільнік таго, каб абсалютна ўсю ежу гатаваць з нуля. І фасоля, папярэдне замочаная на ноч, а потым адвараная на працягу гадзіны або дзьвюх, мне здаецца значна смачнейшаю за баначную. Але часам практычныя меркаваньні дыктуюць свае ўмовы. Фасоля ў банках з крамы ў гэтым сэнсе — вельмі практычны прадукт. Фасоля — выдатны пастаўшчык бялку і клятчаткі. Яна добра насычае. Яе смачна есьці зь любымі спэцыямі і дапаўненьнямі. Дадайце да фасолі гародніну, зеляніну і што-небудзь пікантнае (вяленыя таматы ці аліўкі) — і абед гатовы.
5. Ролы
З лавашу або падобных хлебных вырабаў можна скруціць ролы. У іх можна закруціць практычна любыя прадукты на ваш смак. Напрыклад, гумус з гароднінай. Ці тварог зь зелянінай. Або сметанковы сыр з салёным ласосем. Або арэхавую пасту і авакада. Варыянтаў — шмат. Усё абмяжоўваецца толькі вашым уяўленьнем.
6. Злакавыя хлябцы
Калі часу няма зусім, рысавыя або грачаныя хлябцы (або вафлі) — выдатнае выйсьце са становішча. Яны прадаюцца ў разьдзеле «здаровае харчаваньне» і каштуюць гуманна. Іх можна есьці з абястлушчаным тварагом, разьмятым відэльцам авакада, гумусам, арэхавай пастай. Магчыма, яны не насыцяць вас так, як «паўнавартасны» абед, але яны адназначна натоляць голад. Хлябцы гэтыя, да таго ж, нізкакалярыйныя (20-25 калёрый у адным). Так што яны падыдуць і ў такія моманты, калі хочацца чым-небудзь «пахрумсьцець», але пры гэтым ня хочацца нашкодзіць постаці.
7. Рэшткі вячэры
Вялікай розьніцы ў часе падрыхтоўкі адной, двух, трох ці больш порцый няма. Калі вы ўсё роўна занятыя гатоўкай, дык чаму б не прыгатаваць больш ежы, чым плянуецца зьесьці вечарам? Рэшткі вазьміце на працу/вучобу ў якасьці абеду. А што вы бераце з сабой на працу? Падзяліцеся вашымі ідэямі, пакінуўшы камэнтар пад артыкулам.