Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вернуцца дахаты «каліноўцы»?


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Максімюк: Нядаўна адзначыла 10-годзьдзе стыпэндыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, фінансаваная польскім урадам. Нагадаю, што пасьля масавых пратэстаў і намётавага мястэчка польскі ўрад даў магчымасьць сотням маладых беларусаў атрымаць адукацыю ў сваёй краіне. Адбылося 10 набораў студэнтаў. Праграма выклікала і выклікае, мякка кажучы, супярэчлівыя рэакцыі і меркаваньні ў Беларусі — адны называюць яе пасьпяховым дэмакратычным праектам, на думку іншых гэтая праграма шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі — за час яе існаваньня больш за 900 чалавек зьехала на Захад, большасьць зь іх не вярнулася і, мабыць, і ня думае вяртацца ў Беларусь.

Спрэчкі вакол стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага нядаўна разгарэліся нанава. На сайце Радыё Свабода зьявіўся матэрыял — «10 пасьпяховых „каліноўцаў“ за 10 гадоў Праграмы імя Каліноўскага» — у якім наш аўтар прадставіў постаці 10 ўдзельнікаў праграмы, 8 зь якіх, пасьля заканчэньня навучаньня ў Польшчы, засталіся ў Польшчы, знайшоўшы там сабе працу і занятак. Гэты факт, спасылаючыся на наш матэрыял, раскрытыкаваў шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. Маўляў, заданьнем праграмы было падрыхтаваць новую беларускую эліту, а насамрэч атрымалася, што палякі падрыхтавалі сабе, так бы мовіць, сьвежыя рабочыя рукі і мазгі.

На нашым сайце зьявіўся новы матэрыял, у якім удзельнікі праграмы Каліноўскага адказалі на крытыку Андрэя Дынько.

Калегі, я не прапаную вам аналізаваць аргумэнты удзельнікаў гэтай спрэчкі і разьбірацца, хто зь іх мае рацыю, а хто не, а проста самому пастарацца знайсьці адказ на пытаньне: якая карысьць для Беларусі ёсьць або можа быць ад стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага? Магчыма, нейкай адчувальнай карысьці для краіны няма?

Сам я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тры аспэкты праблемаў, зьвязаных з гэтай, так бы мовіць, адукацыйнай эміграцыяй.

Чалавек мае права сам выбіраць тое, дзе ён правядзе сваё жыцьцё.

Па-першае, нельга рабіць удзельнікам праграмы Каліноўскага закідаў маральнага характару: маўляў, ім далі магчымасьць працягваць навучаньне ці пачаць навучаньне ў Польшчы пад строгай умовай, што пасьля яго заканчэньня яны мусяць вярнуцца ў Беларусь. Нічога яны не мусяць, чалавек мае права сам выбіраць тое, дзе ён правядзе сваё жыцьцё, і ніхто яму не мае права рабіць ніякіх маральных закідаў.

Па-другое, большую частку віны за тое, што удзельнікі праграмы Каліноўскага не вяртаюцца ў Беларусь, нясе ўсё ж беларускі ўрад, які не стварае параўнальных да Польшчы ўмоваў працаўладкаваньня ў Беларусі.

Па-трэцяе, трэба сабе ўсьведамляць, што «ўцечка рук і мазгоў» — гэта зьява сусьветная, і яна адбываецца наогул толькі ў адным кірунку: зь бяднейшай краіны ў багацейшую. Разьлічваць на тое, што большасьць «каліноўцаў» вернецца ў Беларусь, нельга было з самага пачатку праграмы. Адно што ніхто тады пра гэта адкрыта не хацеў гаварыць.

Каліноўскі: Гэтая дыскусія для мяне вельмі датклівая. Стыпэндыяльная праграма польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага закранула маю сям’ю, за што што я вельмі ўдзячны польскім уладам.

Майго сына пасьля ўдзелу у апазыцыйнай акцыі на Плошчы Незалежнасьці ў Менску арыштавалі на 10 сутак нібыта за тое, што ён лаяўся на тэрыторыі міліцэйскага пастарунку. Гэта быў фальшывы вырак. Але пасьля турмы сына не дапусьцілі на сэсіі і адлічылі з Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Сын не хацеў зьяжджаць на вучобу на мяжу, ён год пасьля нават страціў, але ўсё ж праз год паддаўся на мае ўгаворы і паехаў ва Ўроцлаў, дзе ва ўнівэрсытэце абараніў ліцэнцыят, атрымаў ступень бакаляўра гісторыі, пазьней закончыў магістратуру ў Беластоку і цяпер вучыцца ў дактарантуры.

Калі беларусы сябе рэалізуюць, калі яны будуць карысныя сабе і сваёй сям’і, то яны будуць карыснымі і Беларусі, незалежна ад таго, дзе яны будуць знаходзіцца.

Мы дагэтуль ня ведаем, дзе ён будзе жыць, рашэньне залежыць ад яго, а ён яшчэ не прыняў яго. І яно залежыць безумоўна не ад таго, дзе яму лепей, бо лепей дома, з бацькамі і сябрамі, а ад таго, дзе ён зможа сябе рэалізаваць. Дзе зможа рэалізаваць сябе ягоная сяброўка. А калі ўжо беларусы сябе рэалізуюць, калі яны будуць карысныя сабе і сваёй сям’і, то яны будуць карыснымі і Беларусі, незалежна ад таго, дзе яны будуць знаходзіцца.

Андрэй Дынько мае права ставіць пытаньне пра чужых дзяцей, чаму яны ня ўсе вярнуліся ў Беларусь пасьля праграмы Каліноўскага. Але давайце дачакаемся, калі падрастуць ягоныя дзеці і пабачым, ці яны застануцца ці паедуць куды за мяжу.

Калі выгнаныя студэнты ехалі на вучобу ў Польшчу, ніхто ня ставіў пытаньне, што яны нечым абавязаныя, што яны маюць вярнуцца і стаць элітай, эліта не гадуецца ў прабірцы, яна сасьпявае ў канкурэнцыі. Нашым дзецям была дадзеная гуманітарная магчымасьць у прынцыпе атрымаць вышэйшую адукацыю, чаго яны былі пазбаўленыя з-за палітычных рэпрэсіяў. Ня ведаю, вядома ж, пра ўсіх каліноўцаў. Гэта цяжкі лёс — паехаць вучыцца за мяжу, у чужую краіну. Мой сын вельмі перажываў, гэта было для яго складана. Хоць ён любіў Польшчу з дзяцінства, але ўсё роўна гэта далося яму нялёгка, як і ўсім.

Што да майго сына, то ён жыве ўвесь гэты час і ў Польшчы, і ў Беларусі, на два дамы. Сьвет глябальны, ён дазваляе гэта маладым людзям. Я хачу каб майму сыну было добра ў Беларусі, але ці гэта атрымаецца, ці зможа ён тут сябе рэалізаваць?

І калі дзеці Андрэя Дынька паедуць вучыцца за мяжу і застануцца там, то я буду толькі рады за яго і за іх. Гэта будзе карысна і для іх, і для Беларусі.

Максімюк: Ці можна ставіць закіды маральнага характару да тых, хто не вяртаецца пасьля заканчэньня вучобы ў Польшчы?

Дубавец: Не. Найперш гаворка была пра выратаваньне людзей, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазыцыю, страцілі навучаньне ў Беларусі. А не пра падрыхтоўку кадраў, эліты для Беларусі. Людзі змаглі працягнуць вучобу і іх лёс ня быў паламаны.

Калі ўявіць сабе, што ўвесь гэты мільён вернецца ў Беларусь, можна дапусьціць, што здарыцца цуд.

На фоне той у 100 разоў большай працоўнай ці палітычнай эміграцыі зь Беларусі за часы Лукашэнкі гэтыя 900 чалавек складаюць добра калі адзін адсотак. А мы ведаем, што ў эміграцыю едуць найбольш актыўныя грамадзяне. І калі ўявіць сабе, што ўвесь гэты мільён вернецца ў Беларусь, можна дапусьціць, што здарыцца цуд — зьменіцца само паветра, грамадзкі клімат у краіне, а сьледам зьменіцца і грамадзка-палітычная сытуацыя.

Але гэтага не адбудзецца. І не таму, што цудаў не бывае. А таму, што і за мяжой беларускія дыяспары не дэманструюць асаблівай актыўнасьці ў параўнаньні зь іншымі, нават з украінскай, а значыць і нейкага ўплыву на жыцьцё тут. Ды нават жаданьня ўплываць на сытуацыю ў Беларусі, куды яны маглі б і хацелі вярнуцца, такога асаблівага жаданьня няма. Я нават больш скажу — ёсьць цалкам адваротная інтэнцыя. Напрыклад, мне, які жыве ў Менску, нярэдка прыходзіць думка ўцячы ад ідыятызму мясцовага чынавенства куды-небудзь у Катавіцы, адкрыць там кальянную і жыць паўнавартасным жыцьцём, а не змагацца на кожным кроку з бясконцымі антычалавечымі забаронамі. Таму не можа быць ніякіх закідаў да чальцоў праграмы Каліноўскага. Можа быць хіба што адзін закід — калі нехта ня зьдзейсьніўся, тут ці ў Польшчы. Вось калі чалавеку дапамаглі, а ён, скажам, лёг на дно, сьпіўся ці што такое. Але і ў гэтым выпадку не судзіце, ды судзімы ня будзеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG