Сёньня сям’я лідэра АГП атрымала апавяшчэньне пра тое, што гараж, які знаходзіцца на вуліцы Ціміразева і належыць Сьвятлане Лябедзьцы, арыштаваны.
Прычына — нявыплата Анатолем Лябедзькам штрафаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і супраць міліцэйскага гвалту ў Менску.
Сёньня Анатоль Лябедзька атрымаў чарговую позву ў суд — гэта будзе шостае разьбіральніцтва толькі цягам гэтага году.
За апошнія некалькі дзён Лябедзька ўжо застаўся без мабільнай сувязі і аўто. Судовыя выканаўцы наклалі арышт на яго аўтамабіль і на грашовыя сродкі на балянсе мабільнага нумара.
Акрамя таго, у суд накіраванае прадстаўленьне аб часовым абмежаваньні Анатоля Лябедзькі ў праве кіраваньня транспартным сродкам. Арышт наклалі і на аўтамабіль ягонай жонкі.
«Я думаю, што ідзе спэцапэрацыя, якая прадугледжвае псыхалягічны ціск на мяне і маю сям’ю. Вырашаецца пытаньне пра свабоду на вуліцах. Улады выкарыстоўваюць усе магчымасьці для ціску на тых, хто не баіцца выходзіць і гаварыць зь людзьмі», — сказаў Анатоль Лябедзька Свабодзе.