«Мы можам пэўна сьцьвярджаць, што Аляксея Доўбаша на момант зьдзяйсьненьня тэрактаў не было ў Бэльгіі», — заявіў начальнік прэс-службы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Дзьмітрый Пабяржын ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» у аўторак увечары.
Паводле яго, КДБ «дакладна вядома, што на момант тэрактаў Аляксей знаходзіўся ў Гомелі, прычым аб сваім выезьдзе ў Беларусь ён загадзя паінфармаваў бэльгійскую паліцыю».
«Даведаўшыся з інтэрнэту аб інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў дачыненьні да іх з братам, ён папрасіў брата Івана даць тлумачэньні ў антытэрарыстычных падразьдзяленьнях Бэльгіі, што і было зроблена», — распавёў прадстаўнік КДБ.
Адказваючы на пытаньне пра тое, дзе знаходзіліся Іван Доўбаш і Марат Юнусаў, Пабяржын парэкамэндаваў адрасаваць гэтае пытаньне бэльгійскай баку.
«Грамадзяне знаходзяцца ў поле зроку КДБ Беларусі з 2014 году. З 2015 года іх праверка вялася сумесна з ФСБ Расеі. Устаноўлена, што двое зь іх зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, адзін — выхадзец з Расеі. Разам з тым, дадзеных, якія пацьвярджаюць іх ўзаемасувязь, на сёньняшні дзень у КДБ няма», - паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі.
Паводле інфармацыі КДБ, браты Доўбашы (Аляксей і Іван) разам з маці ў 2000 годзе выехалі на тэрыторыю Бэльгіі, дзе і выхоўваліся. У 2006 годзе Аляксей скончыў школу і паступіў у сэкцыю бокса, дзе і пазнаёміўся з прыхільнікамі ісламу. Пасьля пад іх уплывам ён прыняў іслам і на першапачатковым этапе пастаянна наведваў мячэць.
«Па наяўнай інфармацыі, у апошні час мячэць ён не наведваў, а моліўся дома. Таксама мы маем інфармацыю аб тым, што ў 2013 годзе ён пазнаёміўся з выхадцам з Сэрбіі, які пасьля выехаў на вайну ў Сырыю. У 2014 годзе прыблізна каля 1,5 месяцаў ён знаходзіўся з мэтай пошуку працы на тэрыторыі Турэччыны. За парушэньні турэцкага заканадаўства быў высланы ў Бэльгію», — цытуе Дзьмітрыя Пабяржына БЕЛТА.
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці бывалі браты Доўбашы ў Беларусі і калі ў апошні раз, ён адказаў: «КДБ мае дадзеныя аб тым, што браты пэрыядычна наведвалі Рэспубліку Беларусь».
Адносна трэцяга фігуранта, пра якога паведамляюць СМІ — Марата Юнусава — начальнік прэс-службы КДБ Беларусі адзначыў, што ён зьяўляецца выхадцам з Расеі, а з 1990 году пражываў на тэрыторыі Беларусі ў Гарадзенскай вобласьці. «У 1999 годзе выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Бэльгію. У 2008 годзе ён прыняў бэльгійскае падданства, і з гэтага часу мы маем дадзеныя пра пяць наведваньняў яго тэрыторыі Беларусі. Апошні раз Марат Юнусаў наведваў Беларусь у 2011 годзе», — паведаміў Пабяржын.
У сьнежні 2015 году, як адзначыў Дзьмітрый Пабяржын, інфармацыя пра братоў Доўбашаў і Марата Юнусава была перададзеная калегам з ФСБ Расеі з прапановай аб перадачы яе праваахоўным органам Бэльгіі, зь якімі КДБ кантактаў не падтрымлівае. «Ці была дастаўленая інфармацыя ў дачыненьні да згаданых асобаў, нам не вядома», — сказаў начальнік прэс-службы КДБ Беларусі.