Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як начальнік «Валадаркі» дамагаўся зрабіць вязьняў сытымі, або Ў каго няма прэтэнзіяў да турмы...


Вязьніца або пазбаўленьне волі — ці самая гэта эфэктыўная мера пакараньня за зьдзейсьненае злачынства? Што ўяўляе сабой беларуская турма з часу абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі па сёньняшні дзень? У каго ёсьць, а ў каго няма прэтэнзіяў да турмы? Які замежны досьвед мог бы быць карысны для беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы?

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

«За пяць гадоў адказу на пытаньне так і не знайшоў»

Былы палітвязень, анархіст паводле перакананьняў Ігар Аліневіч, кажа, што ці ня кожны дзень цягам сваёй пяцігадовай адседкі спрабаваў знайсьці адказ на пытаньне: а якой павінна быць турма, каб дасягаць сваёй мэты — абараняць грамадзтва ад злачынстваў, і каб чалавек у ёй выпраўляўся і больш не станавіўся на злачынны шлях? Але, зьведаўшы чатыры турэмныя ўстановы — «амэрыканку», «Валадарку», папраўчыя калёніі ў Наваполацку ды Віцебску — адказу не знайшоў і шукае яго і дагэтуль.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

«Я чытаў клясыку пра турмы мінуўшчыны, размаўляў з хлопцамі, якія сядзелі ў турмах Заходняй Эўропы. За кратамі мы нават ладзілі калектыўнае абмеркаваньне: што б нам патрэбна было ў калёніях, каб мы адчулі сябе людзьмі і, выйшаўшы на свабоду, ніхто больш на станавіўся на злачынны шлях. І за пяць год я прыйшоў да высновы, што турма сама па сабе — гэта шкодны інстытут для грамадзтва. Якая б яна ні была: жорсткая, мяккая, свабодная, зусім несвабодная, — у яе ёсьць два фундамэнтальныя недахопы. Па-першае, у турме сканцэнтраваныя людзі, няхай ня ўсе яны вінаватыя і злачынцы, але — значны працэнт. Як можна чалавека накіраваць на іншую жыцьцёвую сьцяжыну, калі яго зьмясьцілі ў адзін калектыў зь людзьмі, якія выразна вырашылі, што будуць у жыцьці займацца крыміналам? Вядома, прафэсійна арганізаванага крыміналу за кратамі заўсёды меншасьць, аднак менавіта вобраз гэтых людзей зьяўляецца асабліва прыцягальным для моладзі. Гэткі пасьпяховы, незалежны чалавек, які нават супрацьстаіць сыстэме. Натуральна, што пры сёньняшнім жыцьці нават той, хто дагэтуль ня быў сапраўдным злачынцам, мае вялікую верагоднасьць ім стаць. Пра нейкае выпраўленьне няма і мовы.

Другі момант: для таго, каб чалавек стаў іншым, яму патрэбна прыняць валявое рашэньне. Несвабодны чалавек зрабіць усьвядомлены валявы выбар ня зможа».

Наўпроставы лінк

«Спытайце ў бандыта ці ў жуліка...»

Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў да ўцёкаў у Нямеччыну, з 1996 па 2001 год, быў начальнікам менскай турмы на Валадарскага. Раней кіраваў калёніяй строгага рэжыму ў Навасадах. Мае вялікі стаж службы турэмнікам у пэнітэнцыярных установах Расеі і Казахстану. Кажа, што размовы наконт гуманізацыі турмаў, якія цяпер модна весьці на постсавецкай прасторы, крыху заўчасныя.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў: «Я не разумею гэтага. Ну давайце іх выпусьцім усіх. Уяўляеце — выпусьціць цяпер на волю ў Беларусі трыццаць тысяч крымінальнікаў? Была берыеўская амністыя ў 1953 годзе. Цераз год іх усіх пасадзілі назад. Вы разумееце, там не адны палітычныя, там сядзяць бандыты сур’ёзныя. Яны павінны адчуваць над сабой сілу і ўладу. Рэальна адчуваць. Гэта патрэбна, бо спраўджана векавым вопытам. Калі там „расслабуху“ даць, што атрымаецца?

Сёньня за кратамі няма непасільных нагрузак. Канечне, ёсьць у Расеі „Белы лебедзь“, і ў Беларусі ёсьць для пажыцьцёвага, там іх загнутымі водзяць паўсюль і гэтак далей. І там адступленьні ад такіх нормаў могуць вельмі дорага абысьціся. І было такое. Гэта рэжымныя патрабаваньні. Ну ня хочаш ты іх выконваць — не сядай у турму! Не зьдзяйсьняй злачынства.

Пытаньне ўпіраецца ў судовую сыстэму, каб суд быў справядлівы. Калі трапіў, то цярпі. А суды ў нас, яны далёкія ад дасканаласьці. Гэта галоўнае.

Разумееце: прэтэнзіі да турмы ёсьць у палітычных, а ў бандытаў іх няма. Калі ў іх ёсьць сала, каўбаса, пакурыць. Выпіць няма, але стараюцца нейкую брагу „замуціць“. Спытайце ў бандыта ці ў жуліка: у іх няма прэтэнзіяў».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:22 0:00
Наўпроставы лінк

Наш сталы аўтар і карэспандэнт Зьміцер Вольны сядзеў за кратамі ва ўстановах, дзе начальнікам быў палкоўнік Алкаеў. Агульны крымінальны стаж Зьмітра — 20 гадоў. Абсалютная большасьць крымінальнікаў у такім выпадку становяцца так званымі «вечнымі зэкамі». Зьміцер — выключэньне. Ён даўно жыве за мяжой, сацыялізаваўся, працуе, вучыцца, мае кола дарагіх і блізкіх яму людзей. Лічыць, што чалавек можа завязаць зь мінулым толькі пры ўсьведамленьні каштоўнасьцяў свабоды.

Наша грамадзтва далёкае ад таго, каб закрыць усе турмы і прадставіць альтэрнатыўныя віды пакараньня. Падонкаў усякіх хапае, куды ж іх падзець?

Тым ня менш, паводле Зьмітра, «замены турме няма, прынамсі, пакуль. Ва ўсякім выпадку, наша грамадзтва далёкае ад таго, каб закрыць усе турмы і прадставіць альтэрнатыўныя віды пакараньня. Падонкаў усякіх хапае, куды ж іх падзець?

Што да Алкаева, то многага ўжо ня памятаю. Хоць і сядзеў пры ім на пачатку 1990-х у калёніі ў Навасадах, а потым на „Валадарцы“. Здаецца, быў ён ня самым дрэнным начальнікам. Турма жыла сваім жыцьцём, і на тым дзякуй.

Здаецца, гэта ён увёў 30 кілё прадуктаў для падсьледных і такім чынам спыніў галодныя бунты зэкаў. Але, думаю, не бяз згоды зьверху. „Валадарка“ была для яго павышэньнем пасьля Навасадаў... Трэба разумець, што начальнікамі ў пэнітэнцыярнай сыстэме проста так не становяцца. Проста абставіны так склаліся для яго, што ён вымушаны быў уцячы».

Алкаеў і яго бонус у 30 кілё

Алкаеў: «Два плюсы, якія атрымалі арыштаваныя — я кажу пра сьледчы ізалятар — у незалежнай Беларусі. Доступ да адваката кожны дзень без абмежаваньня. Пры савецкай уладзе адвакат паяўляўся толькі ў канцы крымінальнага працэсу. Гэта першае.

Другое, магу пахваліцца — гэта мая заслуга: падсьледныя маюць права штомесяц атрымліваць па 30 кілё прадуктаў ня толькі ад родных, але ад каго заўгодна. Гэта было ўведзена адразу пасьля таго, як я прыйшоў на „Валадарку“.

Ілюстрацыйнае фота. Перадача на "Валадарку" для Андрэя Бандарэнкі
Ілюстрацыйнае фота. Перадача на "Валадарку" для Андрэя Бандарэнкі

У Расеі ўжо атрымлівалі 30 кіляграмаў, у Беларусі нават гаворкі не было. Я двойчы спрабаваў узьняць гэтае пытаньне, мяне пасадзілі на месца: краіна бяз гэтага задыхаецца. Я кажу: ды якая праблема для краіны? Гэта не выдаткі для бюджэту. Ну няхай тата, мама, дзядуля, бабуля кормяць чалавека, калі краіна ня можа яму даць. Не, адмовіліся. Слухаць мяне ня сталі папросту.

Тады я зрабіў экспэрымэнт, падпісаў паперу намесьнік генпракурора. Я здолеў дастукацца да яго. І зрабіў у менскім ізалятары трыццаць кіляграмаў перадачы. Пачаўся бунт у турмах: чаму ў Менску так, а ў Магілёве ці ў Горадні інакш? А было восем кіляграмаў тады. Розьніца адчувальная. Спачатку было нэгатыўна ўспрынята, прычым калегамі. Калі казаць прасьцей, гэта быў іх бізнэс — перадачы. Начальнік з гэтага нешта меў, іншыя. Я гэты бізнэс паламаў, нажыў сабе ворагаў. Пачалі супраць мяне справу ўзбуджаць, Але я перамог. А потым гэта трапіла ў закон. Таму, скажам так, цяпер прадуктовых праблемаў у СІЗА няма».

Праўда, на зонах прадуктовая норма па-ранейшаму меншая і асуджанага могуць пазбавіць перадачы ў якасьці пакараньня. Як лічыць экс-кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, колішні палітвязень і сядзелец «амэрыканкі» ды «Валадаркі», юрыст паводле адукацыі Алесь Міхалевіч, «гэта ўжо перабор».

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Альтэрнатывы турме няма. Пазбаўленьне волі — адзін з самых эфэктыўных сродкаў пакараньня, але толькі пазбаўленьне волі. У нас жа асуджаных усё яшчэ пазбаўляюць права на перадачы (на строгім рэжыме да адной прадуктовай пасылкі ў год), таксама пазбаўляюць тэлефанаваньняў, спатканьняў. Хоць гэты інстытут павінен ня толькі ізаляваць, але і выпраўляць людзей. А таму павінна быць сацыялізацыя, каб людзі маглі кантактаваць з вонкавым сьветам. У нашых жа ўмовах сацыялізацыі якраз няма, усё створана дзеля таго, каб чалавек страціў тыя сувязі, якія меў да пасадкі, і набыў новыя, крымінальныя, каб выйшаў з-за кратаў воўкам...

Узгадваю „Валадарку“. З тымі злачынцамі, зь якімі сядзеў разам у камэры, давялося абмяркоўваць іх, што называецца, кейсы, нярэдка з гледзішча таго, у чым былі іх памылкі, з-за чаго іх затрымалі... Вельмі добра відаць: тыя, хто раней праходзіў праз турму — гэта нашмат больш прафэсійныя злачынцы, чым тыя, хто не праходзіў».

Ніякага «грамадзянін начальнік» быць не павінна

Павал Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», у мінулым адвакат:

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Суровы, але ня жорсткі рэжым павінен існаваць толькі адносна тых зьняволеных, якія абсалютна не жадаюць выконваць патрабаваньні закону. Адносна ўсіх астатніх задача павінна быць: як яго рэабілітаваць, рэсацыялізаваць. І таму гэтае „грамадзянін начальнік“, прадстаўленьне зьняволенага, які павінен назваць свой тэрмін, пачатак, канец, — гэта, мне здаецца, наагул аднекуль з пазамінулага веку. Ня гэтым павінны займацца зьняволеныя і тыя, хто іх ахоўвае і перавыхоўвае.

Безумоўна, пэнітэнцыярную сыстэму неабходна выводзіць з падпарадкаваньня МУС. Усё-ткі выконваць пакараньне павінны цывільныя людзі. Праца міліцыі наагул павінна быць скончаная на тым, што злачынства спынена, справа перададзеная для расьсьледаваньня. І ніякіх апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў у сьледчым ізалятары, а тым больш у калёніі, у турме, ажыцьцяўляцца не павінна.

Але сама мэханічная перадача з аднаго ведамства ў іншае, напрыклад, у Мін’юст, канечне, ня вырашыць праблему. Таму што ў першую чаргу павінны выхоўвацца і прыходзіць у гэтую сыстэму новыя кадры, якія будуць па-новаму мысьліць і ставіцца да зьняволеных. Для іх зьняволеныя павінны быць не „спэцкантынгентам“, людзьмі другога гатунку, а людзьмі, якія трапілі пад іх адказнасьць, абавязаныя цягам нейкага часу адбыць сваё пакараньне. А пакараньне — гэта толькі пазбаўленьне волі і нічога больш. Не пазбаўленьне ежы, сну, вады, руху, а проста пазбаўленьне волі».

Турмы вялікія і малыя

Турма на вуліцы Валадарскага
Турма на вуліцы Валадарскага

Алег Алкаеў: «Пры мне на „Валадарцы“ утрымлівалася каля трох тысяч чалавек, а часам і ўсе пяць... Вялікія патокі вады для мыцьця, вэнтыляцыя слабая, вільгаць... „Валадарка“ разбуралася на маіх вачох. Сам па сабе будынак вельмі грунтоўны. З такімі сьценамі ён мог бы прастаяць шмат. Проста перакрыцьці там драўляныя, а іх трэба было мяняць. Сродкі выдзяляліся толькі на касмэтычны рамонт — пабяліць, пафарбаваць.

Сёньня ў якасьці турмаў павінны служыць сучасныя збудаваньні, выкананыя з улікам гуманных патрабаваньняў да ўтрыманьня вязьняў. Дасягнуць выпраўленьня або рэсацыялізацыі ў іншых умовах немагчыма.

У мяне быў плян, — мяне ніхто не паслухаў, — у кожным горадзе пабудаваць малую турму, невялікую. Няхай на пяцьдзясят месцаў. Каб там была магчымасьць у адваката, пракурора і сьледчага працаваць на месцы. Ня трэба аграмадную, а на сто месцаў можна пабудаваць. Узяў любы жылы дом, зь яго турму зрабіць — гэта два дні. Краты паставіў.

Былая турма Штазі ў Бэрліне, цяпер - музэй
Былая турма Штазі ў Бэрліне, цяпер - музэй

Я ж быў у былой турме Штазі ў Бэрліне. Яна цяпер існуе як музэй. Выглядае як сьціплы гатэль. Камэры, дзе сядзелі нямецкія вязьні як нумары ў гатэлях. На аднаго-два чалавекі. У памяшканьні цёплая вада, унітаз. А ў цэнтры двара я ўбачыў нейкае збудаваньне, якое прыняў спачатку за бамбасховішча. Аказалася, гэта было пабудавана ўжо савецкімі вайскоўцамі для сваіх савецкіх арыштантаў. Там нічога не было, акрамя парашы. Можна прыехаць і паглядзець. Нямецкая турма па пэрымэтры стаіць — гасьцінічныя нумары літаральна, а ў цэнтры стаіць савецкая. Проста ў нас прынята так: калі цябе арыштавалі, то, значыць, усё, ты кончаны чалавек, чаго табе дагаджаць».

Зьміцер Вольны: «Ну, Алкаеў, можа, прапаноўваў малыя сучасныя турмы, а можа й не, хто ведае. Што да пытаньня, якой павінна быць турма? Ды няважна якой, вялікай або малой... Галоўнае, чалавечнай. Напэўна. З захаваньнем усіх правоў. Калі чалавек туды трапіў — ён павінен заставацца чалавекам».

Павал Сапелка: «Павінен зьмяніцца падыход, а ня толькі нейкія арганізацыйныя формы. Будуць гэта малыя турмы ці вялікія, тут важны комплексны падыход. Калі гэта невялікая турма, якая непадалёк ад месца жыхарства, то гаворка павінна быць пра зьняволенага, які няхай зьдзейсьніў цяжкае злачынства, але ўпершыню. Альбо ён па ступені свайго выпраўленьня ці сваёй небясьпекі заслугоўвае таго, каб хоць раз на месяц выходзіць з гэтай турмы ў звальненьне. Ці ў апошні пэрыяд свайго тэрміну выходзіць з турмы, каб шукаць сабе працу, жытло, аднаўляць свае сямейныя сувязі. Калі гэта будзе працаваць, то тады сэнс у гэтым ёсьць. А калі не, калі чалавек будзе ў жывёльным стане ўтрымлівацца побач з домам, то розьніца будзе толькі для родных — наколькі далёка вазіць яму перадачу».

Замежны досьвед

Ілюстрацыйнае фота. Інтэр'ер турмы Гальдэн у Нарвэгіі
Ілюстрацыйнае фота. Інтэр'ер турмы Гальдэн у Нарвэгіі

Алесь Міхалевіч: «Узгадваю выпадак з майго знаходжаньня ў СІЗА КДБ. Разам з намі ўтрымліваўся адзін хлопец-аўганец. І нехта зь сядзельцаў у сувязі зь нейкай нагодай сказаў: з нас тут зьдзекуюцца, але тут лепш, чым у турме талібаў. На што мы пачулі такі адказ: я быў у турме Талібану, там няма ўсёй гэта мадэрнізацыі (ён паказаў на белыя прасьціны), але да людзей там ставяцца нашмат лепш. На гэтае стаўленьне ў нас абсалютна не зьвяртаючы ўвагі. І людзі вельмі хутка ў жывёлу ператвараюцца. А гэта адна з галоўных праблемаў цяперашніх беларускіх турмаў».

Ігар Аліневіч: «На зоне разам са мной сядзелі хлопцы, якія перад гэтым утрымліваліся ў турмах Нямеччыны, Галяндыі, Партугаліі. Пасьля таго як яны трапілі ў беларускую турму, яны ўспаміналі, скажам, партугальскую зь вялікай настальгіяй. Але я хачу адразу абазначыць: пытаньне ідзе пра большае ці меншае зло. Таму што большасьць зьяваў, якія існуюць у постсавецкіх турмах, яны ёсьць і там. Герархія, гвалт. Тыя ж амэрыканскія турмы — там гвалт ня меншы, чым у расейскіх.

З гледзішча той жа бясьпекі для грамадзтва турма ва ўсім сьвеце ня служыць нейкай перашкодай для злачынства. Гэта проста адкладзенае на больш позьні час злачынства.

З гледзішча той жа бясьпекі для грамадзтва турма ва ўсім сьвеце ня служыць нейкай перашкодай для злачынства. Гэта проста адкладзенае на больш позьні час злачынства. Чалавека, напрыклад садзяць на 10 гадоў. Ён адседзіць гэты тэрмін, выйдзе на волю і зьдзейсьніць злачынства, ад якога грамадзтва хацела ўберагчы.

Калі ўзяць беларускую статыстыку, тых, хто, па афіцыйных мерках, стаў на шлях выпраўленьня, то сярод іх узровень рэцыдыву досыць высокі — 25%. Гэта ня надта адрозьніваецца ад эўрапейскіх краін. Недзе ў лепшых экспэрымэнтальных швэдзкіх турмах гэты паказчык складае 16%. Дык гэта экспэрымэнтальныя швэдзкія турмы, і то шмат».

«Чаму Амэрыка гатовая дараваць чалавеку мільёны даляраў?»

Былы хакер з Барысава Зьміцер Наскавец вызваліўся паўтара года таму з амэрыканскай турмы. Асуджанаму за кібэрзлачынства беларусу пагражала 40 гадоў зьняволеньня, аднак ён атрымаў 33 месяцы, якія правёў у вязьніцы на Мангэтане. Потым у чаканьні экстрадыцыі ў Беларусь, чаго, аднак удалося пазьбегнуць, адседзеў яшчэ два гады ў Пэнсыльванскай турме. Раней, да ЗША, беларускі хакер правёў некалькі месяцаў у чэскай турме — арыштавалі яго ў 2010 годзе ў Празе. Зьміцер узгадваў:

«Чэская турма больш падобная да „Валадаркі“, хіба што бюджэцік адсоткаў на 30 большы. Там украінская мафія ўсім запраўляе, усё па-старому, як у нас у 90-х.

У чэхаў было два запыты аб маёй экстрадыцыі — ад беларусаў і ад амэрыканцаў. Але амэрыканцы запыталі мяне першымі... Неяк у чэскую турму прыйшоў прадстаўнік беларускай амбасады, бляндын, гадоў 35, вельмі прыстойны чалавек з выгляду. Добры дзень, кажа, вось навошта вам ляцець у Амэрыку, 40 гадоў сядзець? Можа, усяго на 6–7 гадоў зьезьдзіце ў Менск і там пасядзіце? Але я адказаў: ну ўжо не! У мяне шмат знаёмых у беларускай турме, я ім пасылкі зьбіраў яшчэ да ўсёй гэтай драмы».

Metropolitan Correctional Center
Metropolitan Correctional Center

Як піша Зьміцер Наскавец, пасьля пяці месяцаў у чэскай турме да яго прыляцелі з ФБР і экстрадзіравалі ў ЗША, Нью-Ёрк, у турму Metropolitan Correctional Center (MCC), што на Мангэтане:

«Бюджэт гэтай фэдэральнай турмы зашкальвае — тэлевізары, спартзалы, кампутарны клюб, е-мэйлы (бяз доступу ў інтэрнэт), абеды з трох страў і дабаўка, рэстаран, бібліятэка з кнігамі на ўсіх мовах сьвету. Самая тытулаваная турма, куды цягнуць злачынцаў, экстрадзіраваных з усяго сьвету — мэксыканскіх і дамініканскіх наркабаронаў, італьянскіх мафіёзі, хакераў з краінаў былога СССР. Ну, і мяне ў гэтую кампанію, хоць я, калі шчыра, неяк не дацягваў паводле хакерскага ўзроўню да гэтай турмы.

У адносінах паміж тым жа пракурорам і зьняволеным там самы поўны капіталізм, ідзе гандаль: ты нармальны хлопец, вось табе прапанова — прызнавай віну і атрымаеш 33 месяцы арышту. Таму я пагадзіўся адразу. Падпісаў паперку, прыйшоў да судзьдзі: вінаваты. І судзьдзя ў адказ: бывае, не на той шлях стаў, o’k, 33 месяцы».

«Чаму Амэрыка гатовая дараваць чалавеку мільёны даляраў? Таму што гэта прагматычная краіна: калі злачынец адукаваны „белы каўнерык“, значыць, хутка выйдзе з турмы, адкрые бізнэс — і папруць падаткі. Грамадзтва тут значна больш высакароднае ў гэтым сэнсе — яно табе дае другі шанец, а потым можа даць і трэці. І гэта працуе», — рэзюмуе Зьміцер Наскавец.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк

...Перакладчык зь Нью-Ёрку, колішні мянчук Валеры Шчукін (падвойны цёзка беларускага грамадзкага дзеяча) удзельнічаў больш як у тысячы судовых працэсах. Ён кажа, што за 30 гадоў яго прафэсійнай дзейнасьці у ЗША ніхто зь ягонай кліентуры — а гэта выхадцы з краінаў былога СССР — не хацелі адбываць пакараньне ў сваіх родных постсавецкіх турмах:

«Яны цьвердзілі: мы лепш у Штатах пасядзім. Адзіная праблема — гэта вялікая колькасьць "стукачоў". Аднак, што рабіць, кожны зацікаўлены ў скарачэньні свайго турэмнага тэрміну».

(Працяг у наступнай праграме)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG