Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 пытаньняў ад былых прэзыдэнтаў


У рамках праекту «Расея і я» я мела ўнікальную магчымасьць зрабіць інтэрвію з 12 былымі лідэрамі постсавецкіх краінаў і прапанаваць шырокай аўдыторыі ўсіх службаў Радыё Свабода ня толькі іхні досьвед і пазыцыю ў адносінах зь Расеяй, але і іхні погляд на самыя розныя рэчы — заробкі былых прэзыдэнтаў, падарункі, зайздрасьць, надпісы на могілках, спартовы гонар, прагнозы эканамічных крызысаў, эміграцыя, Жэрар Дэпардзьё, Лукашэнка і шмат чаго іншага.

Мае пытаньні да былых прэзыдэнтаў і іхнія адказы бы зможаце пачытаць, паглядзець, пракамэнтаваць на сайце і ў сацсетках Свабоды. Падчас інтэрвію звычайна журналіст задае пытаньні. А я хачу прапанаваць 12 пытаньняў ад былых прэзыдэнтаў. Некаторыя зь іх патрабуюць адказаў, а некаторыя цікавейшыя за адказы.

Трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка: А дзе нашы гаранты? Дзе Злучаныя Штаты? Дзе Брытанія? Дзе Францыя? Дзе Кітай?

61-гадовы экс-прэзыдэнт сьцьвярджае, што апошнія 350 гадоў Украіна заўсёды жылі ў атмасфэры расейскай агрэсіі.

Віктар Юшчанка: У 1994 годзе Украіна добраахвотна ў аднабаковым парадку адмовілася ад ядзернай зброі... Мы перадалі ядзерны арсэнал, які дарэчы, быў большым, чым ядзерны арсэнал Брытаніі, Францыі і Кітаю разам узятых. Мы атрымалі тады дакумэнт, які гарантуе нашу тэрытарыяльную цэласнасьць. Будапэшцкі мэмарандум. Сёньня Ўкраіна страціла сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць. Вось у мяне ўзьнікае пытаньне. А дзе нашы гаранты? Дзе Злучаныя Штаты? Дзе Брытанія? Дзе Францыя? Дзе Кітай? Гэта пяцёрка краінаў, на якіх ляжыць па сутнасьці адказнасьць за бясьпеку Зямлі. Яны падпісалі дакумэнт. У нас да іх быў поўны давер, таму што гэты дакумэнт важыць больш, чым цэлыя зброевыя арсэналы... Я не разумею, чаму сёньня Злучаных Штатаў няма ні ў водным фармаце перамоваў...

Першы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў: За што мне дзякуе кіргіская моладзь у Расеі?


71-гадовы Аскар Акаеў, які кіраваў краінай 15 гадоў і вымушаны быў уцячы ў Маскву ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі», лічыць Расею сваёй другой Радзімай.

Аскар Акаеў: Жывучы ў Расеі, я вельмі шмат сустракаю нашай моладзі, і моладзь мне дзякуе. Ведаеце, за што найперш? За тое, што я дамогся афіцыйнага статусу расейскай мовы. Яны ўсё добра валодаюць расейскай мовай, мае кіргізстанцы, а іх мільён сёньня ў Расеі. Я зь вялікім зьдзіўленьнем даведаўся, што яны лічаць, што гэта галоўнае іх канкурэнтная перавага тут. Мае кіргізстанцы працуюць тут у сфэры паслугаў, у рэстаранах, у дзяржаўных установах, ва унівэрсытэтах, у музэях, тады як выхадцы з суседніх рэспублік працуюць на будоўлях, дворнікамі, гэта значыць там, дзе ўвогуле не патрабуюцца ведаць расейскую мову.




Трэці прэзыдэнт Малдовы Уладзімір Варонін: Які мужчына падыме руку, ня тое што зброю, на дзіця?

74-гадовы Ўладзімер Варонін у 1989 годзе быў міністрам унутраных справаў Малдовы. Калі падчас беспарадкаў у Кішынэве быў падпалены будынак МУС, ён не даў загаду страляць, і потым казаў, што хай згарыць будынак МУС, але каманду страляць у людзей ён не дасьць.

Уладзімер Варонін: Вядома, калі б я даў загад страляць, ён быў бы прызнаны канстытуцыйным і законным, але я ня мог чыста ў чалавечым пляне. Я наогул не ўяўляю — у мяне былі потым іншыя сытуацыі, калі я ўжо быў прэзыдэнтам — як можна даць такі загад, я наогул не ўяўляю, як можна страляць у чалавека, а яшчэ і даць загад! Гэта не сумяшчальна з маёй маральлю, маёй лёгікай.




Экс-выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ: Як павінен сябе паводзіць прадстаўнік маленькай Грузіі ў адносінах з Расеяй?

У былой кіраўніцы Грузіі 51-гадовай Ніно Бурджанадзэ ў бібліятэцы — кнігі пра Маргарэт Тэтчэр, партрэт брытанскай кіраўніцы ўраду з подпісам — на сьцяне ў кабінэце на пачэсным месцы. Ніно Бурджанадзэ згадвае параду Маргарэт Тэтчэр.

Ніно Бурджанадзэ: Галоўнае — гэта яе сіла волі і яе гатоўнасьць выслухоўваць самыя абразьлівыя рэчы ў свой адрас, самыя жудасныя ацэнкі яе асобы, яе палітыкі дзеля таго, каб Брытанія стала на ногі... Вось гэтая вытрымка — вельмі важная. І я добра памятаю нашу апошнюю сустрэчу... Тады быў яшчэ адзін віток пагаршэньня расейска-грузінскіх адносінаў, і я спытала ў яе, як павінен сябе паводзіць прадстаўнік маленькай Грузіі ў адносінах з Расеяй? Яна літаральна на сэкунду задумалася і сказала: трэба быць цьвёрдай, але разумнай. І толькі тады, кажа, вы зможаце дамагчыся посьпехаў у дачыненьнях з Расеяй. Вось я і лічу, што наша краіна павінна цьвёрда абараняць свае інтарэсы, але з розумам. Таму што, калі сілы няма — розуму ўжо вельмі трэба.


Другі прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран: Чаму мы павінны вінаваціць Расею?

У Армэніі разьвіты інстытут масавых пратэстаў — дэманстрацыі з нагоды 50-годзьдзя генацыду, зьвязаныя з Нагорным Карабахам, з барацьбой за незалежнасьць Армэніі ды іншыя. 61-гадовы Робэрт Качаран пэўным чынам клясыфікуе розныя пратэсты, у тым ліку і апошнія супраць падвышэньне тарыфаў на электраэнэргію.

Робэрт Качаран: Я б гэтыя пратэсты падзяліў на дзьве групы: першая — гэта пратэсты, зьвязаныя з Нагорным Карабахам, пратэсты, зьвязаныя з нацыянальнымі чаканьнямі. Я б аддзяліў іх ад тых пратэстаў, якія зьвязаныя з сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй, з узроўнем карупцыі, з розным успрыманьнем вынікаў выбараў бокам пераможцаў і тых, хто пацярпеў паразу. Калі іх падзяліць, то мы ўбачым, што пратэсты такія ж, як і ўсюды. І матывы гэтых пратэстаў такія ж. Гэта найперш цяжкія сацыяльна-эканамічныя ўмовы, пытаньні тарыфнай палітыкі, нешта даражэе — людзі пратэстуюць, гэта карупцыя, і гэтак далей. Таму нейкага армянскага пачатку ў гэтай групе пратэстаў, у гэтым сэгмэнце я ня бачу. І тым больш, каб яны сталі насіць антырасейскі характар... Чаму Расею мы павінны вінаваціць, маючы на ўвазе пагаршэньне сацыяльна-эканамічных умоваў, тарыфную палітыку, карупцыю ці нешта іншае?

Першы прэзыдэнт Украіны Ленід Краўчук: Які брат можа прыходзіць на тваю зямлю, забіваць, разбураць, гвалтаваць і лічыцца братам?

У былога прэзыдэнта на Данбасе цяпер ваюе муж унучкі Аляксей Мяняйла. Сам 82-гадовы Леанід Краўчук, калі пачалася вайна, сказаў, што, калі б ён быў маладзейшы, то пайшоў бы ваяваць. Але ён мае стрэльбу, і калі да яго ў двор прыйдзе вораг, будзе страляць, кажа Краўчук.

Леанід Краўчук: Які ж брат можа прыходзіць на тваю зямлю, забіваць, разбураць, гвалтаваць і лічыцца братам? Не выпадкова Бжэзінскі сказаў, што Пуцін зрабіў самую цёмную справу, якую можна было зрабіць — ён пасварыў ня толькі Расею з Украінай, а Расею са славянскімі людзьмі, народамі. Таму ніколі ня будуць братамі (расейцы і ўкраінцы — РС). Сёньня ўся Ўкраіна зьнішчае помнікі, здымае помнікі Леніну, Сталіну, сымбалі мінулага. Будуць здымаць усё, што зьвязана з Расеяй. Таму што ўкраінцы лічаць Расею сваім ворагам.


Першы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс: Чаму за нас вырашаюць і хто вырашае? Ці мы іх абіралі? Ці мы іх ўпаўнаважвалі?


Адзін з лідэраў літоўскага руху за незалежнасьць ад Савецкага Саюза 83-гатовы Вітаўтас Ландсбергіс перакананы, што Расея абыгрывае тых, хто згодны быць абыграным.

Вітаўтас Ландсбергіс: А што такое саветы? Гэта загадка, напэўна, да гэтага часу, асабліва на Захадзе. Было прынятае такое слова. Ні сацыялізму, ні саюзу, ні рэспублік. Не было ніякай абранай улады, а толькі падабраная ўлада ў партыйных кабінэтах. Але тым ня менш называюць да гэтага часу «Савецкі Саюз». Дык вось кіраўніцтва Савецкага Саюзу і увасабляла сабой дыктатарскае імпэрскае зло і жаданьне быць вечна ва ўладзе без усялякай справаздачнасьці. Але гэтыя часы павінны былі зьмяніцца і яны зьмяніліся. Літва паставіла пытаньне: а хто там вырашае? Чаму за нас вырашаюць і хто вырашае? Ці мы іх абіралі? Ці мы іх ўпаўнаважвалі? Не! Яны проста ў сілу сваёй ваеннай і кэгэбэшной моцы кіруюць людзьмі. Гэта ні да чаго, гэта павінна быць адменена. Нас папракалі, што мы хочам выйсьці з Савецкага Саюзу. Наша пазыцыя была — гэта яны павінны выйсьці зь Літвы.


Другі прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі: Чаму некаторыя сілы ў Расеі падтрымліваюць сэпаратызм?

Былы малдоўскі лідэр 76-гадовы Петру Лучынскі перакананы, што ён прамалдоўскі, прарасейскі і праэўрапейскі палітык.

Петру Лучынскі: Большая частка Прыднястроўя была ў складзе Малдаўскай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. І гэтая палоса як самастойная — нонсэнс ў наш час. Мы ж вайной не ідзем, мы выключаем гэта цалкам. Гэта апантанасьць нейкая тупая, прабачце. Навошта гэта, калі мы можам любы статус даць. Мы яго і абгаворвалі адзін час, але зноў вяртаемся... І гэта незразумела нікому і мне незразумела. Чаму некаторыя сілы ў Расеі падтрымліваюць гэты сэпаратызм? Вось ніхто ня можа адказаць на гэтае пытаньне! І я ня ведаю адказу... Я ведаю шмат прыхільнікаў вяртацца ў 15 стагодзьдзе — толькі сіла, трэба на людзей ціснуць, трэба, каб нас баяліся... Ці гэта палітыка? Ці гэта будучыня?


Трэці прэзыдэнт Літвы пасьля аднаўленьня незалежнасьці Раландас Паксас: Чым палітыка адрозьніваецца ад шахмат?

59-гадовы Раландас Паксас быў першым у сучаснай гісторыі кіраўніком эўрапейскай дзяржавы, які страціў сваю пасаду ў выніку імпічмэнту, ён быў зьмешчаны парлямэнтам з пасады кіраўніка дзяржавы за парушэньне Канстытуцыі.

Раландас Паксас: Чым палітыка адрозьніваецца ад шахмат? Як быццам падобныя, так? Але я скажу, ні чорта не падобныя. Вось шахматная дошка: ты бачыш фігуры, ты можаш пралічыць адзін, два, тры ці дзесяць варыянтаў. У палітыцы шмат фігураў, асабліва тых, якія трымаюць за асноўныя вяроўкі, ня можаш бачыць. Калі казаць пра авіяцыю, асабліва пра акрабатыку, пра самалётны спорт, то самалётам кіруеш сам, і ты сам ацэньваеш сытуацыю, вецер, вышыню, хуткасьць, рух, магутнасьць рухавіка. У палітыцы часта ня бачыш. Прэзыдэнт — гэта прафэсія, а авіяцыя — гэта лад жыцьця. Прэзыдэнт — гэта праходзіць, авіяцыя застаецца да канца жыцьця, прынамсі я так думаю. Пакуль я буду дыхаць, я буду лётаць.

Другі прэзыдэнт Эстоніі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Арнольд Руйтэль: Ці дарэчы выкарыстоўваць слова «заслуга»?

Арнольд Руйтэль быў старшынём Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Эстонскай ССР і адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце — першай дэклярацыяй аб сувэрэнітэце ў СССР. Вось як 87-гадовы палітык адказаў на пытаньне, што лічыць сваёй заслугай як прэзыдэнта.

Арнольд Руйтэль: Ці дарэчы выкарыстоўваць слова «заслуга»? Ува мне заўсёды жыла і цяплілася ідэя аднавіць незалежнасьць Эстоніі. Будучы хлопчыкам я засьпеў, як пасьля падпісаньня пакта Молатава-Рыбэнтропа ў краіну ўехала савецкая ваенная тэхніка. Бясконцы паток аўтакалён прыбыў на Саарэмаа. Ехалі ўначы. Я стаяў ля краю дома, дзе мы жылі. Дарога, па якой ішла тэхніка, праходзіла наўпрост ля нашага дома. Я стаяў і глядзеў, як ідзе калёна. Гэтая карціна да гэтага часу стаіць перад маімі вачыма. Я ўжо тады зразумеў, што зраблю ўсё магчымае, каб перамагла справядлівасьць. Напэўна, гэта і ёсьць тое, што можна зараз назваць маім галоўным дасягненьнем. Няхай яно прыйшло і праз дзясяткі гадоў.

Першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч: Хіба можна ухваляць нешта кшталту «лініі Сталіна»?

81-гадовы былы лідэр Беларусі лічыць, што ў жыцьці не ўпусьціў дзьве магчымасьці — вывезьці ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі і дэ-юрэ канстатаваць, што Савецкі Саюз спыніў сваё існаваньне.

Станіслаў Шушкевіч: Хіба можна ухваляць нешта кшталту «лініі Сталіна»? Хіба можна рабіць галоўным нацыянальным сьвятам дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў? Гэта сапраўды сьвята, але несувымернае з 25 сакавіка 1918 года, днём абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, несувымерны з прыняцьцем Дэклярацыі аб незалежнасьці і наданьні ёй права канстытуцыйнага закона. Гульня на такіх штуках — заява аб сваёй прарасейскасьці. Яна не на карысьць Беларусі, беларускай незалежнасьці. Мы перажываем складаныя часы, а добрых часоў яшчэ не перажывалі... Калі Лукашэнка адчуе, што ён губляе ўладу, то ён усё аддасьць Расеі. Ня кажучы ўжо пра Беларусь.

Першы постсавецкі прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс: Колькі мы можам дрэнна ведаць расейцаў?

Падчас прэзыдэнцтва Гунтыса Улманіса быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне і выведзеныя расейскія войскі, пададзеныя заяўкі на ўступленьне ў НАТА і Эўрапейскі Зьвяз, Латвія стала сябрам Рады Эўропы. 76-гадовы палітык зьдзіўлены:

Гунтыс Улманіс: І раптам заходні сьвет расплюшчвае вочы — Пуцін у Крыме. Для мяне гэта як для прэзыдэнта і як для палітыка было трошкі дзіўна: як жа так, ніхто ў сьвеце гэта не прадчуваў, не бачыў, нават не прадугледжваў. Так, рыторыка была, што гэта магчыма. Але дзе ж аналітычныя і выведвальныя сыстэмы, канцэпцыі? Аказваецца, заходні сьвет зусім не адчуваў, пра што думае Расея. Але калі яны так здолелі схаваць крымскія падзеі, тады я зьдзіўлены яшчэ больш. Мяне часта амэрыканцы пытаюцца: раскажы што-небудзь пра Расею, мы іх дрэнна ведаем. Колькі мы можам іх дрэнна ведаць, я пытаюся? Праходзіць ужо стагодзьдзе, а вы яшчэ дрэнна ведаеце расейцаў. Давайце вывучайце расейцаў, сустракайцеся з расейцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG