Сяргей Грахоўскі быў арыштаваны НКВД у 30-х. На першых допытах сьледчы абвінавачваў яго ў сувязях з «вредителями» з управы водаканалу. Грахоўскі адказваў, што гэтых людзей наагул ня ведае. У адказ — «органам усё вядома», і ў твар кулаком.
Праз тыдзень — сьледчы ледзь не выбачаецца: «Насамрэч вы ў нас праходзіце па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі сярод беларускіх пісьменьнікаў».
Але зьбянтэжанасьць працягвалася нядоўга, праз некалькі хвілінаў — ізноў мат, «органам усё вядома», і ў твар кулаком.
Можа накладка, можа — тонкая тактыка допыту. Як казаў чэкіст у «Выпадку на станцыі Крэчэтаўка» Салжаніцына — «у нас брака не бывает».
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org.