Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд верне прадпрымальніцы тавар, сканфіскаваны за нібыта фальшывыя накладныя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штраф ІП Тацяне Паляковай таксама скасаваны. Гэта была першая ў 2016 годзе справа па фальшывых накладных. Цяпер гэта першая за год перамога прадпрымальніка над падатковай.

Вярхоўны суд скасаваў штраф і пастанавіў вярнуць сканфіскаваны тавар прадпрымальніцы Тацяне Паляковай пасьля паседжаньня па абскарджаньні раней вынесенага прысуду за нібыта фальшывыя расейскія таварныя накладныя.

«Толькі ідзем з суду, яшчэ не чытала пастанову, бо яна толькі праз тры дні прыйдзе, — кажа Свабодзе Палякова. — Гэтае рашэньне пераглядаць яшчэ могуць, калі падатковая падасьць заяву. Таму мы не зусім расслабляемся, але спадзяёмся на лепшае.

Вярхоўны суд сказаў, што як падатковая раіць правяраць дакумэнты па інтэрнэце, так яны і праверылі — гэтаксама як я магла праверыць. Аказалася, што ўсё нармальна. Тое, што я сама прызналася, што купіла фальшывую накладную, то закалацілася, бо сказалі, што калі не прызнаюся, то штрафы будуць па максымуме. Толькі потым здагадалася, што мяне падставілі. Для суду гэта гучала ня вельмі пераканаўча — я казала як ёсьць, а напісалі як трэба».

Раней два суды над прадпрымальніцай, якія цягнуліся зь мінулага году, завяршыліся штрафам і канфіскацыяй тавару празь нібыта фальшывыя накладныя ад расейскага пастаўшчыка. Палякова мусіла сплаціць 6,3 млн штрафу, у яе павінны былі сканфіскаваць тавар на 14 мільёнаў (64 пары абутку і 7 куртак).

Пра заканчэньне суду паведаміла грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое аказвала Паляковай юрыдычную дапамогу. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка кажа Свабодзе, што судзіцца прадпрымальніцу ўгаварыла арганізацыя, і яно было таго варта:

«Трэба ісьці да канца, гэта ўсім прыклад!» — кажа Шумчанка пра рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG