Больш за 7 тысяч чалавек, у тым ліку вядомыя дзеячы культуры, навукоўцы, журналісты, музыкі і пісьменьнікі падпісалі адкрыты ліст да эўрапейскіх лідэраў з заклікам зрабіць «рашучыя дзеяньні» для вызваленьня ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якую судзяць у Расеі.
Сярод падпісантаў — нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, польская кінарэжысэрка Агнешка Голянд, расейскі гісторык Андрэй Зубаў, францускі філёзаф Бэрнар-Анры Леві, украінскі піяніст Павел Гінтаў, расейскі журналіст Віктар Шэндэровіч, украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан, літоўскі інтэлектуал Томас Вянцлава.
Аўтары звароту лічаць, што працэс Саўчанкі ператварыўся ў «пасьмешышча з грамадзянскіх правоў, міжнароднага права, і іх уласнай Канстытуцыі».
Саўчанка ад 3 сакавіка праводзіць сухую галадоўку, пасьля таго, як ёй не далі магчымасьці выступіць у судзе. Расейскія абвінаваўцы прапанавалі пакараць Саўчанку тэрмінам 23 гады нібыта за тое, што яна каардынавала наводку абстрэлу, падчас якога на Данбасе загінулі два расейскія журналісты.
«Выратаваньне Надзеі Саўчанкі — гэта тэст на эфэктыўнасьць міжнароднай дыпляматыі і на нашу адданасьць эўрапейскім каштоўнасьцям», — гаворыцца ў лісьце, тэкст якога перакладзены на замежныя мовы і ўжо сёньня будзе перададзены эўрапейскім дэпутатам і палітыкам.
Аўтар гэтага звароту — дасьледніца ўкраінскай літаратуры, перакладчыца,прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Вольга Гнацюк.
«Гэты працэс працягваецца вельмі доўга, і няма ніякіх знакаў, што ён вядзецца якасна і непрадузята. Па-другое, Саўчанка ў расейскай турме ўжо 20 месяцаў. Самае галоўнае, што ёсьць небясьпека яе сьмерці на працягу бліжэйшага часу. Кожны чалавек, хто хаця б крыху знаёмы з гісторыяй дысыдэнтаў, разумее, што гаворка ідзе пра дні і гадзіны. Таму ня толькі грамадзкасьць павінна нешта зрабіць і ня быць абыякавай да ўсяго гэтага, але, перш за ўсё, павінны дзейнічаць палітыкі, якія падпісвалі Менскія пагадненьні», — заявіла спадарыня Гнацюк.