Навумчык: Калегі, я хацеў бы абмеркаваць выпадак, пра які нядаўна напісала ў сваім фэйсбуку пісьменьніца і культуроляг Юлія Чарняўская. Яна прыйшла ў нейкую менскую сувэнірную краму, каб набыць падарунак мужу, і ўбачыла, што там прапануюць зрабіць на майцы карцінку — дзьве рэптыліі — з лягатыпам брэндавай фірмы Lacoste. Гэтыя рэптыліі намаляваныя, як бы так далікатна выказацца — у працэсе, скажам так, размнажэньня. Але замест слова Laсoste напісана — Holocoste. На абуранае пытаньне Юліі Чарняўскай прадавачка адказала — «А што тут такога? Гэта ж — прыкольна!». Ну, не даслоўна, але зьмест такі.
Ведаеце, калі я пра гэта прачытаў, мне спачатку прыгадаліся зламаныя крыжы ў Курапатах. Потым я зразумеў, што гэта — страшней, гэта — як шашлыкі ў Курапатах. Чаму «бяскрыўдныя» шашлыкі значна горш, чым паламаныя крыжы? Па той жа прычыне чаму адказ дзяўчыны-прадавачкі «А чё, прыкольна ж!» — значна горш за антысэміцкі артыкул у якой-небудзь шавіністычнай газэтцы. Патлумачу. Мы цудоўна ведаем, хто ламае крыжы і хто піша антысэміцкія артыкулы. Гэта, прабачце за параўнаньне, як гнайнік на целе: яго трэба выразаць, апрацаваць антысэптыкам, што там яшчэ зрабіць па правілах — і празь месяц вы забудзецеся на яго. А вось калі адбылося заражэньне крыві... Хачу памыліцца, але мне здаецца, што такі працэс ужо пайшоў. Ня буду казаць пра ўсё грамадзтва, пра усю моладзь, але значная частка — так, яна атручаная гэтым бяспамяцтвам. Можна было дараваць шашлыкі ў Курапатах да 1988-га году, да артыкулу Пазьняка. Можна было ня ведаць слова «Халакост» годзе ў 1979 — у школе нам пра гэта не казалі. Але — сёньня? Сёньня, калі ў Эўропе — а мы ж лічым сябе эўрапейскім народам, так? — калі ў Эўропе пра гэта ведаюць усе? Мы цяпер бачым вынікі працэсу вынішчэньня памяці, і гэта ўжо не дзясятак вандалаў і ня пара-тройка аўтараў антысэміцкіх артыкулаў, гэта ўжо — даволі вялікая частка грамадзтва. І гэта — небясьпечна. На такую глебу можна пасадзіць усё, што заўгодна, на такім белым аркушы можна намаляваць якія заўгодна знакі. Хоць серп і молат, хоць свастыку ці нешта падобнае.
Глод: Хачу згадаць яшчэ адзін прыклад. Вельмі дарэчы зрабілі фільм нашыя калегі з расейскай службы Радыё Свабода. Прыклад спадарыні Чарняўскай — гэта звычайная прадавачка, а ў тым фільме былі маладыя дзяўчаты, удзельніцы інтэлектуальных гульняў. І вось яны доўга разважалі над пытаньнем, што такое Халакост. І прыйшлі нарэшце да такой высновы: Халакост — гэта клей для шпалераў. Дык што казаць, калі нават інтэлектуальна падрыхтаваныя дзяўчаты пра гэта не ведаюць? А не ведаюць зразумела чаму: у Беларусі няма галоўнага паняцьця, якое тычыцца вайны, гэтай жудаснай трагедыі. У нас ёсьць адно паняцьце, якое распаўсюджваецца, насаджаецца — гэта Вялікая Айчынная вайна. Гэта Савецкая Армія плюс партызаны. Гэта яны ўсё вырашылі, перамаглі. Як быццам не было таго, што ведаў увесь сьвет — не было Сусьветнай вайны. А калі яе не было, значыць, адкуль моладзі, дзецям ведаць пра Халакост, газавыя камэры?
Мне падаецца, як бы ўлады ні казалі, што ў Беларусі няма антысэмітызму — можа яго такога, як гадоў 7, 8, 10 таму, калі выдаваліся антыгабрэйскія кніжкі, няма, а схаваны антысэмітызм існуе. Памятаем выказваньне Лукашэнкі пра бабруйскіх габрэяў, якія яны там брудныя і гэтак далей, і памятаем, як усё гэта скончылася, што мусіў Лукашэнка засылаць Паўла Якубовіча, свайго эмісара, у Ізраіль, і там ён апраўдваўся. Як гэта звычайна ў нас робіцца, што ня так зразумелі Лукашэнку.
Афіцыйна пра Халакост згадваюць раз на год. Усяго адзін раз — калі адбываюцца падзеі каля вядомай ямы ў менскім гета. І тое гэта робіцца не з ініцыятывы цэнтральных уладаў. Ну, зьяўляецца там нейкі другарадны чыноўнік. Усё гэта рабіла ізраільская амбасада. А зараз яна ў стане таго, што яе могуць сёлета зачыніць, і я думаю, што можа ў наступным 2017-м годзе ўжо пра гэтую яму не ўзгадаюць. Моладзь ня будзе нічога ведаць пра Другую Сусьветную вайну, і усе яе веды абмяжуюцца Вялікай Айчыннай.
Максімюк: Ключавая рэч тут — у адукацыі, у выхаваньні маладога пакаленьня. Пакаленьні, якія помняць, як усё гэта адбывалася, ужо адышлі. Чаму адукацыя такая важная, напрыклад, у Польшчы? Тут ёсьць некалькі прычынаў, я скажу пра дзьве. Па-першае, немцы дзялілі свае лягеры на канцэнтрацыйныя і лягеры сьмерці, масавага зьнішчэньня людзей. І шэсьць лягераў масавага зьнішчэньня былі на тэрыторыі Польшчы — гэта Хэлмна, Трэблінка, Бэлжэц, Сабібур, Майданэк і Асьвеньцім-Аўшвіц. Такім лягерам на Беларусі быў Малы Трасьцянец. Таксама лічыцца такім лягер Ясэнавец у Харватыі, які зрабілі для сэрбаў. У Польшчы перш за ўсё зьнішчаліся габрэі і ў меншай ступені цыганы, савецкія палонныя. Гэта вельмі трагічная старонка ў польскай гісторыі, і каб захаваць памяць пра яе, гэтая тэма пастаўленая на даволі прыстойнае месца ў школьнай праграме. У маім жыцьці быў такі эпізод: калі я быў настаўнікам пачатковай школы ў Польшчы, мы з вучнямі езьдзілі на экскурсію ў Майданэк.
Навумчык: І на завяршэньне прыклад, так бы сказаць, з уласнага досьведу. Мая дачка ведае, што такое Халакост, і прычына ня толькі ў сямейным выхаваньні. Два гады таму, калі ёй было 12 гадоў, у яе школе ў Празе 5 урокаў было прысьвечана дзёньніку Анны Франк - яўрэйскай дзяўчынкі, якая загинула щ нацысцким канцлягеры.