Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены датэрмінова карупцыянэр Зюзін узначаліў калгас


Былы гендырэктар холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зьняволеньня за крадзеж і атрыманьне буйнога хабару паўторна, з канца студзеня 2016 году ўзначаліў СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёну, паведамляе БелаПАН.

У траўні 2014 году суд Ленінскага раёну Магілёву прызнаў Зюзіна вінаватым у завалоданьні маёмасьцю праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў атрыманьні двойчы хабару ў буйным памеры. Акрамя пазбаўленьня волі, Зюзіну прысудзілі штраф у 300 базавых велічыняў (на той момант 45 млн. рублёў), у яго была канфіскаваная маёмасьць, ён быў пазбаўлены права займаць на працягу пяці гадоў пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Таксама з абвінавачванага быў спагнаны ў даход дзяржавы 51 млн. рублёў беспадстаўна атрыманага ўзбагачэньня.

На апошнім пасяджэньні суду Зюзін не пагадзіўся з прысудам. Ён катэгарычна абвяргаў атрыманьне хабараў і дагэтуль лічыць сябе асуджаным несправядліва. У 2014 годзе ён казаў, што яго пасадзіла нейкая бандыцкая групоўка, «каб самім працягваць выкрадаць грошы». Цяпер, распавядае ён БелаПАН, ён «хацеў бы забыць гэта як жахлівы сон ці як непаразуменьне», а абвінавачаньняў не выказвае. Ці пісаў ён заяву аб памілаваньні, невядома.

Ад пачатку году былі датэрмінова выпушчаныя з-за кратаў і прызначаныя на кіраўнічыя пасады былы намесьнік генпракурора Аляксандар Архіпаў (прызначаны дырэктарам сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Пятровічы», што ў Смалявіцкім раёне), былы дырэктар «Магілёўдрэва» Андрэй Вусаў (цяпер мае пасаду на «Строммашыне»), былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Ўладзімер Булай (прызначаны кіраваць акцыянэрным таварыствам «Кляновічы» ў Крупскім раёне), былы намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў (узначаліў дырэкцыю аб’ектаў, якія будуюцца Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводам). Таксама вызваленыя (але не было публічна абвешчана пра новую працу) былы дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы, грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, экс-віцэ-«мэр» Баранавічаў Ігар Стасевіч і былы дырэктар Бабруйскага мясакамбінату Віктар Хадасевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG