Індывідуальныя прадпрымальнікі Сьветлагорску падтрымаюць палітычную вулічную акцыю, прымеркаваную да Дня Волі 25 сакавіка. Пра гэта Свабодзе паведаміў салігорскі прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч.
«Індывідуальныя прадпрымальнікі Сьветлагорску, якія пабывалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, прыйшлі да мяне і сказалі: мы знайшлі новых лідэраў і абаронцаў, якія сапраўды гатовыя дапамагаць адстойваць нашы правы. Маюцца на ўвазе тыя актывісты, якія ўдзельнічалі і бралі слова на мітынгу. І што больш яны ня вераць афіцыйным арганізацыям — маецца на ўвазе прадпрымальніцкая структура, якая ўдзельнічае ў перамоўным працэсе з уладамі ў рамках працоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі. Гэта значыць, што ў людзей зьмянілася парадыгма іх далейшых дзеяньняў. Гэтыя людзі сказалі, што будуць удзельнічаць у мітынгу 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы, і заявілі: мы да 25 сакавіка цалкам вольныя. Гэта азначае, што на працу яны не зьбіраюцца выходзіць, а 25 сакавіка падтрымаюць палітычную вулічную акцыю на Дзень Волі.
Студзень-люты — гэта было змаганьне прадпрымальнікаў унутры сваёй рэзэрвацыі, а зараз з гэтай рэзэрвацыі яны выходзяць. Да заяваў кіраўніка краіны пра „мядовыя гады“, пра „бандытаў“ — гэта быў пасіўны пратэст: нявыхад на працу, перамовы з чыноўнікамі. А пасьля — распачаліся актыўныя дзеяньні. Хваля мітынгаў і сходаў пракацілася па ўсёй краіне, у тым ліку забароненых. Тое, што ў Менску сабралася тысяча чалавек, то гэта ўжо шмат, калі ведаць, які прэсінг людзі зазналі на месцах. І выйшаўшы на плошчу, людзі зрабілі першы крок, каб выйсьці з-пад прыгону і запалохваньня. Менавіта гэтая эканамічная сытуацыя палітызавала людзей. Яны разумеюць, што ўнутры рэзэрвацыі яны ня вырашаць свае праблемы. І гэта толькі пачатак працэсу».