Расея называе заяву пра чарговае парушэньне паветранай прасторы Турэччыны «галаслоўнай прапагандай», НАТО просіць Расею паважаць паветраную прастору альянсу.
Пасьля інфармацыі пра новае парушэньне паветранай прасторы Турэччыны расейскім Су-34 турэцкія паветраныя сілы былі пераведзеныя ў стан аранжавага ўзроўню трывогі, паведамляе турэцкае Anadolu са спасылкай на крыніцы ва ўзброеных сілах. Гэты ўзровень значыць падвышаную, поўную баявую гатоўнасьць.
Прэзыдэнт Турэччыны Таіп Эрдаган папярэдзіў Маскву пра «наступствы» у выпадку далейшых парушэньняў паветранай прасторы, перадае USA Today.
Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг таксама заклікаў Расею «дзейнічаць адказна і ў поўнай меры паважаць паветраную прастору НАТО», але заклікаў да супакою і дээскаляцыі напружаньня.
«Расея мусіць прыняць усе неабходныя меры для таго, каб такія парушэньні не паўтарыліся, — заявіў Столтэнбэрг. — НАТО салідарнае з Турэччынай і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць свайго саюзьніка, Турэччыны». Расея тым часам адмаўляе факт парушэньня. Афіцыйны прадстаўнік расейскага міністэрства абароны Ігар Канашанкаў сьцьвярджаў, як перадае РИА Новости, што заявы пра парушэньне — «галаслоўная прапаганда». Ён мяркуе, што такімі заявамі Эрдаган хоча дабіцца сустрэчы з Пуціным.
Адносіны паміж Расеяй і Турэччынай абвастрыліся пасьля таго, як 24 лістапада турэцкія ВПС зьбілі над Сырыяй расейскі бамбавік Су-24, які, як сьцьвярджала Анкара, парушыў турэцкую паветраную прастору. Масква адпрэчыла ўсе абвінавачваньні і ўвяла санкцыі супраць Турэччыны.