Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ адмовілася ад прапановаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў
Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў

Партыя БНФ прыняла рашэньне пакуль не ўваходзіць у аргкамітэт па правядзеньні Кангрэсу дэмакратычных сіл, паведамляе БелаПАН. Адпаведнае рашэньне прынялі сябры Сойму арганізацыі на пасяджэньні 30 студзеня ў Менску.

«На сёньня ў сябраў сойму існуюць засьцярогі наконт яснасьці ідэйнага зьместу Кангрэсу, а таксама таго, што заяўленыя мэты могуць быць дасягнутыя ў фармаце, у якім плянуецца яго правядзеньне», — растлумачыў БелаПАН рашэньне Сойму старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў з мэтай кансалідацыі апазыцыі ініцыявала 17 сьнежня група вядомых грамадзкіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясьцілі аб стварэньні аргкамітэту па падрыхтоўцы Кангрэсу. Цяпер апроч названых палітыкаў у склад аргкамітэту ўваходзяць Дзьмітры Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Янукевіч адзначыў, што партыя вітае саму ініцыятыву прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, накіраваную на кансалідацыю дэмакратычных сіл.

Аднак, адзначыў ён, на думку Партыі БНФ, першачарговай задачай павінна стаць «фармаваньне яснай ідэйнай плятформы, на аснове якой такая кансалідацыя адбываецца».

«У якасьці такой асновы мы бачым віленскі мэмарандум Рады БНР», — падкрэсьліў палітык.

Мэмарандум апазыцыі «Аб мерах па забесьпячэньні незалежнасьці Беларусі» быў прыняты ў Вільні 3 лістапада на сустрэчы лідэраў апазыцыйных партый і НДА са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. На сёньня дакумэнт падпісалі прадстаўнікі 14 апазыцыйных партый і арганізацый. Сутнасьць мэмарандуму заключаецца ў каардынацыі дзейнасьці ўсіх апазыцыйных палітычных і грамадзкіх структур унутры Беларусі і за мяжой з мэтай вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсій у краіне, забесьпячэння свабоды СМІ, «дэмантажу рэпрэсіўнага апарату» і, як вынік, «правядзеньня свабодных выбараў».

Сойм Партыі БНФ даручыў кіраўніцтву арганізацыі ў найбліжэйшы час на аснове мэмарандуму распрацаваць праект плятформы і пачаць кансультацыі з аргкамітэтам, каб яго палажэньні былі пакладзены ў аснову парадку дня мерапрыемства.

«Калі будзе рашэньне аргкамітэту, што гэтыя прынцыпы могуць быць ключавымі, то на наступным пасяджэньні Сойму мы можам разгледзець пытаньне, каб дэлегаваць свайго прадстаўніка ў аргкамітэт і далучыцца да яго працы. Калі не, то мы гатовыя будзем прапанаваць нейкія іншыя фарматы, напрыклад, кангрэс беларускіх нацыяналістаў або народны сход, удзельнікі якога павінны будуць прадэкляраваць цьвёрдую падтрымку гэтым каштоўнасьцям», — сказаў Янукевіч.

Пры гэтым палітык падкрэсьліў, што гэта ня будзе яшчэ адзін кангрэс. «Мы ў прынцыпе гатовыя шукаць розныя магчымыя формы кансалідацыі на падмурку абароны незалежнасьці. На сёньня я ўдзячны, што Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў знайшлі магчымасьць прыйсьці і выступіць на сойме. Яны таксама казалі, што прапанова кангрэсу — гэта адна з магчымых формаў кансалідацыі апазыцыі. І калі будуць прапановы з боку Партыі БНФ, яны гатовыя іх разгледзець. Таму мы шукаем шляхі, як больш эфэктыўна дасягнуць кансалідацыі па ключавых пытаньнях абароны незалежнасьці», — сказаў Янукевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG