На просьбу адваката пракурор зачытаў заяву Жаромскага, каб яго ў ізалятары наведаў супрацоўнік Упраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Цяпер Жаромскі патлумачыў, што гэтую заяву прымусілі напісаць, каб апраўдаць візыты да яго міліцыянтаў без адваката. Такіх візытаў было каля васьмі.
Таксама агучана скарга маці Жаромскага на тое, што ў 2007 годзе яго затрымалі і моцна зьбілі ў Смаргоні падчас расклейваньня ўлётак. Маці дамагалася пакараньня міліцыянтаў, якія зьбівалі яе непаўналетняга сына.
Зачытваюць дакумэнты, датычныя Максіма Пякарскага. З паказаньняў на першых доказах вынікае, што Пякарскі браў усю адказнасьць за графіці на сябе, бо казаў, што ён адзін маляваў.
З пратаколу допыту Пякарскага вынікае, што ўрэшце ён адмовіўся ад меркаваньня, што беларускую мову прыціскаюць. Пякарскі кажа, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці, гэта за яго напісалі міліцыянты, якія на яго ціснулі, наведваючы ў ізалятары.
Характарыстыка са школы на вучня Максіміліяна Пякарскага: добры, старанны вучань, добра выявіў сябе на суботніках. З мастацкай школы імя Агінскага адзначылі добрыя мастацкія здольнасьці. Участковы адзначыў «маральную стойкасьць».
Вывучэньне матэрыялаў справы скончана. Абарона прасіла дапытаць сьведак, якія сьведчылі падчас сьледзтва. Пракурор быў супраць, суд адхіліў хадайніцтва.
Судовае сьледзтва суд скончыў і пачаў судовыя спрэчкі, даў слова пракурору.
Паводле пракурора, графіцісты нанесьлі шкоду будынкам на 200 тысяч рублёў. Пракурор мяркуе, што абвінавачаныя давалі супярэчлівыя паказаньні.
Адвакат Касінерава мяркуе, што ўсе тры абвінавачаныя не рабілі крымінальнага злачынства, а іх дзеяньні можна кваліфікаваць паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Адвакат просіць апраўдаць Касінерава.
Адвакат Жаромскага таксама мяркуе, што ў ягоных дзеяньнях не было злоснага хуліганства, няма складу гэтага злачынства.
Адвакат Жаромскага просіць яго апраўдаць, бо няма складу інкрымінаванага яму злачынства.
Пракурор лічыць віну усіх даказанай. Пякарскаму просіць шраф у 500 базавых велічынь, Жаромскаму — 2 гады без накіраваньня ў месцы зьняволеньня. Касінераву пракурор папрасіў 1,5 года без накіраваньня ў месцы зьняволеньня.
Абаронца Максіма Пякарскага мяркуе, што ў яго не было матыву на злоснае хуліганства. Малюнкі, якія зрабіў Пякарскі на плоце, не сапсавалі гэтую маёмасьць. І тое самае адносна малюнка на сьцяне будынка былой вайсковай часткі.
Шкода маёмасьці не даказаная, мяркуе адвакат Пякарскага, і просіць яго апраўдаць. Мяркуе, што Пякарскага перасьледуюць за выяўленьне ягоных поглядаў.
Пасьля прамоў адвакатаў прагучалі аплядысмэнты.
Далі апошяе слова Жаромскаму.
«Састарэлыя ўтрымальнікі ўлады збаяліся нашай маладосьці», — пачаў прамову Жаромскі.
Пякарскі назваў суд цемрашальствам і пачаў бараніць беларушчыну, заклікаў маладзёнаў яднацца.
У залі прагучалі аплядысмэнты.
Касінераў: «Мы не хуліганы, мы больш адукаваныя, чым тыя, хто нас затрыміліваў. Нас судзяць за погляды, за тое, што мы супраць аўтарытарызму».Зноў аплядысмэнты ў залі.
Прысуд будзе праз гадзіну.
Жаромскі і Пякарскі прызнаныя вінаватымі ў псаваньні маёмасьці. Злоснага хуліганства ў дзеяньнях Пякарскага і Касінерава не ўстаноўлена.
У выніку ўсіх пакаралі штрафамі.
У залі прагучалі аплядысмэнты.