Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыяцыйныя тэрыторыі «ачышчаюць» пастановамі


Савет міністраў пастановай № 9 ад 11 студзеня 2016 году «Аб зацьвярджэньні пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяцыйнага забруджваньня», выключыў са сьпісу заражаных радыяцыяй 203 паселішчы. Адпаведна зьменшана на 2,7 адсотка й колькасьць жыхароў, якія пражываюць на заражаных тэрыторыях і маюць права на сацыяльную абарону.

Паводле новага пераліку, цяпер у зонах радыяцыйнага забруджваньня застаюцца 2 тысячы 193 населеныя пункты і 52 аб’ёкты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Берасьцейскай, Гомельскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцей. Яшчэ 133 паселішчам зьменены статус на «менш жорсткія зоны радыяцыйнага забруджваньня», як сказана ў пастанове, у зьвязку з зьмяншэньнем шчыльнасьці забруджваньня глебы радыенуклідамі ды зьніжэньнем сярэдніх гадавых эфэктыўных дозаў апраменьваньня насельніцтва.

«Брудныя» і чыстыя

Забруджанасьць тэрыторыі вызначаецца найперш наяўнасьцю ў глебе радыенуклідаў цэзію-137, стронцыю-90 альбо плютонію-238, 239, 240, а таксама дозай апраменьваньня чалавека, якая перавышае ўмоўна дапушчальную (1мілізівэрт) і, канечне, немагчымасьцю атрымліваць на заражаных тэрыторыях адносна чыстую прадукцыю.

Гомельскі радыябіёляг, кандыдат біялягічных навук Віктар Хоміч, які ў свой час ачольваў пастаянную камісію Вярхоўнага савету 13-га скліканьня па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кажа, што пры вызначэньні статусу тэрыторыі варта ўлічваць каля дзесятка розных фактараў, абумоўленых катастрофай. Застаецца, аднак, таямніцай, на якім узроўні прымаецца рашэньне, якія дакумэнты і матэрыялы ўлічваюцца, калі тэрыторыю абвяшчаюць «чыстай»:

«Прывязаліся да ўзроўняў забруджваньня. Але ж тыя, хто прымае рашэньне, павінны разумець, што асноўнымі элемэнтамі гэтага забруджаньня зьяўляюцца тры групы доўгажывучых радыенуклідаў. Гэта найперш ізатопы плютонію — дзесяткі тысяч гадоў не распадаюцца, гэта стронцый-90 з пэрыядам паўраспаду дваццаць дзевяць гадоў, гэта цэзій-137 з пэрыядам паўраспаду трыццаць тры гады.

дзе такая палітычная гульня на чарнобыльскім полі — каму што выгадна, тое й агучваюць

З пункту гледжаньня бясьпекі, лічыцца, што радыяактыўны элемэнт зьнікае ў прыродзе, калі адбываецца дзесяць пэрыядаў паўраспаду. Дзесяць! Для цэзію-137 — гэта 330 гадоў, для стронцыю-90 адпаведна 290 гадоў. Мінула толькі дваццаць дзевяць з паловай гадоў, крыху болей. Дзесятая частка ад таго, калі радыеактыўныя элемэнты становяцца бясьпечнымі. Калі ў аснову абвяшчэньня тэрыторый „чыстымі“ пакладзена шчыльнасьць забруджваньня, то гэта ж, канечне ж, няправільны падыход. Яснасьці, на што абапіраецца ўся гэтая „кухня“ пераводу тэрыторыяў, няма.

Ня бачна дынамікі ані „ачышчэньня“ тэрыторыяў, ані зьмяншэньня дозаў апраменьваньня насельніцтва. Паводле чарнобыльскага закону, улады павінны былі інфармаваць насельніцтва кожнага паселішча пра шчыльнасьць забруджваньня і атрыманых дозах унутранага апраменьваньня. Мінула амаль тры дзесяцігодзьдзі, а людзі ня ведаюць пра гэта. Ідзе такая палітычная гульня на чарнобыльскім полі — каму што выгадна, тое й агучваюць».



Мала крычаць: «Чарнобыль — гэта наш боль»

Суразмоўца заўважае: за гады, што мінулі пасьля чарнобыльскай катастрофы, не выпрацавана нават усебаковай канцэпцыі бясьпечнага пражываньня на заражаных тэрыторыях. Няма нават добрай памяткі для насельніцтва, што і як улічваць пры ацэнцы дозы апраменьваньня, якім чынам паступаць, калі нечакана зноў узьнікне такая ж пагроза:
«Мы дваццаць дзевяць гадоў крычым: „Чарнобыль — гэта наш боль“. А зайдзіце ў любую кніжную краму, спытайце ў любога жыхара Беларусі, што трэба рабіць, калі, ня дай Бог, паўторыцца такая катастрофа? Не адкажуць. А побач жа Смаленская, іншыя АЭС, на бясьпечнасьць якіх гарантыі ніхто не дае. Людзі перажылі такую катастрофу, кругі чарнобыльскага пекла прайшлі, а мы простай і зразумелай памяткі ня маем. Нават простых рэкамэндацый няма для насельніцтва».



У нябыт адыходзяць падоўжаны адпачынак, мэдычнае дасьледаваньне

У новым пераліку чарнобыльскіх населеных пунктаў, напрыклад, у Буда-Кашалёўскім раёне, ня стала вёскі Недайка, пасёлкаў Барок, Добрая Надзея, некаторых іншых. І такая сытуацыя амаль у кожным раёне.
Гомельскі грамадзкі дзеяч і навуковец Юры Варонежцаў, які, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, займаўся пытаньнямі распрацоўкі першай Праграмы пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, згадвае, што нідзе не сустракаў у адкрытым друку мэтодыкі ацэнкі ўзроўняў забруджваньня радыяцыйных тэрыторыяў:

«Фізычна немагчыма, каб гэтыя тэрыторыі за такі час ачысьціліся, і там стала менш, чым адзін кюры. Трэба яшчэ ўлічваць і „плямнасьць“ тэрыторыяў, бо ў адным месцы будзе адзін кюры, а ў іншым, скажам, пятнаццаць. Я сам браў удзел у падобнага кшталту вымярэньнях — сканавалі тэрыторыю, езьдзілі на ўсюдыходзе зыгзагамі туды-сюды, фіксавалі настолькі розныя паказьнікі, што казаць пра нейкае сярэдняе ачышчэньне тэрыторыі проста немагчыма. Я ўпэўнены, што на тэрыторыях, якія прызнаны цяпер чыстымі, знойдуцца месцы надзвычай „брудныя“. І на іх людзі будуць нешта вырошчваць, спажываць і атрымліваць вялікую дозу апраменьваньня».


Навуковец зьдзіўляецца, што, выводзячы адміністрацыйнымі пастановамі тэрыторыі зь ліку забруджаных, улады пакідаюць на волю лёсу людзей, што патрапілі «пад радыяцыйны чарнобыльскі попел»:

Яны жывуць нібыта ў чыстай зоне, і ніхто ня ўлічвае таго, што зь імі адбылося

«Кажуць, за апошнія гады людзі там не атрымліваюць нейкай значнай дозы ўнутранага апраменьваньня. Цяпер асноўная доза фармуецца ў арганізьме чалавека менавіта за кошт ўнутранага апраменьваньня — радыяцыя найперш трапляе у арганізм праз прадукты. Дык вось, маўляў, дозу атрымліваюць малую, таму й „пераводзяцца“ населеныя пункты ў чыстыя. Але ж ня ўлічваецца тая доза, якую людзі атрымалі ў папярэднія гады. Тыя, каму цяпер 30 гадоў, з маленства ўдыхалі ці адно не палову табліцы Мендзялеева. Яны атрымалі страшэнны ўдар па свайму арганізму, і асабліва па эндакрыннай сыстэме. І што цяпер? Яны жывуць нібыта ў чыстай зоне, і ніхто ня ўлічвае таго, што зь імі адбылося. Гэта надзвычай складаная праблема. І няправільна вырашыць адным распараджэньнем, указам ці пастановай: учора гэта была „брудная“ тэрыторыя, а цяпер яна — „чыстая“. Гэта наагул немагчыма. Апрача таго, людзям абразаюць штогадовае дыспансэрнае дасьледаваньне. Яно й так было фармальным, а цяпер яго наагул ня будзе».

Заклапочаныя чарнобыльскімі наступствамі навукоўцы лічаць, што масавы перавод населеных пунктаў з чарнобыльскіх зонаў у «чыстыя» выкліканы найперш крызысным станам беларускай эканомікі. Няма грошай — няма й нават і той мінімальнай дапамогі дзяржавы пацярпелым ад Чарнобылю, якая прадугледжана адпаведным заканадаўствам. Зрэшты, гэта не адмаўляюць і спэцыялісты ў мясцовай управе па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС:


"Чыстыя населеныя пункты не падпадаюць пад закон аб сацыяльнай абароне пацярпелых і закон аб прававым рэжыме тэрыторый. Адпачынак у людзей будзе меншы, у жанчын — адпаведна й дэкрэтны адпачынак, скасоўваецца бясплатнае харчаваньне дзяцей — усё прыводзіцца ў адпаведнасьць з законам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG