Сабака выбягае да брамкі на падворак царквы Божай Маці «Спарыцельніцы хлябоў», як толькі мінак набліжаецца да сьвятыні. Падышоўшы да ўваходу, аўчарка пачынае злосна брахаць. На брэх ніхто з агароджанай царкоўнай тэрыторыі не абзываецца.
«Так, ёсьць у нас аўчарка з усімі дакумэнтамі. Мы яе выпускаем на ноч. Нас два разы абкрадалі. Нам міліцыя сказала: „Альбо сыгналізацыя, альбо службовы сабака“. Вось мы яго і ўзялі. Каму гэта не падабаецца? Сабака нясе службу з усімі дакумэнтамі. Ён чыстакроўны. Сабака нікога не чапае», — патлумачылі па тэлефоне ў царкве.
Паводле допісу жыхара Горак, які даслаў здымкі, у нядзелю апоўдні, калі ён зрабіў фота, храм быў зачынены. Як вынікае з абвесткі, набажэнствы ў выходныя дні адбываюцца толькі зранку.
Знаходзіцца царква побач з сельскагаспадарчай акадэміяй на рагу вуліц Цімяразева і Мічурына. З вуліцы відаць, што на тэрыторыі сьвятыні вядуцца будаўнічыя працы.