Глеб Вайкуль пакараны штрафам у 3 240 000 рублёў
Глеба Вайкуля суд аштрафаваў на 3 240 000 рублёў (18 базавых велічынь).
Глеб не выключае, што будзе абскарджваць прысуд.
Другі сьведка, міліцыянт Віталь Равека сказаў, што Вайкуль размахваў стужкай, якая была ў яго ў руцэ, стужка была 15 см даўжыней. Усяго, сьцьвярджае сьведка, у натоўпе было каля 100 чалавек, і зь іх на некалькіх удзельнікаў склалі пратаколы, ня толькі на Глеба Вайкуля.
Вайкуль паказаў судзьдзі фотаздымак з акцыі, на ягонай вопратцы ці ў руцэ не было бел-чырвона-белай стужкі, як кажуць міліцыянты. Здымак суд далучыў да справы. Адвакат Вайкуля ўказаў на шматлікія парушэньні ў складаньні пратаколу.
Сьведка, міліцыянт Уладзімер Данчанка, паказаў, што Вайкуль браў актыўны ўдзел у акцыі і махаў бел-чырвона-белай стужкай даўжынёй у 12 см. Паводле сьведкі, Вайкуль рабіў запісы ў пратакол. «Чаму тады запісаў Вайкуля ў пратаколе няма?» « Магчыма, ён нічога ў выніку не напісаў», — паправіўся сьведка.
Глеба Вайкуля абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 2 сьнежня. Сьцьвярджаюць, што ён там быў і размахваў бела-чырвона-белай стужкай. Вайкуль заявіў у судзе, што не прызнае сваёй віны, кажа, што ішоў у той дзень у БДУ, але дзьверы былі зачыненыя, а побач стаяў натоўп студэнтаў. Ён хацеў сысьці, але яго спыніў лейтэнант міліцыі і пачаў складаць пратакол за ўдзел у акцыі. Глеб Вайкуль не падпісаў пратакол.
«Бел-чырвона-белай стужкай я не размахваў, яна заўсёды прычэпленая да маёй торбы. Пратакол склалі без мяне», — заявіў суду Глеб Вайкуль.
На ўдакладненьне адваката Вайкуль распавёў, што ў пратаколе, які складаўся на плошчы каля БДУ, ён зрабіў запіс, што з пратаколам ня згодны, але гэтага запісу на цяперашнім пратаколе няма.
«Бо гэта ўжо іншы пратакол, таму я кажу, што пратакол склалі без мяне», — сказаў Вайкуль.
Справу студэнта Глеба Вайкуля разглядае судзьдзя Максім Сушко, а справу актывіста Максіма Вінярскага — судзьдзя Тацяна Матыль.