У Менску ўпершыню мае адбыцца эўрапейскі фэстываль дакумэнтальнага кіно «WATCH DOCS», прысьвечаны абароне правоў чалавека. Гэта адзін з найбуйнейшых у Эўропе фэстываляў дакумэнтальнага кіно ў справе абароны правоў чалавека. Заснаваны ён быў у Польшчы ў 2001 годзе. Гэта так званы «рухомы» фэстываль: штогод ён распачынаецца ў Варшаве, а пазьней вандруе па іншых гарадах і краінах Эўропы. Гэтак дакумэнтальныя стужкі фэстывалю штогод праглядаюць па шэсьцьдзесят тысяч чалавек.
У Беларусі «WATCH DOCS» мае адбыцца ўпершыню. Распачнецца ён у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека 10 сьнежня. Цягам чатырох дзён на дзьвюх менскіх пляцоўках пакажуць сямнаццаць конкурсных фільмаў, зьнятых кінадакумэнталістамі Францыі, ЗША, Ізраілю, Італіі і іншых краін.
Адна з арганізатарак імпрэзы ў Беларусі, кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская:
«Тэматыка кіно самая розная. Ёсьць цяжкая тэма канфлікту ў Сырыі, якому прысьвечаныя два фільмы. Адзін мае назву „Алепа — нататкі зь цемры“, другі — „Наш страшны край“. Рэжысэр аднаго з гэтых фільмаў Міхал Пшэдляцкі сустрэнецца з гледачамі 12 сьнежня. Гэта вельмі цікавы аўтар, які шмат здымае ў краінах, дзе ідуць збройныя канфлікты.
Цягам двух дзён будуць праходзіць так званыя сямейныя прагляды, прысьвечаныя ўзаемаадносінам бацькоў і дзяцей. Гэта аргентынскі фільм „Каралева“, польскі — „Дзеці тэлефануюць“, фільм з М’янмы пра дзяцей-аўтыстаў, пасьля якога адбудзецца сустрэча зь беларускімі бацькамі дзяцей-аўтыстаў. Будзе кітайскі фільм пра інтэрнэт-залежнасьць, і пасьля прагляду таксама сустрэча — зь лекарам-псыхолягам.
Тэме Ўкраіны прысьвечаны асобны блёк фэстывальных фільмаў. Яны распавядаюць пра найноўшую гісторыю Ўкраіны, гісторыю Майдану і валянтэрскі рух, які цяпер існуе ва Ўкраіне ў падтрымку абаронцаў яе цэласнасьці.
Вельмі важна адзначыць, што мы праводзім фэстываль безь якой-небудзь фінансавай падтрымкі. Таму вельмі разьлічваем на неабыякавасьць нашых людзей, на іх зацікаўленасьць у тым, каб гэты фэстываль змог адбыцца ў Менску. Было б вельмі файна, каб мы ўзялі за прыклад нашых суседзяў-украінцаў, якія аб’ядноўваюцца і ўласнымі сіламі робяць вялікія справы ў сваёй краіне. Фэстываль у Менску цалкам ляжыць на плячах валянтэраў, таму будзем удзячныя нават за самыя малыя ахвяраваньні. Нас можна знайсьці праз інтэрнэт-сайт фэстывалю».
Як дадала Тацяна Гацура-Яворская, кінапрагляды будуць бясплатныя.