Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіну рэфэрэндуму-96 у Менску адзначаць акцыяй са зьнічкамі


Акцыя па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ, арганізаваная Мікалаем Статкевічам, 29 кастрычніка 2015 году
Акцыя па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ, арганізаваная Мікалаем Статкевічам, 29 кастрычніка 2015 году

Былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень, апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікае правесьці вулічную акцыю памяці, прымеркаваную да 19-й гадавіны рэфэрэндуму 1996 году.

​«Акцыя пачынаецца а 18 гадзіне каля ГУМу, але гэта толькі месца збору. Фармат акцыі выкліканы нагодай — а гэта рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году, калі ў выніку сфальшаванага рэфэрэндуму была настолькі зьмененая Канстытуцыя, што яна перастала быць Канстытуцыяй, а ў Беларусі была ўсталяваная дыктатура. Гэтаму супраціўляліся. Лукашэнка пазбавіў пасадаў двух чалавек. Да рэфэрэндуму пазбавіў пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а потым, у час рэфэрэндуму, зьняў з пасады старшыню Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара. А потым, у 1999 годзе, гэтыя людзі былі выкрадзеныя і забітыя. Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі пахаваныя, але ведаем, дзе яны працавалі. Мы плянуем прыйсьці да гэтых месцаў, да Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтравыбаркаму, і там сьвечкамі ўшанаваць памяць пра гэтых герояў, якія загінулі за нашу свабоду», — распавёў Мікалай Статкевіч карэспандэнту Свабоды.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч плянуе, што акцыя пройдзе «спакойна», а ў грамадзтве стане «крыху менш страху». На думку палітыка, у Беларусі страх лякалізуецца ў пэўных вядомых грамадзкасьці месцах, а калі акцыя пройдзе спакойна, гэта стане паказальным для тысяч людзей, якія будуць «назіраць і перажываць». Варыянт з разгонам ці рэпрэсіямі адносна ўдзельнікаў акцыі Мікалай Статкевіч разглядае як падставу для некаторых эўрапейскіх палітыкаў перагледзець падыходы да афіцыйнага Менску. «Бо ў іх вачах чапаць людзей, які прыйшлі са сьвечкамі ўшанаваць памяць пра забітых — гэта дзікунства ў апошняй стадыі», — кажа спадар Статкевіч. «Тады ў спадара Макея ня хопіць аргумэнтаў, каб патлумачыць такія дзеяньні ўладаў».

Ці будуць на акцыі палітычныя лёзунгі? Паводле Мікалая Статкевіча, у сацыяльных сетках некаторыя наведнікі казалі, што будуць браць з сабой на акцыю зьнічкі ды лямпадкі, а таксама партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў. Мікалай Статкевіч гэта ўхваліў, а наконт палітычных лёзунгаў сказаў, што задуманы фармат акцыі гэтага не прадугледжвае.

24 лістапада 1996 году ў Беларусі прайшоў другі за новую гісторыю краіны рэфэрэндум. Тады галасавалі за два блёкі пытаньняў: блёк прэзыдэнта і блёк Вярхоўнага Савету. Афіцыйныя вынікі сьведчаць пра падтрымку народам прэзыдэнта і пра непадтрымку Вярхоўнага Савету. У прыватнасьці, большасьць людзей выказалася за перанос Дня незалежнасьці на Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, за зьмены ў Канстытуцыі, якія павялічылі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі на 2 гады і пашырылі ўладныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, а таксама супраць куплі й продажу зямлі ды супраць адмены сьмяротнае кары. А што да пытаньня Вярхоўнага Савету «Ці згодныя вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?», дык 65 адсоткаў беларусаў адказалі адмоўна. У апазыцыі гэта назвалі ўскосным доказам фальшаваньня.

Рэфэрэндум 1996 году адразу прызнала Расея, але так і не прызналі ў краінах Эўразьвязу, ЗША і большасьці краінаў дэмакратычнага сьвету. Шмат хто ў беларускім грамадзтве лічыць, што вынікі рэфэрэндуму ўладамі былі сфальшаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG