Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партал менскіх камунальнікаў 115.бел абяцае загаварыць па-беларуску


Апазыцыйны актывіст Юрась Меляшкевіч пратэсьціраваў інтэрнэт-сайт менскіх уладаў, які абяцае аблягчыць вырашэньне камунальных праблемаў.

Месяц у тэставым рэжыме па інтэрнэт-адрасе 115.бел працуе партал пад назвай «Мой горад», на які жыхары сталіцы могуць дасылаць свае паведамленьні пра праблемы ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і дамагацца іх вырашэньня.

Паводле жыхара менскай вуліцы Кедышкі Юрыя Меляшкевіча, партал 115.бел — рэч патрэбная, і ён ім ужо актыўна карыстаецца.

«Канечне, гэта карысна. У параўнаньні з „гарачай лініяй“ камунальнікаў 115, куды можна толькі пазваніць, а тым больш зь візытамі ў ЖЭС, дзе выслухаюць, але могуць нічога не зрабіць, ад такіх паведамленьняў больш эфэкту. Вось я паведаміў, што няма сьметніц каля пад’езду, і ўжо праз тыдзень яны зьявіліся. Праўда, два другія паведамленьні — пра старыя аўтамабілі — засталіся пакуль ня вырашанымі, але на адно хоць ёсьць адказ. То бок эфэктыўнасьць новай сыстэмы пакуль ацэньваю ў 50%. Але тое, што такая магчымасьць зьявілася і што ёсьць адваротная сувязь — гэта добра», — мяркуе Юры.

Партал 115.бел «Мой горад» адкрыў Цэнтар інфармацыйных тэхналёгіяў Менгарвыканкаму. Як сказана на сайце, ён «дае магчымасьць актыўным і неабыякавым жыхарам удзельнічаць у разьвіцьці свайго гораду, уплываць на паляпшэньне якасьці паслуг у сфэры ЖКГ».

Якія абавязкі бяруць на сябе арганізатары парталу адносна паведамленьняў менчукоў? Партал абяцае выставіць паведамленьне, якое адпавядае пэўным умовам, не пазьней як празь дзень, а за 8 дзён пасьля гэтага зрабіць праверку запыту і даць на яго адказ. Ці выконваюцца гэтыя тэрміны?

Юры Меляшкевіч кажа, што своечасова не атрымаў адказу толькі на адно паведамленьне з трох.

Партал мае мабільныя прыкладаньні для Android’а ды iPhone, але бяз пэўных тэхнічных праблемаў пакуль не абыходзіцца, заўважае карыстальнік.

Юры Меляшкевіч
Юры Меляшкевіч

«Ня ведаю як вы, але ў мяне пакуль даволі кепска сам партал працуе. Часта не магу злучыцца з сэрвэрам, па некалькі разоў яго перапампоўваю, ён думае. А вось мабільная вэрсія працуе значна хутчэй, таму ёй і карыстаўся. А сэрвэр, бачна, яшчэ вельмі сыры, зь ім трэба працаваць і працаваць».

Сярод патрабаваньняў да паведамленьняў менчукоў, акрамя тэхнічных, ёсьць і такое: пісаць альбо па-расейску, альбо па-беларуску. Юры Меляшкевіч кажа, што ўсе тры свае паведамленьні ў «Мой горад» дасылаў па-беларуску, а вось адказ атрымаў па-расейску. Гэта лічыць некарэктным. Калі гэта будзе папраўлена?

«Мы заўсёды імкнёмся адказваць на той мове, на якой да нас зьвярнуліся. Гэтак атрымалася. Выправімся», — паведаміла супрацоўніца Цэнтру інфармацыйных тэхналёгіяў і запісала дадзеныя незадаволенага карыстальніка. Паводле супрацоўніцы, з тэставага рэжыму працы ў звычайны партал 115.бел пяройдзе да Новага году, і крытычныя заўвагі будуць улічаныя.

Жыхары сталіцы Беларусі ўсё шырэй карыстаюцца ў розных сфэрах гарадзкога жыцьця сучаснымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Праз інтэрнэт стала магчымым замаўляць квіткі на самалёт і цягнік, плаціць падаткі, ня кажучы ўжо пра набыцьцё тавараў, у тым ліку харчоў. Але не заўсёды інтэрнэт-паслугі аблягчаюць жыцьцё менчукоў настолькі, як дэкляруюць гарадзкія службы. Ужо тры гады ў Менску дзейнічае сайт talon.by, які ствараўся дзеля таго, аб аблягчыць атрыманьне мэдычных паслугаў у паліклініках. Жыхарка Менску Вольга, якая абслугоўваецца ў 10-й паліклініцы, праз гэты сайт замаўляе талёнчыкі да лекараў, але часьцей стаіць па іх у шматгадзінных чэргах.

«Часта не бывае талёнаў. Гэтак на сайце, каб замаўляць талёны ў паліклінікі, напісана: талёны толькі праз рэгістратуру. То бок заяўлены інтэрнэт, а насамрэч часьцей працуе старая сыстэма — выдачы талёнаў у рэгістратуры. Пачынаюць з 18 вечара, але прыходзіць трэба з 16. Прыкладам, вось нядаўна брала талён да хірурга, было толькі 8 талёнаў, выстраілася вялікая чарга, чалавек 40, я была чацьвёртай, мне хапіла, а камусьці — не. Пэнсіянэр яшчэ можа прыйсьці раней, а калі чалавек працуе? А ў інтэрнэце, бывае, і на месяц наперад да вузкіх спэцыялістаў няма талёнаў. Асабліва ўлетку, відаць, калі адпачынкі пачынаюцца. Бо ахвотных падлячыцца становіцца больш, а лекараў, наадварот, менш».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG