Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бунт на караблі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Самай цікавай часткай рытуалу інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі была ягоная прамова. Яна была на рэдкасьць дзіўная і знамянальная. Гэта выявілася ня толькі ў агрэсіўна-палемічнай манеры. Выкрываць ворагаў ён любіць, робіць гэта часта і з задавальненьнем. Але раней кіраўнік Беларусі выкрываў апазыцыю, Захад, часам Расею. А вось цяпер сваю інаўгурацыйную прамову Аляксандар Лукашэнка фактычна прысьвяціў крытыцы рэфарматараў «з уладных кабінэтаў». Вельмі адметна, з чаго пачынаецца новы тэрмін ягонага прэзыдэнцтва.

Парадокс сытуацыі ў тым, што цяпер, пасьля выбараў, Аляксандар Лукашэнка публічна, часта і настойліва палемізуе са сваімі падначаленымі. Такой сытуацыі не было з 1996 году, калі ён стаў аўтарытарным кіраўніком дзяржавы. З той пары ён прэзэнтуе сябе як правадыр, «усенародна абраны бацька» нацыі, кожнае слова якога — нібы Сьвятое Пісаньне і Крымінальны кодэкс у адным фляконе. Што павінна здарыцца, каб ён зрабіў ласку пачаць дыскусіі зь нейкімі чыноўнікамі сваёй адміністрацыі, памочнікамі або міністрамі?

Гэта сьведчыць пра тое, што мы маем сур’ёзны крызіс вярхоў, раздрай, раскол у яго асяродзьдзі. Прапановы рэформаў гучаць рэфрэнам з вуснаў чыноўнікаў ураду і Адміністрацыі прэзыдэнта. Калі не ў грамадзтве, то ў асяродзьдзі вышэйшай намэнклятуры чаканьне пераменаў стала дамінуючым. Менавіта гэтым і тлумачацца такія дзівосы ў паводзінах кіраўніка дзяржавы.

Калі не ў грамадзтве, то ў асяродзьдзі вышэйшай намэнклятуры чаканьне пераменаў стала дамінуючым.

Здавалася б, што за праблема для ўладарнага аднаасобнага кіраўніка здушыць «бунт на караблі»? Бо калі генэрал уступае ў дыскусію з салдатамі, то штосьці ў гэтым войску ня так.

Справа ня толькі ў тым, дзе знайсьці гэтулькі іншых кіраўнікоў, не заражаных рэфарматарскімі ідэямі. Праблема ў тым, што тэма рэформаў выйшла за межы ўладных кабінэтаў, нарад у прэзыдэнта і пасяджэньняў ураду. Яна захапіла шырокі пласт кіраўнічай эліты.

Менавіта таму для Аляксандра Лукашэнкі цяпер прынцыпова важна перамагчы рэфарматараў ідэйна, з усёй пралетарскай нянавісьцю разьвянчаць, выкрыць іх перад народам, публічна прыгваздаць да ганебнага слупа, размазаць па сьцяне, паказаць іх капыты, рогі і хвост. Гэтаму і была прысьвечана інаўгурацыйная прамова.

І вось тут ва ўсёй красе прэзыдэнт прадэманстраваў свой незвычайны талент палеміста. Яго выступ — гэта клясыка, вышэйшая форма сацыяльнай дэмагогіі. Ён выкарыстаў самыя выдасканаленыя аргумэнты, эмацыйныя вобразы, падмену паняткаў, каб стварыць высакавольтнае напружаньне, зрабіць з апанэнтаў карыкатуру, напалохаць народ рэформамі. «Народу ўкідваюць розныя ідэі, прымушаюць думаць, але яму патрэбна генэральная лінія, каб яго хтосьці вёў», — лічыць ён. І каб народ раптам не пачаў думаць, Аляксандар Лукашэнка намаляваў маніхейскую карціну барацьбы паміж дабром і злом, якая разгортваецца на нашых вачах.

Лукашэнка выкарыстаў самыя выдасканаленыя аргумэнты, эмацыйныя вобразы, падмену паняткаў, каб стварыць высакавольтнае напружаньне, зрабіць з апанэнтаў карыкатуру, напалохаць народ рэформамі.

Зразумелая рэч, беларускі лідэр прамаўляе ад імя сіл дабра, увасабленьнем якога выступае створаная ім нябачаная ў сьвеце сацыяльная дзяржава. «Мы апранулі людзей... Мы стварылі самую наймагутную ў сьвеце сыстэму аховы здароўя... Сёньня ў любой дзяржаве, куды б я ні прыехаў, мяне просяць: дапамажыце падрыхтаваць лекараў, дапамажыце падрыхтаваць інжынэраў... Да нас немцы прыяжджаюць і зайздросьцяць». Усё гэта Аляксандар Лукашэнка вяшчае на поўным сур’ёзе.

І вось сілы зла ў асобе блюзнераў-рэфарматараў, нібыта, хочуць разбурыць гэтую сацыяльную дзяржаву, падымаюць руку на самае сьвятое — на старых, дзяцей. Рэформы, палохае прэзыдэнт, — гэта падвышэньне пэнсійнага ўзросту, платная мэдыцына і адукацыя.

Урэшце Аляксандар Лукашэнка прыводзіць забойны аргумэнт: «І за гэтыя рэформы сёй-той сёньня ў сьвеце гатовы шмат заплаціць». То бок, вы зразумелі, рэфарматары — гэта платныя агенты зьнешніх сіл! Нельга не захапіцца паліттэхналягічнай прыгажосьцю намаляванай карціны.

І, як гэта часта бывае зь ім, Аляксандар Лукашэнка прагаворваецца пра сапраўдную прычыну, з-за якой ён так люта адхіляе насьпелыя пераўтварэньні. «Што гэта за структурныя рэформы? Але калі хтосьці за рэформы, то будзьце сумленныя і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўны лад». Вось яна, ключавая фраза, квінтэсэнцыя ўсяго выступу. Інакш кажучы, рана ці позна рэформы прывядуць да зьмены аўтарытарнай сыстэмы, абмежаваньня аднаасобнай улады, і нават, крый Божа, да свабодных выбараў. А гэта ўжо амаль канец сьвету.

У той сацыяльна-эканамічнай драме, якую перажывае сёньня Беларусь, няма выбару, які абмаляваў Лукашэнка, — выбару паміж добрым і дрэнным. Выбар трэба рабіць паміж двума дрэннымі варыянтамі.

На самой справе ў той сацыяльна-эканамічнай драме, якую перажывае сёньня Беларусь, няма выбару, які абмаляваў Лукашэнка, — выбару паміж добрым і дрэнным. Выбар трэба рабіць паміж двума дрэннымі варыянтамі. Рэформы, вядома, працэс балючы. Але плата за захаваньне статус-кво таксама вельмі высокая. Тое, што сярэдні заробак у краіне абваліўся за год на траціну, і ёсьць тая цана, якую плаціць грамадзтва за адсутнасьць рэформаў, за захаваньне шмацьця сацыяльнай дзяржавы. Таму што ў рэальнасьці ад гэтай сацыяльнай дзяржавы ўжо мала што засталося. Бясплатная мэдыцына вельмі нізкай якасьці. Адукацыя стала ў значнай ступені ўжо платнай, ва ўнівэрсытэтах больш як палова студэнтаў навучаецца за свой кошт.

Сапраўдная дылема, якая паўстала перад Беларусьсю, — гэта выбар паміж шокавай тэрапіяй і шокам без тэрапіі, паміж разьвіцьцём, якое могуць забясьпечыць рэформы, і застоем, загніваньнем і дэградацыяй, калі нічога не рабіць.

«Ёсьць беларускі народ! І яму я гатовы і буду служыць да апошніх дзён, колькі ён будзе мне давяраць», — парадаваў А. Лукашэнка суграмадзян на заканчэньне свайго інаўгурацыйнага выступу. Хто б сумняваўся, што ён зьбіраецца кіраваць «да апошніх дзён». І хай народ паспрабуе не даверыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG