Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горда седзячы ў кустах, Айчыну не ўратуеш


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Разумею пачуцьці сапраўдных патрыётаў Беларусі. Хочацца, каб усё было па-нашаму. Няхай не дэмакратычна, няхай так, як ёсьць, толькі каб замест Лукашэнкі быў свой кумір. І мова, ясная рэч, каб паўсюль была, і кітайская сьцяна на мяжы з Расеяй. А так… Ня трэба ніякіх перамен.

Тое ж вам і любы чыноўнік скажа, і бюджэтнікі – цераз аднаго, і нават прадпрымальнікі, хто «пад дахам».

Перамены – гэта Эўропа з геямі, вось што гэта такое. Мы чалавечую цывілізацыю бачым, галоўным чынам, ззаду, так і ацэньваем. Правільна прэзыдэнцкі памочнік сказаў: у грамадзтве на рэформы запыту няма. І ў гэтым сапраўдныя патрыёты аднадушныя з ідэолягамі, сілавікамі, вэртыкальлю і РПЦ.

Найбольш раздражняе Караткевіч – і асобай сваёй, і ўдзелам у палітыцы, а галоўнае – дэклярацыяй сваіх «мірных перамен». Ня трэба ніякіх перамен. Лідэра памяняць, сымболіку, вось і ўся перамена. А там хоць дыктатура, хоць што. Нават і добра, каб дыктатура, свая. Каб гэтых усіх эфэсбэшных пігаліцаў прыжучыць, і Караткевіч першую, хоць яна і ніхто.

І вось цяпер самае галоўнае. Ці патрэбныя ў Беларусі перамены?

Калі кажаш так, шукаеш сілы, грамадзкую падтрымку ці хоць бы вядомасьць. Калі ня моцны ўплываць на дзейны рэжым, спрабуеш прабіцца ва ўладу, каб адтуль зьмяняць сытуацыю і набірацца сіл. Рэжым і сам прызнае сваю стомленасьць і тое, што новыя пакаленьні прыходзяць з новай мэнтальнасьцю – гэта, напэўна, палохае, але гэта – непазьбежнасьць. Адсядзецца не атрымаецца.

Калі кажаш – не, тады ва ўсіх, хто кажа так, бачыш сваіх ворагаў, большых за рэжым, і абвяшчаеш ім вайну на зьнішчэньне. У гэтым цяпер галоўная твая мэта. Можа быць, сам сабе ты малюесься захавальнікам сьвятога агню, але насамрэч сядзіш з плявальніцай у кустах, вось і ўся твая місія. І перамен ты баісься таму, што любыя перамены ў Беларусі разбураюць тваю скамянелую візію таго, як павінна быць.

Можна з кустоў заклікаць Эўразьвяз, каб прыслаў у кусты Лукашэнку – для перамоваў. Але гэта зусім спэцыфічная пазыцыя.

Выснова такая. У Беларусі паўстае новы падзел сілаў. І ня так, што сапраўдныя патрыёты ў адзін бок, а лукашысты ў другі. Развод адбываецца паводле прынцыпу перамен. Паводле прынцыпу дэмакратыі, свабоды і эўраінтэграцыі – бо гэта, уласна, і ёсьць перамены. Будуць з гэтага боку і патрыёты (апазыцыйныя), і лукашысты (праўладныя). І сярод тых, хто гэтага ўсяго мэнтальна не прымае і ня прыме ніколі, таксама будуць і патрыёты, і лукашысты. Менавіта гэты антаганізм (патрыёты і лукашысты) ва ўмовах стомленага рэжыму і старой ва ўсіх сэнсах апазыцыі перастае працаваць.

А пераможа той, у каго будзе болей розуму, навізны, пачуцьця гумару і рэальнай дзейнасьці, а значыць, большая грамадзкая падтрымка. Горда седзячы ў кустах, Айчыну не ўратуеш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG