Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: беларускія калгасы нагадваюць Леніна ў маўзалеі


За апошнюю пяцігодку ў аграрны комплекс Беларусі ўкладзена 43,8 мільярда даляраў. Гэтую лічбу назваў сёньня старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Нягледзячы на такія ўліваньні, значная частка колішніх калгасаў, якія называюцца цяпер сельгаспрадпрыемствамі, застаюцца стратнымі.

Фінансаваньне дзяржаўных праграмаў аграпрамысловага комплексу за 2011–2015 гады склала 410 трыльёнаў рублёў, альбо 43,8 мільярда даляраў, падкрэсьліў Міхаіл Мясьніковіч. Ён адзначыў, што гэтыя немалыя грошы не заўжды выкарыстоўваюцца эфэктыўна:

«Нас ня можа не турбаваць, што фінансавыя абавязаньні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складаюць сёньня 85 трыльёнаў рублёў. Гэта супастаўляльна з усёй выручкай за прадукцыю, якая чакаецца па выніках 2015 году. Нават калі ўлічваць, што 30 трыльёнаў з гэтай сумы — доўгатэрміновыя крэдыты.

Нямала сельскагаспадарчых прадпрыемстваў праблемныя. І па іх трэба прымаць асобнае рашэньне».

Размовы пра неэфэктыўнасьць беларускага аграрнага комплексу вядуцца бясконца, адзначае эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі
Міхась Залескі

«Ёсьць такі эканаміст Леанід Злотнікаў. Дык ён любіць казаць, што каб на гэтыя 43 мільярды закупіць жратвы, дык кожны беларус еў бы чорную ікру, намазваючы яе на амэрыканскі хлеб з новазэляндзкім маслам.

Паглядзіце, якая запазычанасьць! Калі правільна палічыць, дык крэдыторская ў 17 разоў перавышае дэбіторскую. Прасьцей кажучы, 17 разоў банкруты!

Тут нічога ня зробіш, бо наша сельская гаспадарка нагадвае мне Леніна ў маўзалеі. Чаму? Таму што гэтыя калгасы здохлі яшчэ ў 1935 годзе. Пасьля іх рэанімавалі самым жорсткім чынам. А цяпер сельская гаспадарка ўжо не рэанімуецца наагул. Яна ўжо ператварылася ў мумію. А яе падтрымліваюць у таварным выглядзе. І, канечне, гэта каштуе шалёных грошай».

У гэтым кантэксьце віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага папрасілі патлумачыць, як адаб’ецца на аграрным комплексе Беларусі магчымае ўступленьне краіны ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Тым болей, што два партнэры Беларусі па Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а менавіта Расея і Казахстан, ужо далучыліся да гэтай міжнароднай арганізацыі і мусяць улічваць яе правілы.

Намесьнік кіраўніка ўраду сказаў, што такая праца вядзецца ўжо даўно. Да яе падключаныя ня толькі чыноўнікі, але і навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук:

«Для нас галоўнае — ня проста ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а на якіх умовах.

Мы паглядзелі і прааналізавалі, як гэта зрабіў Казахстан. Скажу, што на такіх умовах мы туды ня пойдзем, для нас гэта непрымальна.

І кожная краіна ўваходзіць са сваімі ўмовамі. Напрыклад, Японія і мы — гэта будуць зусім розныя ўмовы. Многія думаюць, што Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя — гэта адна арганізацыя, дзе ўсе гуляюць па адных правілах. Не заўжды так. Таму ўсё пралічваецца, у тым ліку і меры дзяржаўнай падтрымкі».

На думку Русага, далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі на ўмовах Казахстану прынясе беларускаму аграрнаму сэктару даволі вялікія страты, напрыклад, у галіне вытворчасьці цукру і сухога малака.

Далучыцца Беларусь да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі альбо не, гэта прынцыпова не паўплывае на аграпрамысловы комплекс краіны — перакананы Міхась Залескі:

«Калі мы паглядзім на статыстыку, то мы ўбачым, што 98% нашых зьнешнегандлёвых апэрацыяў адбываюцца з краінамі-ўдзельніцамі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Так што ўступім мы туды ці ня ўступім, нічога ня зьменіцца.

А вось наконт таго, ці можам мы пацярпець ад гэтага, то тут Русы назваў абсалютна канкрэтныя рэчы. Гэта — цукар і САМ (сухое абястлушчанае малако). А каб гэтага не было, то трэба рабіць якасным звычайнае малако. Каб у нас куплялі ня САМ, а нейкае іншае. Каб вырабы з малака ішлі на экспарт. Ня так даўно мы пастаўлялі ў Расею 380 тысяч тон цукру на год. А пасьля яны нам зрэзалі на 200 тысяч тон пастаўкі. Дык пры чым тут Усясьветная гандлёвая арганізацыя?!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG