Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім школьнікам задалі сачыненьне: «Што будзе, калі ЗША стануць кіраваць сьветам?»


Навучэнка Менскага раённага ліцэю ў Ратамцы папрасіла сястру дапамагчы напісаць эсэ на тэму «Што будзе, калі Амэрыка стане кіраваць сьветам». Калега сястры, даведаўшыся пра такое заданьне, зьбіраецца пісаць скаргу ў дзяржаўныя органы на тое, што вучняў схіляюць да варожага стаўленьня да ЗША.

«Пра заданьне мы даведаліся ад ліцэістаў. 11-клясьнікі атрымалі яго ў рамках прадмета „Сусьветная гісторыя“. Было неабходна напісаць эсэ на тэму: „Што будзе, калі Амэрыка стане кіраваць сьветам“. Ад аднаго з навучэнцаў таксама паступіла інфармацыя, што эсэ павінна накіроўвацца ў аддзел ідэалёгіі для высьвятленьня ўзроўню патрыятызму ў дзяцей», — паведаміла Свабодзе калега сваячкі адной з 11-клясьніц ліцэю, які знаходзіцца ў Ратамцы.

Ліцэістка папрасіла сястру дапамагчы выканаць заданьне

Жанчыну абурыла такое заданьне. Яна зьбірае інфармацыю, каб напісаць скаргу ў дзяржаўныя органы:

Гэта ня толькі абсурдна, але і амаль злачынна.

«Наўрад ці настаўнік гісторыі будзе проста так даваць падобныя заданьні дзецям. Як правіла, такое адбываецца на распараджэньне зьверху. Мы спрабуем высьветліць, ці былі падобныя сытуацыі ў іншых навучальных установах, таму што давяраць толькі словам дзяцей складана. Разам з тым дзіця зьвярнулася да сваякоў з просьбай дапамагчы напісаць эсэ пра сусьветнае дамінаваньне ЗША. Таму такое заданьне сапраўды было дзецям дадзена. Я лічу, што гэта ня толькі абсурдна, але і амаль злачынна. Калі гэта ня выдумка аднаго настаўніка, а цэлая сыстэма, то я маю намер пісаць скаргу ў органы дзяржаўнага кіраваньня. Я лічу такі падыход злачынным — і ў дачыненьні да дзяцей, і ў дачыненьні да сытуацыі ў цэлым».

«Наступным крокам будзе вайна з ЗША?»

Тлумачачы, у чым яна бачыць злачыннасьць такога заданьня, жанчына сказала, што наступным крокам з боку пэдагогаў можа быць заклік да збройнага супрацьстаяньня з Амэрыкай:

Прапаноўваць дзецям такую тэматыку недапушчальна: гэта закладае ў іх галовы ідэю пра віртуальную магчымасьць для адной краіны кіраваць усім сьветам.

«Па-першае, напісаньне падобнага эсэ ня можа быць індыкатарам патрыятызму. Гэта не інструмэнт ацэнкі ўзроўню патрыятызму ня толькі ў дзяцей, але і ў каго заўгодна. Па-другое, прапаноўваць дзецям такую тэматыку недапушчальна, таму што гэта закладае ў іх галовы ідэю пра віртуальную магчымасьць для адной краіны кіраваць усім сьветам. Такога не павінна быць. Я лічу, што гэта непэдагагічна. Асабліва сёньня, калі Беларусь займае пазыцыю ініцыятара мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне. Нельга падбухторваць да непрыязі да адной краіны. Наступным крокам, відаць, будзе заклік да вайны з Амэрыкай».

Настаўніца гісторыі: Я проста распавяла пра пляны Абамы, а дзеці падумалі, што гаворка пра лідэрства ЗША

Радыё Свабода зьвярнулася да Кацярыны Захаравай, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства ў Менскім раённым ліцэі ў Ратамцы, з просьбай патлумачыць сутнасьць заданьня, якое абурыла сваякоў ліцэісткі.

«У 11-м клясе па сусьветнай гісторыі мы праходзілі тэму, прысьвечаную Злучаным Штатам Амэрыкі. Вывучалі ўсіх прэзыдэнтаў, характэрныя рысы іхняй палітыкі. На сучасным этапе разглядалі палітыку Барака Абамы — унутранае і зьнешняе разьвіцьцё краіны. Я распавяла пра частку плянаў цяперашняга прэзыдэнта і дала заданьне апісаць свае ўражаньні наконт будучыні Амэрыкі, закрануўшы зьнешнепалітычныя і ўнутрыпалітычныя аспэкты. Гаворка не вялася ні пра якае лідэрства ЗША на сусьветнай арэне. Я проста папрасіла, грунтуючыся на пададзеным матэрыяле, апісаць свае ўражаньні пра тэндэнцыі ў разьвіцьці Амэрыкі. Відаць, дзеці зразумелі так, нібыта я аддаю перавагу ЗША. Але ні ў якім разе такога не было і быць не магло».

Кацярына Захарава сказала, што давала ліцэістам толькі тую інфармацыю пра ЗША, якая зьмяшчаецца ў падручніку:

«Закраналася толькі тое, што прадугледжваецца падручнікам па сусьветнай гісторыі, — увядзеньне войскаў у Лібію, спосабы пераадоленьня крызіснай сытуацыі ўнутры краіны, а таксама тое, як арганізоўваецца барацьба зь беспрацоўем і беднасьцю ў ЗША. Я папрасіла прааналізаваць усё гэта і сказаць, наколькі эфэктыўныя палітычныя памкненьні Барака Абамы».

Настаўніца падкрэсьліла, што заданьне стандартнае і не павінна перадавацца ў аддзел ідэалёгіі. Правяраць заданьні мае толькі яна сама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG