На Радыё Свабода зьвярнуўся берасьцеец Андрэй Кавальчук. 10 кастрычніка ён з трыма сваімі сябрамі выехаў на аўтамабілі зь Берасьця ў Менск, каб трапіць на шэсьце нацыянальнага сьцягу. Да сталіцы хлопцы не даехалі.
На выезьдзе з горада машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ разам зь людзі ў чорным. Хлопцаў груба выцягнулі з аўтамабіля, у машыне ўчынілі ператрус. На пытаньне, што адбываецца, міліцынты адказалі, што адзін з хлопцаў вельмі падобны да нейкага бандыда, у іх, маўляў, ёсьць арыеціроўка. Потым усіх чацьвярых даставілі ў Маскоўскі РАУС Берасьця. Там склалі на ўсіх пратаколы аб нецэнзурнай лаянцы і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе пратрымалі да панядзелка.
У ізалятары да іх прыходзілі людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, запытваліся, ці ваявалі яны на Данбасе, як ставяцца да сытуацыі ва Ўкраіне, навошта яны езьдзілі ва Ўкраіну. (Хлопцы — футбольныя фанаты, ў пачатку верасьня езьдзілі ў Львоў на футбольны матч Беларусь — Украіна). Супрацоўнікі КДБ пагражалі маладым людзям, што выклічуць яшчэ і будуць правяраць на так званым «паліграфе» (дэтэктары ілжы).
12 кастрычніка зь ІЧС маладых людзей прывезьлі ў суд Маскоўскага раёна Берасьця. На судзе хлопцы сваёй віны не прызналі, і судовае паседжаньне перанесьлі на 21 кастрычніка, паабяцаўшы, што выклічуць у якасьці сьведкаў супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія іх затрымлівалі.