Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне ў шпіталі: «Фігай за Лукашэнку»


Ян Грыб
Ян Грыб

Старшыня Рады рэгіянальнай філіі Таварыства беларускай мовы Ян Грыб кажа, што на прэзыдэнцкіх выбарах ён прагаласаваў фігай.

У асноўны дзень галасаваньня 11 кастрычніка ён быў у кардыялягічным аддзяленьні № 3 шпіталя хуткай дапамогі ў Менску, дзе хворыя галасавалі ў добраахвотна-прымусовым парадку. Спадар Ян распавёў Свабодзе, як гэта адбывалася:

Галасаваньне ў шпіталі: «Фігай за Лукашэнку»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

«Заходзіць дэлегацыя зь пяці чалавек у белых халатах. Адзін вельмі салідны чалавек урачыста нясе скрыню для галасаваньня. Хлопцы з палаты моўчкі ўзялі бюлетэні і паклалі іх у скрыню. Дэлегацыя запытвае: а хто ў вас Грыб? Адказваю: шаноўнае спадарства! Прашу колькі хвілін вашай увагі. Па-першае, я не карыстаюся, ня ведаю і не люблю расейска-маскоўскай мовы. Па-другое, грамадзянін Лукашэнка ні паводле Канстытуцыі, ні паводле маральных нормаў ня мае права балятавацца. А ўсе іншыя трое — гэта фігуры, ня вартыя ўвагі. Упэўнены, што ўжо ўсё падрыхтавана, Лукашэнку забясьпечана чарговая „элегантная“ перамога, таму я ў гэтым цырку ня ўдзельнічаю, і да мне нават не падыходзьце.

Гэтая дэлегацыя спачатку аслупянела і стаяла моўчкі, а пасьля адзін нарэшце прыйшоў у сябе, кажа — мы зразумелі вашу пазыцыю, і ўсе выйшлі. А пасьля... Цягам дня загадчыца аддзяленьня пяць разоў падыходзіла: ну Іван Іванавіч, прагаласуйце, калі ласка — яны ж галаву зь мяне здымуць! Урэшце я сказаў: добра, толькі я на бюлетэні намалюю фігу. А яна — калі ласка, калі ласка — толькі вазьміце бюлетэнь. Я папярэдне ў блякноце павучыўся маляваць фігу, каб харошая была. Прыйшла зноў гэтая дэлегацыя, я ўзяў бюлетэнь, на іхніх вачах перакрэсьліў, намаляваў фігу і апусьціў у скрыню. Ярмошына палічыць гэта „за“ — няма сумневу».

Ян Грыб мяркуе, што адміністрацыі шпіталя быў даведзены загад пра 100% галасаваньне хворых, і гэты адсотак яны былі вымушаныя забясьпечыць. І вось чаму:

«Напярэдадні Лукашэнка выступіў і выказаў сваю мару, што, маўляў, ён такі ўплывовы кіраўнік, што яму няёмка выйграваць з вынікам меншым, чым 80%. І ягоныя паслугачы ўзялі гэтае пасланьне як задачу для сябе і праграму для выкананьня, якую старанна выканалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG