Паводле закону праз два месяцы папярэдняга сьледзтва альбо падсьледны павінен быць вызвалены альбо прынятае адмысловае рашэньне аб працягу сьледзтва на 3 альбо на 6 месяцаў.
Сёньня начальнік аддзелу інфармацыі сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч паведаміў «Прэсболу»: «Сьледзтва працягваецца. Мера стрыманьня пакінутая бязь зьменаў».
Як нагадвае газэта «КП у Беларусі», Уладзімер Беражкоў «не адно дзесяцігодзьдзе змагаўся з карупцыяй у спорце, на яго падавалі ў суд, ён з гонарам выходзіў з розных няпростых сытуацый».
У юнацтве ён быў хакеістам, 8 гадоў — віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнай фэдэрацыі хакею, у 1991 годзе стварыў і на працягу 19 гадоў узначальваў папулярную газэту «Прэсбол».
Пасаду генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Беражкоў узначаліў 3 гады таму.
У ліпені сёлета, пасьля фінансавай праверкі дзейнасьці клюбу, быў арыштаваны тагачасны гендырэктар «Дынама-Менск» Максім Суботкін, Беражкоў быў прызначаны выканаўцам абавязкаў гендырэктара, але праз 3 тыдні таксама арыштаваны.