«Захад не прызнаў беларускія выбары свабоднымі і справядлівымі. Ці пагаджаецеся вы з такой ацэнкай? Чаму?» Апытаньне на вуліцах Менску.
Маладая спадарыня: «Па магчымасьці вольныя, я б сказала так. Зрабілі ўсё, каб склалася ілюзія, што ў нас усе могуць балятавацца. Таму лічыцца, што так».
Супрацоўнік кампутарнай кампаніі: «Не, не лічу свабоднымі і справядлівымі, хоць яго і падтрымлівалі, пэўна, больш, чым у 2010 годзе. Ну, а тое, што падлічылі як падлічылі — дык у нас заўсёды гэтак. Паказальна, як адрозьніваюцца лічбы там, дзе былі назіральнікі, і там, дзе іх не было. Матэрыялаў на гэтую тэму дастаткова».
Юначка: «Я думаю, што яны сапраўды былі несвабодныя і несправядлівыя, бо сам Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнтам будзе ён, нават калі галасоў яму ня хопіць. Я сама бачыла ягоны выступ і лічу, што ўсё было несправядліва».
Спадар сярэдніх гадоў, дырэктар крамы: «Казаць можна ўсё што хочаш — гаварыць не забаронена. А тое, што загадзя вядома, каго выберуць, то так. І не таму, што штосьці было ня так, а таму, што людзі так настроеныя выбраць аднаго — вось і ўсё».
Юначка-студэнтка: «Мне падаецца, што не справядліва. Бо не рэальна, каб за аднаго кандыдата больш за восемдзесят адсоткаў, а ў іншых кандыдатаў нічога».
Юнак: «Згодны. Бо ў нас няроўныя ўмовы для прэзыдэнцкай кампаніі. Выбару ў нас няма, канечне. Таму вынік быў прагназаваны, так і атрымалася, на жаль».
Юначка, супрацоўніца агенцтва нерухомасьці: «Я лічу, што выбары адбыліся. Але я думаю, што працэнт пераможцы завышаны, хоць не разумею, навошта. Я галасавала за Тацяну Караткевіч, і, на думку маю і маіх знаёмых, яна набрала ня менш за 30%. Але яна дамаглася таго, што хацела — паказаць дзейнай уладзе, што ня ўсё так адназначна. Прынамсі, сапраўдныя вынікі яны ведаюць, і спадзяюся, што нейкія меры ўлада прыме».