Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ: «Можа, на 30% участкаў мы не змаглі назіраць за падлікам галасоў»


Прэс-канфэрэнцыя назіральнікаў АБСЭ
Прэс-канфэрэнцыя назіральнікаў АБСЭ

На выніковай прэс-канфэрэнцыі назіральнікі АБСЭ адказалі на асноўнае пытаньне, ці была магчымасьць сачыць за падлікам галасоў.

Заяву міжнародных назіральнікаў прадставіў 12 кастрычніка ў гатэлі «Беларусь» спэцкаардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ Кент Харштэт.

Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода: Вы сказалі, што адна з праблемаў, зь якой вы сустрэліся, — гэта немагчымасьць назіраць падчас падліку галасоў. Хто-небудзь з вас асабіста, спадарства, ці хто-небудзь з усёй каманды АБСЭ мог прысутнічаць падчас падліку ўсіх галасоў да канца хоць на адным участку?

Кент Харштэт, спэцкаардынатар АБСЭ: «Справа ня ў тым, каб прысутнічаць. Нам дазволілі прысутнічаць. Пытаньне ў тым, што можна прысутнічаць, але ня мець магчымасьці назіраць. Таму што калі вы ня можаце бачыць, вы пачынаеце ставіць пад сумнеў прычыну сваёй прысутнасьці там... Гэта вельмі важная частка таго, што значыць быць назіральнікам.

З ранейшага досьведу — я тут быў у 2010 і ў 2012 гадах — у цэлым у дзённы час усё добра працуе на выбарчых участках. Але калі надыходзіць этап падліку галасоў... Я мушу з расчараваньнем сказаць, што ў нас было вельмі шмат абмеркаваньняў гэтага пытаньня. Мы атрымлівалі пазытыўныя адказы з ЦВК, што будзе прагрэс. І я асабіста атрымаў запэўніваньне, што назіральнікі АБСЭ змогуць бачыць падлік.

Кент Харштэт
Кент Харштэт

Мы пыталіся і пра нацыянальных назіральнікаў. І нам далі пацьверджаньне, што вы будзеце сачыць за падлікам галасоў. Але сытуацыя адрозьнівалася на розных выбарчых участках. І занадта шмат дзе, можа нават на 30 працэнтах участкаў, мы не змаглі назіраць за працэсам падліку галасоў.

Гэта выклікае заклапочанасьць. Асабліва ў сьвятле таго, што ў нас быў канструктыўны дыялёг на гэтую тэму і мы думалі, што мы дасягнулі паразуменьня аб тым, што ў нас будзе прагрэс у гэтым кірунку. І таму мы вельмі заклапочаныя тым, што мы не прасунуліся наперад.

Я вельмі асабіста расчараваны».

Джым Ўолш
Джым Ўолш

Джым Ўолш, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ: «Я працягну адказ калегі. Я думаю, многія з нашых назіральнікаў, больш за 50%, мелі магчымасьць назіраць за галасаваньнем. Нягледзячы на тое, што ў нас былі абмежаваньні, мы маглі гэта зрабіць. Вы пыталіся, ці асабіста я мог назіраць? Я мог, напрыклад. Я даволі блізка стаяў і назіраў. Тым ня менш я мог назіраць толькі тыя, што падлічвалася блізка да мяне. А ня тыя, што ляжалі далёка.

З майго досьведу ўдзелу ў выбарах, я ня думаю, што падлік адлюстроўваў вынікі тых галасоў, якія былі аддадзены падчас датэрміновага галасаваньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG