Вячэрні Менск
Лукашэнку на выбарах падтрымалі больш за 80% выбаршчыкаў - дзяржаўныя экзытполы
Каля 100 актывістаў сабраліся на Плошчы, разгарнулі расьцяжкі і сьцягі
На Кастрычніцкай плошчы анархіст разаслаў чырвоны сьцяг і пратэстуе супраць любых выбараў
Анархіст і мастак Юры Ўрсоў зладзіў на Кастрычніцкай плошчы артыстычную інсталяцыю, галоўны сэнс якой – пратэст супраць любых выбараў і любой улады.
Ён расклаў на плошчы чырвоны сьцяг, цацачны аўтамат і ўлёткі. Сам анархіст надзеў маску і ўзяў у рукі паперку зь лёзунгам «Выборы – буржуазный інстытут».
“Я лічу, што выбары – гэта буржуазны інстытут, і тое, што робіць лібэральны Захад, спрабуючы сказаць, што Беларусь – кепская краіна, якая жыве савецкім мінулым, лічу няправільным. Я зьяўляюся анархістам і выступаю супраць дзейнай улады. Я выступаю за тое, каб грамадзтва было поўнае рэвалюцыйных мастакоў і каб не было ніякай улады”, – заявіў ён у інтэрвію Свабодзе.
Афіцыйна: На другім месцы — кандыдат «супраць усіх»
Толькі што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошынаабвясьціла вынікі галасаваньня на закрытых участках у Беларусі — гэта тычыцца вайсковых частак, шпіталяў і санаторыяў.
Тут атрыманыя наступныя дадзеныя:
1-е месца — Аляксандар Лукашэнка з 89%
2-е месца — «супраць усіх»
3-е месца Тацяна Караткевіч
4-е месца Сяргей Гайдукевіч
5-е месца Мікалай Улаховіч
Замежная прэса пра беларускія выбары: «разьлічвае працягнуць», «гатовыя пераабраць», «будзе пераабраны»
Якую карціну беларускіх выбараў малюе прэса за мяжой? Свабода прыводзіць цытаты з артыкулаў замежных СМІ пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі шмат якія замежныя СМІ вырашылі распавесьці пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Некаторыя, як Deutche Welle, згадваюць пра «глыток сьвежага паветра» напярэдадні выбараў, іншыя, як Al Jazeera, даюць слова самім беларусам, «галасам надзеі і апатыі». Расейскія англамоўныя прапагандысты трымаюцца нэўтральнай пазыцыі. У перамозе Лукашэнкі не сумняецца ніхто: адны лічаць, што ў Лукашэнкі няма канкурэнтаў, іншыя кажуць пра аднаго канкурэнта, які ня зможа дамагчыся другога туру.
Статкевіч пра пратэстоўцаў на плошчы: Мая павага гэтым людзям
«Гэта маральны крок. На жаль, у мяне два абмежавальнікі. Я заявіў сваю пазыцыю „ігнору“ і я ігнарую гэтую дату. І яшчэ я атрымаўся лідэрам акцый, якія праходзілі на працягу так званай агітацыйнай кампаніі. І калі я ўзначальваю акцыю з 50 чалавек, то будуць казаць, што ўся апазыцыя правяла апошнюю Плошчу з 70 чалавек — гэта будзе выкарыстоўвацца. Але мая павага гэтым людзям — гэта, безумоўна, патрэбна. Гэта падзея, якая ня будзе лішняй», — заявіў Статкевіч у эфіры Радыё Свабода.
Натоўп рушыў праспэктам Незалежнасьці да Дома Ўраду
Пратэстоўцы дайшлі да Чырвонага касьцёла і скандуюць «Жыве Беларусь!»
Некалькі сотняў пратэстоўцаў, якія сёньня ўвечары сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, дайшлі да Чырвонага касьцёла.
Раней каля гатэлю «Менск» рух калёны быў спынены сьцяной з супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным — каля 30-40 чалавек. Але сутыкненьняў не адбылося і дэманстранты ўсё ж такі прайшлі далей.
Караткевіч і Дзьмітрыеў ня зьніклі. Яны вячэраюць у кавярні «Грунвальд»
Раней паведамлялася, што зьніклі Тацяна Караткевіч і кіраўнік яе штабу Андрэй Дзьмітрыеў. Яны не адказвалі на званкі.
Аднак неўзабаве стала вядома, што яны нікуды ня зьніклі, а вячэраюць са сваімі прыхільнікамі і сябрамі каманды ў кавярні «Грунвальд».