Праўладныя экзыт-полы даюць Караткевіч 4-6%
Экзыт-полы паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка набірае на гэтых выбарах больш за 80%.
Вынікі экзыт-полу Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук:
Аляксандар Лукашэнка 82,9%
Супраць усіх 5,9%
Сяргей Гайдукевіч 4,4%
Тацяна Караткевіч 4,3%
Мікалай Улаховіч 2,1%
Вынікі экзыт-пола Інстытута параўнальных сацыялагічных даследаваньняў «Эўразійскі барометар»:
а Лукашэнка 80,3%
Таццяна Караткевіч 5,6%
Сяргей Гайдукевіч 5,1%
Мікалай Улаховіч 1,9%
Вынікі экзыт-полу Моладзевай лябараторыі сацыялягічных дасьледаваньняў Рэспубліканскага саюза грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый»:
Аляксандар Лукашэнка 84,1%
Сяргей Гайдукевіч 5,2%
Тацяна Караткевіч 4,9%
Супраць усіх 4,4%
Мікалай Улаховіч 1,4%
Сацыялягічныя службы, што праводзілі экзыт-пол, не ёсьць незалежныя. Яны належаць да лукашэнкаўскай сыстэмы. Ніводны незалежны сацыялягічны інстытут ня быў акрэдытаваны для правядзеньня сацыялягічных апытаньняў на выбарах, падкрэсьлівае «Наша Ніва».
Актывіст расчараваны: на Плошчы не было лідэраў апазыцыі
Малады актывіст, які яшчэ нядаўна быў студэнтам, распавёў у жывым эфіры карэспандэнту Свабоды Валеру Каліноўскаму пра сваё расчараваньне ад адсутнасьці лідэра на акцыі пратэсту 11 кастрычніка:
«Людзі прыйшлі, дзе Статкевіч? Я расчараваны. Я расчараваны многімі людзьмі. Глядзіце: многа людзей прыйшло, яны разьлічваць на нешта, хочуць чагосьці, чакаюць чагосьці. Дзе наша падтрымка? Людзі хочуць нейкага легітымнага прадстаўніка. Чаму мы адны тут? Чаму ніхто не падтрымлівае нас з тых законных прадстаўнікоў, за якіх мы галасавалі ці якіх мы падтрымлівалі сваімі пратэстамі?
Так, тут ёсьць мае суайчыньнікі, тут ёсьць шмат людзей, якія са мной, але няма ніводнага „выразьніка агульнай думкі“. Я лічу, што такія людзі ёсьць, якіх я магу назваць сваімі лідэрамі. Статкевіч — адзін зь іх, я хацеў бы тут бачыць Тацяну».
У Ваўкавыску з участка выставілі незалежнага назіральніка
Гэта адбылося падчас падліку галасоў, калі незалежны назіральнік Віталь Гуляк зрабіў заўвагу старшыні камісіі. Паводле Гуляка, ён хацеў уручыць старшыні камісіі складзены ім акт на сяброў выбарчай камісіі пасьля таго, як яны зьмяшалі бюлетэні з асноўнай скрыні разам з тымі, якія былі ў дзьвюх скрынях для хатняга галасаваньня. Гуляк заявіў старшыні камісіі, што такім чынам яны парушылі артыкул 55 Выбарчага кодэксу. Падчас падліку галасоў, паводле Гуляка, вынікі не агалошваліся.