Толькі тры з чатырох афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі падалі афіцыйныя заяўкі на ўдзел у тэледэбатах. Да Тацяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча, якія першымі падалі заяўкі, далучыўся і Мікалай Улаховіч. Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
Цэнтравыбаркам прадугледзеў, што тэледэбаты могуць адбыцца, калі пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у іх заявяць як мінімум два кандыдаты. Такім чынам, гэтая ўмова выкананая.
Дэбаты прэтэндэнтаў пройдуць 3 кастрычніка на тэлеканале «Беларусь 1». Пачатак а 17-й гадзіне. Яшчэ на самым пачатку выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам вызначыўся, што калі ў дэбатах пажадаюць удзельнічаць больш за 5 чалавек, то яны будуць цягнуцца паўтары гадзіны. Калі ж ахвотных будзе меней, то працягласьць дыскусіі зьмяншаецца да 60 хвілін.
Выбарчы кодэкс дазваляе кандыдатам упаўнаважыць выступаць замест сябе давераную асобу.
У часе мінулай выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка таксама адмаўляўся ад удзелу ў дэбатах зь іншымі кандыдатамі.