Нядаўна ў незалежны Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў прыняты 32-гадовы паэт Ігар Канановіч. Былы настаўнік, ён працуе грузчыкам у гіпэрмаркеце. Чаму адмысловец з вышэйшай адукацыяй ня змог працаўладкавацца па спэцыяльнасьці? Сёньня Ігар — госьцем перадачы.
— Ігар, у Беларусі існуюць два Саюзы пісьменьнікаў. Чаму вы абралі менавіта незалежны, у якога па волі ўладаў нават памяшканьня свайго няма?
— Для мяне знаходжаньне ў СБП — справа гонару. Хоць бы зважаючы на тое, што яго сябрамі былі Быкаў, Барадулін і Бураўкін. Прызнаюся, спачатку мяне заваблівалі ў іншы саюз. Пасьля заканчэньня філфаку БДУ я вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць настаўнікам. У нас, у Клецкім раёне, ёсьць сваё літаб’яднаньне, называецца «Голас». Гэты «Голас» цесна кантактуе з абласным літаб’яднаньнем «Жывіца». І я пэўны час езьдзіў з нашымі голасаўцамі ў тую «Жывіцу». Выступаў там, меў пэўны посьпех, але калі зразумеў, што «Жывіца» — прыток чаргінцоўскага саюзу, перастаў яе наведваць.
— А чым для вас непрымальны прыўладны Саюз пісьменьнікаў?
— Там цэнзуры больш. Не падабаюцца мне і агрэсіўныя паводзіны таго саюзу ў калялітаратурным жыцьці. Ён жа падмяў пад сябе ўсе выданьні, у якіх раней друкаваліся нашы пісьменьнікі. У выніку для тых, хто хоча выказвацца вольна і напоўніцу, без цэнзурных абмежаваньняў, засталося некалькі пляцовак — «Дзеяслоў», «Верасень», «Літаратурная Беларусь». Рэдактарам гэтых выданьняў я і дасылаю вершы.
— Друкуюць?
— Друкуюць.
— І ня толькі друкуюць, але і выдалі вашу першую кнігу «Астэроід» (выйшла ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка», заснаванай СБП). А чаму вы сышлі са школы, дзе выкладалі мову і літаратуру, і перакваліфікаваліся на грузчыка?
— Проста захацелася чалавечых умоваў працы, прыстойнага заробку, нармальнага стаўленьня да сябе. Як аказалася, усё гэта ёсьць у грузчыка, але няма ў настаўніка. З 2008-га па 2013 год я выкладаў мову і літаратуру ў Сіняўскай і Караскай школах Клецкага раёну. А ў нашых школах усё наскрозь пранізана ідэалёгіяй. Крок управа, крок улева — расстрэл. За цень нязгоды зь нейкімі базавымі ідэалягічнымі ўстаноўкамі, за крытыку такіх арганізацый, як БРСМ ці «Белая Русь», за любыя спробы крытыкі мерапрыемстваў улады. За ўсё гэта спачатку можна было атрымаць па шапцы, а потым з табой проста не падпісалі б кантракт.
— Дык вас звольнілі, ці вы самі сышлі?
За апошні свой настаўніцкі месяц я атрымаў усяго 2 мільёны з капейкамі.
— Сам сышоў. Таму што невыносна стала працаваць. У начальніка раённага аддзелу адукацыі была ўстаноўка — шукаць у працы падначаленых нэгатыў. Ёсьць пазытыў — добра. Але шукайце нэгатыў, каб было за што круціць хвасты, каб хадзілі ціхія, баязьлівыя, і займаліся толькі сваім прадметам. Да таго ж, у школе непрыстойна нізкі ўзровень заработнай платы. За апошні свой настаўніцкі месяц я атрымаў усяго 2 мільёны з капейкамі. Праз тры месяцы я апынуўся грузчыкам у гіпэрмаркеце «Карона», там заробак — 5 мільёнаў 300 тысячаў. Атрымліваецца, што ў нас грузчык — больш паважная прафэсія, чым настаўнік.
— Першая ваша кніга мае астранамічную назву — «Астэроід». Астэроіды нясуць пагрозу нашай плянэце. Каму нясе пагрозу лад мысьленьня паэта Ігара Канановіча?
— Стэрэатыпнаму ладу мысьленьня. Бывае, што пэўны верш — знарок скіраванае разьбіваньне стэрэатыпаў. Я стараюся гаварыць пра тое, пра што нельга казаць. Мне яшчэ пашчасьціла вучыцца ў школе, калі настаўнік гісторыі адкрыта расказваў пра ВКЛ, пра Пагоню. А ўжо калі працаваў настаўнікам, мне неяк выпала замяняць гісторыка. Пагартаўшы падручнік, Пагоню я знайшоў толькі ў адным месцы, на адной маленькай фотачцы — Пагоню-пячатку.
— Таму на вашай гітары — налепка з Пагоняй?
— Так, я хачу гэтым паказаць, што паважаю сваю гісторыю, ведаю яе больш, чым дазваляюць сёньняшнія ўлады. У гэтай налепцы — мае любоў і пратэст адначасова. Часы, пражытыя пад Пагоняй, — найлепшыя старонкі нашай гісторыі, і трэба, каб людзі пра яе помнілі.
— Астэроід як касьмічнае цела трапляе ў гравітацыйныя палі розных плянэтаў. Чыё прыцягненьне вы адчуваеце ў космасе беларускай літаратуры?
— Наймацнейшае прыцягненьне я спазнаў ад Уладзімера Караткевіча. Працяглы час толькі ён мяне і прыцягваў. Пасьля Караткевіча пачаў паглыблена чытаць творы Васіля Быкава. Потым было яшчэ шмат цікавых аўтараў, але не было ўжо такога прыцягненьня, як ад Быкава з Караткевічам. Можна сказаць, што я пэўны час круціўся на іх арбітах. Потым на іншых круціўся, але нідзе доўга не затрымліваўся.
— У вас шмат твораў на гістарычную тэму, у якіх нярэдка дамінуе матыў недасяжнай перамогі. Нават верш ёсьць пад назвай «Адступленьне». Для вас прымальна — адступаць?
Падручнікі складзеныя так, каб дзецям было нецікава. Рэаліі ў творах для вывучэньня настолькі адарваныя ад рэаліяў сучаснага жыцьця!
— Я памятаю свой настрой, калі пісаўся згаданы вамі верш. Ён пра слуцкіх паўстанцаў. У студэнцкія часы мне трапілася кніга Алеся Пашкевіча «Пляц волі» — пра Слуцкі збройны чын. А потым так склалася, што трагічная сытуацыя слуцкіх паўстанцаў супала з маёй сытуацыяй. Заканчваўся год, калі я дапрацоўваў настаўнікам беларускай мовы. І я тады зразумеў, што многія вучні глухія да мовы і літаратуры. Да таго ж, падручнікі складзеныя так, каб дзецям было нецікава. Рэаліі ў творах для вывучэньня настолькі адарваныя ад рэаліяў сучаснага жыцьця! Нават самому настаўніку нецікава тыя творы чытаць. Я зразумеў, што маё змаганьне, як і змаганьне слуцкіх паўстанцаў, за роднае, за беларушчыну падыходзіць да завяршэньня, далёкага ад перамогі, што маіх маленькіх перамогаў — кот наплакаў. Адсюль і заўважаны вамі матыў: «За сьпіной — прайграныя баі, / не ўтрымаць і гэтай шэрай вёскі. / За надзелы прадзедаў сваіх / адступае змучанае войска».
— Хутка ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Вы будзеце галасаваць?
— Не. Бо тое мерапрыемства, якое чакае нас у кастрычніку, я не магу назваць выбарамі. Я адсочваю сытуацыю ў краіне — чытаю сайт Радыё Свабода, «Нашу ніву», «Народную волю», часам «Белгазету». Я ня ўдзельнічаю ў палітыцы, я проста хачу быць «у курсе». Байкот, няўдзел мала што зьменяць, але хоць сумленьне застанецца чыстым. Палітыкі, за якімі можна было б пайсьці, гэта Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, са старэйшых — Зянон Пазьняк. Але яны ж ня ўдзельнічаюць у выбарах. І ўсё ж, на маю думку, Някляеву і Статкевічу самае месца ў палітыцы. Яны выдатна ведаюць палітычныя рэаліі, у іх ёсьць бачаньне будучыні Беларусі, у іх ёсьць воля і розум. Няўдзел у галасаваньні я разглядаю як дзею. Па-мойму, няўдзел — адзіны прыстойны варыянт у дадзенай сытуацыі.
— Здаецца, Віктор Гюго калісьці сказаў: «Мы нараджаемся з крыкам, паміраем са стогнам, таму жыць застаецца з усьмешкай». А што вам дапамагае жыць з усьмешкай?
Я — жывое ўвасабленьне беларускай мовы, і мы зь ёю паміраць не зьбіраемся.
— Мне неаднойчы даводзілася чуць, у тым ліку ад блізкіх сваякоў: «Кідай ты гэтую сваю беларускую мову, яна ўжо памірае». А я з усьмешкай адказваў: «Як жа памірае — я ж жыву! Хіба я паміраю?». Карацей, даводзіў ім, што я — жывое ўвасабленьне беларускай мовы, і мы зь ёю паміраць не зьбіраемся. Пачуцьцё гумару ў мяне ад бацькоў. Не заўжды гэты гумар вясёлы, часам ён набывае адценьне цынізму. Але менавіта гумарыстычнае стаўленьне да жыцьця дапамагае выжыць ў нашай невясёлай беларускай сытуацыі.
Ігар Канановіч нарадзіўся ў 1983 годзе ў Клецку. Пасьля заканчэньня філфаку БДУ ў 2008-м пяць гадоў працаваў настаўнікам беларускай і расейскай моваў у школах на Клеччыне. Аўтар кнігі паэзіі «Астэроід» (2015). Жыве ў Менску, працуе грузчыкам.