Кампанія Apple пачала выдаляць шкодныя праграмы з AppStore, уласнага каталёгу праграмаў для iPhone і iPad, паведамляе Reuters. Спэцыялісты па бясьпецы знайшлі сотні праграмаў-шпіёнаў.
За ўвесь час дагэтуль у AppStore было знойдзена толькі пяць шкодных праграмаў, цяпер выдалена сама менш 39, а кітайскія спэцыялісты па бясьпецы кажуць, што іх 344. Сярод іншага зламысьнікі маглі перахопліваць паведамленьні мэсэнджэра WeChat, якім у Кітаі карыстаюцца каля 600 млн чалавек — праграма распаўсюджвалася праз афіцыйную краму праграмаў, таму не павінна была выклікаць падазрэньні ў карыстальнікаў.
«Дзіра» ў бясьпецы зьвязаная з асяродзьдзем распрацоўкі праграмаў для iOS — Xcode. Яно афіцыйна распаўсюджвалася праз сайт Apple, а таксама празь некаторыя іншыя сайты на выпадак, калі сэрвэры Apple будуць перагружаныя. На адным з сайтаў асяродзьдзе распрацоўкі ўтрымлівала шкодны код, што дазволіла зламысьнікам «прабрацца» ў звычайныя праграмы афіцыйных распрацоўшчыкаў, чытаць паведамленьні іхніх карыстальнікаў, адсочваць адкрытыя імі спасылкі і скапіяваныя ў буфэр абмену зьвесткі.
Apple адмовілася ад камэнтароў. WeChat дагэтуль можна спампаваць у AppStore, але невядома, ці бясьпечная гэта вэрсія.