Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч агітаваў за сябе на Камароўцы з гармонікам


Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч распачаў сэрыю вулічных пікетаў у рамках агітацыйнай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. У Менску ён правёў пікет разам са сваёй групай падтрымкі на Камароўскім рынку.

Пікет Сяргея Гайдукевіча быў аздоблены сьцягамі партыі, партрэтамі кандыдата і суправаджаўся музыкай. Гралі гарманіст і двое гітарыстаў. Усе ўдзельнікі былі ў майках з партрэтам Сяргея Гайдукевіча і раздавалі ўлёткі ў падтрымку свайго кандыдата. Бралі іх ня ўсе мінакі.

Калі Сяргей Гайдукевіч зьявіўся на месцы пікета ў суправаджэньні сваёй групы падтрымкі, яго абступілі журналісты. Перадусім кандыдат паведаміў, што ад сёньня пікеты ў яго падтрымку распачынаюцца ў розных гарадах краіны, а затым адказаў на пытаньні журналістаў. Ён падкрэсьліў, што сярод задачаў лічыць першаснымі рэфармаваньне дзяржаўных структураў, а таксама падвышэньне дабрабыту грамадзян, павелічэньне заробкаў і пэнсіяў. Менавіта каб падбадзёрыць і палепшыць настрой людзей — як патлумачыў Сяргей Гайдукевіч — ён і прыйшоў на Камароўку з музыкамі.

На прапанову сфармуляваць сваю перадвыбарчую праграму за сорак сэкундаў кандыдат сказаў: «Умацаваньне сувэрэнітэту і грамадзянскай супольнасьці, незалежнасьць і дабрабыт людзей». Таксама Сяргей Гайдукевіч заклікаў да адзінства: «Мы павінны зразумець адно: гэта наша з вамі дзяржава, і мы павінны быць адзіныя». На пытаньне, на якой глебе можа грунтавацца такое адзінства, ён падкрэсьліў: «На глебе сувэрэнітэту, дэмакратыі, незалежнасьці і дабрабыту краіны».

Гайдукевіч агітаваў за сябе на Камароўцы з гармонікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00

Неўзабаве да пікету далучыліся мінакі, якія пачалі цікавіцца стаўленьнем кандыдата да рэформы судовай сыстэмы, адукацыі, працаўладкаваньня... Некаторыя і выказваліся пра кандыдата ды ягоны пікет. Дзяўчына і юнак узялі прапанаваныя ўлёткі і адказалі на пытаньні:

Карэспандэнтка: «Ці ведаеце кандыдата, ці хацелі б за яго прагаласаваць?»

Юначка: «Так, ведаю, прагаласую. Бо падабаецца ягоная праграма».

Карэспандэнтка: «Што менавіта?»

Юначка: «Не магу дакладна сказаць, не магу вылучыць».

Юнак: «Трэба ісьці на выбары. Пакуль ня ведаю, за каго буду галасаваць, не магу сказаць... Добра, што такія імпрэзы адбываюцца падчас выбараў, таксама па тэлевізіі і радыё».

Карэспандэнтка: «Ці ўсё задавальняе, як асьвятляецца выбарчая кампанія?»

Юнак: «Хацелася б лепш».

Сталага ўзросту муж і жонка, якія выйшлі з Камароўкі зь мяхамі, прыселі на лавы і назіралі за пікетам здалёк:

Лукашэнка будзе, як Мао Цзэдун

Карэспандэнтка: «За каго зьбіраецеся аддаваць свае галасы?»

Пэнсіянэр: «За каго? За гэтага…? Куды ён лезе? Супраць Лукашэнкі? Ён нешта добрае для людзей зробіць?»

Пэнсіянэрка: «Лукашэнка ўжо гэтулькі гадоў пры ўладзе, ён зжыўся ўжо з народам... Ну, а што — прыйдзе да ўлады Гайдукевіч? Ну што ён зробіць? З чаго пачне?»

Пэнсіянэр: «Лукашэнка будзе, як Мао Цзэдун, а гэтых нават ня слухайце».

Жанчына інтэлігентнага выгляду, якая назірала за падзеяй збоку, да сказанага дадала:

«Птушачка, проста птушачка... Трэба было шмат птушачак, каб шчабяталі, вось яны і шчабечуць».

Вельмі хутка журналісты і мінакі разышліся. Сяргей Гайдукевіч і чальцы ягонай групы падтрымкі прадоўжылі раздаваць улёткі. Побач з дарослымі пікетоўцамі засталася гуляць дзяўчынка са скакалкай у майцы з партрэтам Сяргея Гайдукевіча. Працягнуў свае бадзёрыя мэлёдыі і гарманіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG