У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час».
Супрацоўнік газэты «Новы час» Сяргей Пульша падкрэсьліў у інтэрвію Свабодзе, што газэта будзе выдавацца надалей:
«Аляксей Сьцяпанавіч быў выдатным рэдактарам і выдатным чалавекам — шчырым, адкрытым, зычлівым. Шчыра кажучы — цяжка паверыць у ягоны адыход, бо ён ехаў лекавацца. І казаць пра яго ў мінулым часе вельмі цяжка.
У чым ягоны талент — ды гэта ў тым, што вакол яго заўсёды была каманда. Ён умеў ствараць каманду, ён стварыў каманду, і таму газэта будзе выходзіць, наколькі нас толькі хопіць».
Апошнія тры месяцы Аляксей Кароль правёў у коле сям’і сына ў Сынгапуры, дзе праходзіў курс лекаваньня. Прах Аляксея Караля будзе пахаваны ў Менску. Дата і месца мэмарыяльнай службы будзе паведамлена пазьней.