Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія экспэрты пра «траянскую авіябазу» ў Баранавічах


Расейскі зьнішчальнік СУ-27, ілюстрацыйнае фота
Расейскі зьнішчальнік СУ-27, ілюстрацыйнае фота

Што стаіць за ціскам Масквы на афіцыйны Менск у справе адкрыцьця ў Беларусі расейскай вайсковай авіябазы?

Вяртаньне да тэмы будаўніцтва расейскай авіябазы ў Баранавічах варта разглядаць як адказ Крамля на зьяўленьне амэрыканскіх зьнішчальнікаў у Эўропе, — заявіў маскоўскі незалежны вайсковы аналітык Аляксандар Гольц у інтэрвію расейскай службе «Голасу Амэрыкі»:

Аляксандар Гольц
Аляксандар Гольц

«Але авіяцыйная прысутнасьць Расеі ў Беларусі — зусім не такая простая праблема, як можа здацца на першы погляд. Аляксандар Лукашэнка раней далёка не зь вялікім захапленьнем прыняў разгортваньне расейскіх вайсковых частак і злучэньняў на тэрыторыі краіны. Ён заўсёды больш упіраў на наступнае: вы нам лепш пастаўце самалёты, а мы ўжо як саюзная дзяржава забясьпечым надзейную ахову рубяжоў ад зьнешняга непрыяцеля».

Аналітык падкрэсьліў важнасьць для Расеі бягучага моманту:

«Калі Расея даціснула Менск па гэтым пытаньні, значыць, ёй гэта стала надзвычай трэба. І ў першую чаргу для таго, каб прадэманстраваць гатоўнасьць да адказу на дысьлякацыю амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-22 у Эўропе».

Паводле спадара Гольца, усё гэта паказвае на тое, што Расея і НАТО рухаюцца да новай халоднай вайны.

«Тое, што мы бачым цяпер, толькі наступства такога руху, — мяркуе Гольц. — Прычына вядомая: гэта дзеяньні Расеі ў Крыме і Ўкраіне».

На думку экспэрта, лёгкага выхаду з гэтай сытуацыі няма:

«Маем дыпляматычны тупік. Таму што Ўладзімер Пуцін ва Ўкраіне ваюе не за Данбас, а за тое, чаго не існуе ў прыродзе: за магчымасьць, падобна Сталіну, у адпаведнасьці з уласнымі ўяўленьнямі маляваць мяжы іншых дзяржаў на мапе Эўропы».

Але экспэрт перакананы: Пуціна стрымлівае толькі тое, што ў Расеі няма тых рэсурсаў, якімі валодаў Савецкі Саюз.

Паводле намесьніка дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Суздальцава, выдваранага зь Беларусі ў 2006 годзе, кіраўнік Беларусі праводзіць хітрую палітыку, балянсуючы паміж Захадам і Расеяй у чаканьні зьняцьця заходніх санкцыяў:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў

«Пры гэтым абсалютна нічога ня робячы ў пляне дэмакратызацыі краіны».

Андрэй Суздальцаў лічыць, што ў выпадку адкрыцьця расейскай базы ў Баранавічах ні пра якае балянсаваньне Беларусі казаць ужо не давядзецца, таму Лукашэнка ўсімі сіламі гэтаму супрацьстаіць, каб захаваць сабе магчымасьці для манэўру:

«Прычым калі раней беларускія экспэрты казалі, што Расея скнарнічае і не дае самалёты, то цяпер яны сьцьвярджаюць, што авіябаза стане пляцдармам для Расеі, якая можа пачаць весьці адтуль баявыя дзеяньні супраць Украіны ці супраць балтыйскіх краін. У рэспубліцы ідзе хваля абурэньня вакол гэтай базы».

Як бачыцца экспэрту, палітыка Крамля будуецца на тым, што беларуская эканоміка разваленая, а краіна жыве ад крэдыту да крэдыту.

«Раз неабходныя крэдыты, давайце вырашым пытаньне пра базу, — як бы прапануюць у Маскве, — кажа Суздальцаў. — Да таго ж Беларусь — сябра АДКБ, з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць. Але Лукашэнка хацеў бы надалей атрымліваць дывідэнды і ад Расеі, і ад Захаду».

Масква спрабуе дамагчыся ад Лукашэнкі абавязаньняў, якія ён на сябе ўзяў, але не выконвае, рэзюмаваў Суздальцаў.

Падобнай думкі прытрымліваецца і Аляксандар Гольц:

«Усе гэтыя гады Аляксандар Лукашэнка вельмі спрытна выкарыстоўваў комплексы Расеі адносна НАТО, яго „руху на Ўсход“ і да таго падобнае, — адзначае ён. — Кожны раз, калі Масква заводзіла гаворку пра вяртаньне даўгоў, ён казаў: як жа так, мы ж абараняем Расею ад НАТО, мы ж перадпольле, а вы тлумачыце пра нейкія няшчасныя мільярды даляраў».

Аналітык мяркуе, што Менск будзе спрабаваць працягваць гэтую гульню да апошняй магчымасьці.

Учора прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пагадненьне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы — рэалізацыя двухбаковых дамоўленасьцяў, дасягнутых яшчэ ў 2009 годзе.

Дзьмітры Мядзьведзеў
Дзьмітры Мядзьведзеў

«Я нагадаю гісторыю гэтых дакумэнтаў. Яна пачалася ў 2009 годзе, я маю да яе непасрэднае дачыненьне. Тады былі падрыхтаваныя і падпісаныя рашэньні, якія тычацца сумеснай аховы мяжы Расеі і Беларусі і сумеснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Уласна, тое пагадненьне, пра якое вы кажаце, зьяўляецца рэалізацыяй гэтых пагадненьняў. Нічога ў іх асаблівага няма», — цытуе Мядзьведзева БелаПАН.

На пытаньне пра тэрміны падрыхтоўкі і падпісаньня пагадненьня расейскі прэм’ер адказаў:

«Мы зыходзім з таго, што гэта павінна быць камфортна для беларускага боку, для нашага боку. Мы проста, што называецца, прапусьцілі адпаведны дакумэнт праз урад Расейскай Фэдэрацыі паводле той працэдуры, якая існуе, і прадставілі яго прэзыдэнту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG