Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні цэнтра навінаў ААН.
Упраўленьне ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў называе галоўнымі праблемамі адсутнасьць бясьпекі, бюракратычныя перашкоды, а таксама матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.
З-за гэтага міжнародныя арганізацыі маюць ускладнены доступ да каля двух мільёнаў чалавек у раёнах, разьмешчаных уздоўж лініі судакрананьня паміж урадавымі сіламі і ўзброенымі групамі.
«Сталыя перастрэлкі ў многіх гарачых кропках уздоўж лініі судакрананьня ўяўляюць сур’ёзную пагрозу жыцьцю многіх грамадзянскіх», — сказана ў паведамленьні.
У ААН адзначаюць, што становішча людзей, якія жывуць уздоўж лініі судакрананьня, пагаршаецца тым, што яны ня могуць перабрацца ў бясьпечнае месца з-за складанай працэдуры выдачы дазволаў на перамяшчэньне.
Экспэрты нагадваюць пра набліжэньне зімы і асьцерагаюцца, што час ужо страчаны, і празь дзейныя абмежаваньні тысячы пацярпелых могуць застацца без жыцьцёва неабходнай дапамогі.
У ААН таксама сур’ёзна занепакоеныя становішчам унутрана перамешчаных асобаў ва Ўкраіне. На сёньня іх налічваецца 1,4 мільёна чалавек. Каля 60% усіх зарэгістраваных унутраных уцекачоў — людзі сталага ўзросту, 13% — дзеці.