Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Духмяны водар «Крамбамбулі»


Гурт "Крамбамбуля"
Гурт "Крамбамбуля"

Легендарны беларускі гурт сыходзіць на ўзьлёце.

Агульнавядома, што практычна ў кожнага творчага калектыву пасьля дзесяці гадоў існаваньня надыходзіць стан крызісу, які вымагае альбо кардынальных зьменаў у стаўленьні да таго, што рабілася раней, альбо наогул спыненьня існаваньня.

«Крамбамбуля», якая гучна заявіла пра сябе ў 2002 годзе, ня стала выключэньнем з гэтага правіла. І хоць відавочнага мастацкага крызісу гурт не дэманстраваў, намер сысьці на ўзьлёце я асабіста трактую як чын моцны і своечасовы.

Гурт "Крамбамбуля"
Гурт "Крамбамбуля"

Можна шмат разважаць адносна таго, што было зроблена і ня зроблена Лявонам Вольскім і кампаніяй ягоных аднадумцаў. Хоць нязробленае — гэта прыярытэт лідэра каманды і ягоная асабістая таямніца. Але нельга не адзначыць, як у свой час Лявон разрываўся паміж «N.R.M.» і «Крамбамбуляй», дык апошнім часам прыкладна тое ж адбывалася ў ягоных стасунках «Крамбамбулі» і ўласных сольных задумак.

Таму лепш згадаць зробленае. Адразу адзначу, што «Крамбамбуля» шмат у чым была пэўным працягам традыцыяў супольных музычных праектаў яшчэ з часоў «Народнага альбома», у якіх Вольскі займаў пульт першай скрыпкі. Тыя музыкі, якія прыходзілі ў склад «Крамбамбулі», як правіла, працягвалі працаваць ва ўласных камандах, і дзецішча Вольскага было для іх, як я разумею, пэўнай музычнай рэлаксацыяй, калі зьмяненьне занятку ўспрымалася як адпачынак. Адзначу, што чым далей, тым больш моцным, нават зорным рабіўся склад каманды, якая ў апошнія гады ня мела аніводнага хоць у нечым праблемнага месца. А калі згадаць запрашэньне да супрацы Сяргея Міхалка, Аляксандра Кулінковіча, Гюнэш Абасавай і лідэра ўкраінскага «Скрябіна» Андрэя Кузьменкі, дык тэндэнцыя супольнай творчасьці відавочная.

Лявон Вольскі і "Крамбамбуля" ў Празе, клюб "Матрыкс", 2012 год
Лявон Вольскі і "Крамбамбуля" ў Празе, клюб "Матрыкс", 2012 год

Пры гэтым нельга сказаць, што стылістычна музыка «Крамбамбулі» была адназначна вытрыманай. Хутчэй наадварот: полістылістычнасьць гурта і была ягонай арыгінальнай стылістыкай, што дазваляла музыкам у нібыта жартаўлівай форме выказвацца вельмі шырока і часам цалкам сур’ёзна. Такая праца на кантрастах і была, відаць, прычынаю таго, што ўлады двойчы, як тыя расейскія бульдозэры, давілі «Крамбамбулю» — у 2004 і 2011 гадах. Яна, зусім не сацыялістычная па форме, але выключна нацыянальная па зьмесьце, рушыла звыклыя норавы і рамкі беларускай папулярнай песьні. Хто-небудзь можа згадаць выпадак, калі падчас канцэрту якой айчыннай поп-зоркі публіка сьпявала зь ёй разам? А вось з «Крамбамбуляй» — спявалі! І «Турыстаў» сьпявалі (зноў жа — супольна!), і «Гасьцей», і напэўна нават знакаміты «Абсэнт», адно што хіба самі сабе... І нават дуэт Саўкі і Грышкі — эксклюзыўны праект «Радыё Свабода», можна ўспрымаць як своеасаблівы працяг «Крамбамбулі» — гэтым разам злабадзённы і амаль публіцыстычны.

"Крамбамбуля" прэзэнтуе ў Вільні альбом "Драбадзі-драбада", 2012 год
"Крамбамбуля" прэзэнтуе ў Вільні альбом "Драбадзі-драбада", 2012 год

Нельга не адзначыць і той факт, што паўстаньне гурта «Крамбамбуля» ці не ўпершыню ў гісторыі беларускай музыкі адгукнулася і на эканамічным полі краіны. Калі падчас прэзэнтацыі дэбютнага альбому калектыву «Застольны альбом/Паўлітра добрага настрою» («West Records», 2002) на сталах стаялі ўсе, за выключэньнем кумысу, апетыя ў праграме напоі, дык менавіта крамбамбуля была зробленая саматужным чынам. Аднак неўзабаве дзякуючы папулярнасьці гурту бровар «Белпі» ў Жажэлцы наладзіў вытворчасьць крамбамбулі. І гэты напой пэўны час быў ці ня самым запатрабаваным арыгінальным алькагольным сувэнірам зь Беларусі. На жаль, «Белпі» таксама не пратрымалася доўга са сваімі патрыятычнымі напоямі: эканамічныя варункі прымусілі згарнуць вытворчасьць, і таму паўлітры «Крамбамбулі» зьніклі з крамаў...

Думаю, што створаная Вольскім зь сябрамі сапраўдная эпідэмія сучаснай папулярнай песьні менавіта на беларускай мове і была прычынай нэрвовых наездаў улады на гэты праект. Бо Вольскі дамогся неверагоднага: ён стварыў сапраўды годную, ня пошлую, не пустую менавіта нацыянальную папсу! І такая непрадказальная папулярнасьць беларускамоўнай папсы адразу паказала, хто ёсьць заслужаны сьпявак паводле дзяржаўнага ўказу, а хто народны паводле зьместу створанага.

У той час, калі гэта пісалася, Лявон Вольскі быў па-за межамі тэлефоннай сувязі. Я запытаўся ў Паўла Аракеляна, што дала яму праца ў «Крамбамбулі».

Павал Аракелян
Павал Аракелян

— Калі шчыра, я, безумоўна, адчуў, што ёсьць іншыя музычныя стылі, адрозныя ад тых, у якіх я раней працаваў. І стылістыка «Крамбамбулі» таксама дала прастору для самавыражэньня. Акрамя таго, падчас працы зь Лявонам я адкрыў для сябе як беларускую мову наогул, так і магчымасьць карыстацца ёю ва ўласнай музычнай творчасьці.

Канешне, хацелася б з вуснаў самога Лявона Вольскага пачуць, што ён плянуе рабіць у будучыні. Бо Павал Аракелян збольшага ўстрымаўся ад камэнтароў. Хоць і прызнаўся, што больш-менш канкрэтных гутарак яшчэ не было. Аднак ён пацьвердзіў, што пакуль усе музыкі застаюцца пры Вольскім, і калі той распачне новы праект, дык усе музыкі з былога складу «Крамбамбулі», хто зможа і пажадае, працягнуць супрацоўніцтва.

Афіша канцэрту ў Вільні
Афіша канцэрту ў Вільні

Сапраўды апошні альбом «Крамбамбулі» будзе прэзэнтаваны публіцы 7 лістапада ў віленскай залі «Compensa». «Альбом „Чырвоны штраль“ — гэта фантасмагорыя, у якой зьмяшалася мінулае, сучаснае і будучыня Беларусі, адлюстраваныя з уласьцівымі „Крамбамбулі“ гумарам і іроніяй», — паведаміў Лявон Вольскі сайту experty.by. Там жа паведамляецца, што бясплатная віза (бяз консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на канцэрт. Пакрокавая інструкцыя на атрыманьне візы і рэгістрацыі на падачу дакумэнтаў маецца пад адрасам http://www.graffiti.by/2015/vilnius/.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG