Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапеня і Юры Рубцоў былі памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам і вызваленыя з турмы 22 жніўня.
З гэтай нагоды у інтэрнэце зьявіўся заклік запампоўваць у сацыяльныя сеткі фотаздымкі з хэштэгам #welcomeback, каб прывітаць доўгачаканае вызваленьне палітвязьняў.
«Тысячы людзей ва ўсім сьвеце цягам доўгіх гадоў прыкладалі намаганьні, арганізоўвалі акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Іх вызваленьне зьяўляецца вялікай палёгкай і радасьцю для ўсіх, незалежна ад палітычных матываў дыктатара. Свабода павінна сьвяткаваць», — кажа віцэ-прэзыдэнт Інстытуту Свабоды Катажына Пэшыньска-Дрэўс.
Каб далучыцца да акцыі, прапануецца зрабіць сэлфі ці сфатаграфаваць сяброў зь бел-чырвона-белым сьцягам ці любой іншай сымболікай або партрэтамі былых палітвязьняў. Гэтыя здымкі прапануецца публікаваць у сацыяльных сетках з дапамогай адмысловага хэштэгу #welcomeback, пазначыць свой горад і напісаць некалькі словаў ад сябе.