Кола патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі сёньня скарацілася з васьмі да пяці асобаў. Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін заявіў, што прыняў рашэньне не перадаваць у тэрытарыяльныя камісіі сабраныя подпісы. Гэтаксама вырашыў паступіць і ягоны калега з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пэдагог Жанна Раманоўская здала на праверку зусім невялікую колькасьць подпісаў.
Сваё рашэньне спыніць удзел у выбарчай кампаніі Сяргей Калякін патлумачыў тым, што за яго сабрана толькі крыху болей за 64 тысячы подпісаў. А неабходны мінімум для афіцыйнай рэгістрацыі — 100 тысяч. У сувязі з гэтым і для таго, каб грамадзяне, якія паставілі свае подпісы, ня мелі магчымых непрыемнасьцяў з боку дзейнай улады, прынятае рашэньне не здаваць падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі.
Сяргей Калякін заявіў, што дасягнуты ягонай групай вынік адлюстроўвае рэальны стан беларускага грамадзтва. Сярод людзей пануе апатыя. Шмат хто баіцца, што калі паставіць свой подпіс у падтрымку любога іншага кандыдата, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, то займее вялікія непрыемнасьці.
Сяргей Калякін упэўнены: 100 тысяч подпісаў сабраў толькі адзін з васьмі кандыдатаў — гэта Аляксандар Лукашэнка. Ды й той зрабіў гэта з моцным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу:
«Што тычыцца іншых кандыдатаў, то я абсалютна ўпэўнены, што ніхто зь іх не сабраў 100 тысяч подпісаў. Многія і не зьбіралі. Толькі крыху імітавалі збор. Спадароў Гайдукевіча, Улаховіча, Цярэшчанку я ад самага пачатку разглядаў як спарынг-партнэраў дзейнага кіраўніка дзяржавы, якія вылучыліся, мякка кажучы, па ўзгадненьні з уладай. Што тычыцца Тацяны Караткевіч, то яе рэгістрацыя стане для мяне доказам, што каманда Караткевіч пайшла на зьдзелку з уладамі. Скажу болей, сваё асабістае: калі каманда Караткевіч пойдзе на зьдзелку з сумленьнем і ўладай, мы ня будзем больш разглядаць „Гавары праўду“ як дэмакратычную арганізацыю. І будзем разглядаць яе ў адным шэрагу з такімі праўрадавымі арганізацыямі як „Белая Русь“, БРСМ ды іншымі».
Калякін таксама заявіў, што будзе агітаваць, каб тыя людзі, якія падтрымалі яго як патэнцыйнага кандыдата, падчас выбараў галасавалі супраць усіх, у тым ліку і супраць Тацяны Караткевіч.
Камэнтуючы гэтыя выказваньні цяпер ужо былога прэтэндэнта, кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў выказаў Свабодзе меркаванне, што спадар Калякін эмацыйна вельмі моцна стаміўся:
«Я разумею расчараваньне тых, хто не сабраў 100 тысяч подпісаў. Разумею, што гэта вельмі эмацыйна цяжка. Але Тацяна Караткевіч падзякавала і спадару Калякіну, і спадару Лябедзьку і заявіла, што гатовая працаваць разам. Я магу падтрымаць гэтыя словы.
На сёньняшні дзень мы ўпэўненыя ў кожным подпісе, што сабралі. Мы выбракавалі больш за 13 тысяч подпісаў, якія былі не прынятыя нашымі рэгіянальнымі штабамі альбо як сфальшаваныя былі выяўленыя нашай унутранай службай кантролю. Мы ўпэўненыя ў подпісах, і нам ня трэба ісьці ні на якую супрацу ні з кім.
Калі ў кагосьці ўзьнікае пытаньне, а як гэта мы сабралі такую колькасьць подпісаў — то гэта вельмі проста. Калі Сяргей Іванавіч з адной партыяй сабраў больш за 60 тысяч подпісаў, то за Тацяну Караткевіч зьбіралі подпісы і БНФ, і „Гавары праўду“, і абсалютная бальшыня сацыял-дэмакратычных партыяў, і нават шмат актывістаў зь іншых партыяў, якія афіцыйна не падтрымлівалі Тацяну Караткевіч. І праз гэта аб’яднаньне высілкаў мы здолелі выставіць больш пікетаў, больш прайсьці па кватэрах.
Мы гэта разумелі ад самага пачатку. Два гады таму мы пачалі праграму „Народнага рэфэрэндуму“. І тады таксама зьбіралі подпісы. Гэта была добрая трэніроўка для каманды. Калі б „Талака“ вылучала на гэтыя выбары ня двух кандыдатаў (Калякіна і Лябедзьку), а толькі аднаго, то, можа, і яны набралі б 100 тысяч подпісаў».
«Наша апазыцыя гуляе ва ўчорашні дзень, паводле правілаў учорашняга дня» — лічыць палітоляг Уладзімер Роўда:
«Вось дзень зьмяніўся, зьмяніўся рэзка. А яны па-ранейшаму гуляюць паводле правілаў 2010 году. Тады таксама некаторыя сабралі гэтыя подпісы, некаторыя не сабралі. Некаторым дапамог Лукашэнка, чым ён потым, дарэчы, і хваліўся.
Зараз адзінае выйсьце — забыцца на ўсе гэтыя свары, на тое, хто сабраў, хто не сабраў, хто працуе на КДБ, а хто на ФСБ. У нас жа ёсьць людзі, якія працуюць і на два франты — яшчэ і расейскую спэцслужбу абслугоўваюць. Дык трэба ж уцяміць гэту сытуацыю. І ствараць нешта адзінае.
Усім дэмакратычным арганізацыям трэба сабрацца і зрабіць агульную заяву пра тое, што мы здымаем з сябе ўсе партыйныя пасады, бярэм адказнасьць на сябе. І ствараем адзіную дэмакратычную арганізацыю — нейкі правобраз таго, што калісьці называлася Беларускім народным фронтам».
Як паведамілі Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, апошнія падпісныя лісты можна здаць у тэрытарыяльныя камісіі да 19-й гадзіны 21 жніўня. На праверку сапраўднасьці подпісаў камісіям даецца 10 каляндарных дзён.