Усе нашы матывацыі дзеляцца на тры групы: важна, ня важна і ня вельмі важна.
Калі казаць пра адрозьненьне сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі ад папярэдніх, дык яна цалкам зьмяшчаецца ў трэцяй групе – ня вельмі важна.
Гэта такі стан, калі чалавек нешта кажа ці робіць, а ты разумееш – ня вельмі яму тое і патрэбна. А значыць, і ўсё, што адбываецца ў кампаніі – такое самае, па сутнасьці неістотнае. Хто там вылучаецца, хто колькі назьбіраў, хто за каго і хто супраць каго – усё гэта прыраўнялася да саміх выбараў, якіх, па сутнасьці, няма.
Іх і раней не было, але ў словах і ўчынках не-не дый праскоквала – важна!
Сёлета інакш. Хто б што ні казаў, а ты разумееш – ніхто за гэта зубамі трымацца ня будзе. Бо ня вельмі важна.
Падзел на тры групы – гэта ня толькі азы псыхалёгіі, але і тое, у чым высакалобы аналітык ці абароцісты паліттэхноляг не вылучаецца з астатняй масы народу. Бо кожны можа зусім нічога ня ведаць пра нашу тут палітыку, але сходу адчуе і ацэніць, што тут дзеецца патрэбнага, што непатрэбнага, а што ня вельмі важнага.
Дачка мая распавяла, як спрабавала паставіць подпіс за «апазыцыйнага прэтэндэнта». Пастаяла ў чарзе з двух чалавек да століка са сьпісамі і цукеркамі, а тут зборшчык ёй і кажа: «А вы чево стаіце? Канфеткі захацелась?»
Вось такая мэтафара ўсёй кампаніі і ўсяго ўвогуле ўнутры кампаніі і ўсяго вакол яе і асабліва таго, што будзе далей.
Асабіста я галасаваў на ўсіх папярэдніх выбарах, а на гэтыя не пайду. Не з-за таго, што расчараваўся, і не з-за прынцыпаў нейкіх, а менавіта таму, што – ня вельмі важна. І я ня ведаю чалавека, якому б не на словах, а на справе было інакш. Улучна з усёй праўладнай камарыльляй і самім элегантным электам.
Думаю, пад знакам гэтай псыхалягічнай групы будзе адбывацца і ўся пасьлявыбарчая палітыка ў Беларусі. Пакуль на месца тых, каму даўно ўсё ня вельмі важна, хоць яны і чапляюцца за сваё палітычнае жыцьцё хто «выбарамі», а хто «байкотамі», калі на іх месца прыйдуць тыя, каму важна. Бо гэта будзе першым індыкатарам, які зможа адчуць увесь паспаліты народ.
А пакуль яны прыйдуць, давядзецца перажыць сур’ёзны ўнутрыпалітычны хаос, дзе яшчэ жывыя сілы перагрупуюцца ў самыя нечаканыя, як на сёньня, канфігурацыі, бо старыя расклады зусім ужо сьцерліся ад ёрзаньня і бясплённых целазрухаў.