Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскіх журналістаў Кіркевіча і Дзянісава трэці раз аштрафавалі за працу без акрэдытацыі


Алесь Дзянісаў
Алесь Дзянісаў

Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў былі зьвінавачаныя ў супрацы з замежным СМІ без адпаведнай акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. Кіркевіч на працэсе не прысутнічаў.

Кіркевіча і Дзянісава судзілі за сюжэт пра выставу «Лялькі», якую зладзілі ў Горадні Саюз літоўскіх мастакоў і Генэральнае консульства Літвы ў Горадні. Яны ўзялі інтэрвію ў супрацоўніка Гарадзенскай выставачнай залі падчас адкрыцьця выставы, а пазьней гэты сюжэт зьявіўся на польскім тэлеканале «Белсат».

Гэта было ўжо другое паседжаньне суду, Кіркевіч паўторна не прысутнічаў, сакратарка суду аб’явіла, што ён знаходзіцца за мяжой, але аб судовым працэсе яму было належным чынам паведамлена.

Пасьля таго, як быў агучаны міліцэйскі пратакол, Алесь Дзянісаў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, паколькі яго судзяць паводле артыкулу, які згодна з заканадаўствам павінен прымяняцца ў адносінах да юрыдычных асобаў.

Ён даводзіў, што зьяўляецца журналістам-фрылянсэрам, прапаноўвае зробленыя матэрыялы розным СМІ, але ў той самы час не зьвязаны ні з якім СМІ юрыдычнай дамовай аб супрацы і не займаецца вырабам прадукцыі СМІ, а таксама яе распаўсюдам. Ён нават нагадаў судзьдзі апошняе інтэрвію прэзыдэнта Лукашэнкі незалежным СМІ, які паабяцаў разабрацца з тым, за што выносяць выракі журналістам-фрылянсэрам.

У судзе прадэманстравалі відэасюжэт, які быў на тэлеканале «Белсат», але на ім можна было пабачыць толькі Кіркевіча, які распавядаў пра выставу, прозьвішча Дзянісава ня згадвалася нават у канцы сюжэту.

У якасьці сьведак у судзе паўторна былі апытаныя мастак выставачнай залі Аляксандар Сільвановіч і дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч. Яны пацьвердзілі, што інтэрвію ў Аляксандра Сільвановіча бралі Кіркевіч і Дзянісаў, хаця самога сюжэту на тэлеканале ня бачылі.

Пасьля вынясеньня рашэньня Алесь Дзянісаў нават трохі разгубіўся, паколькі гэта ўжо трэці вырак па адным і тым жа артыкуле ў дачыненьні яго і Кіркевіча.

— Ну, што тут сказаць, калі гэта ўжо трэці прысуд, і ён выносіцца нібы па нейкім лякале. Прысуд можна лічыць мяккім, бо мог даць ня 25 базавых, а 30 альбо ўламіць адразу 50. Яны вырашылі, відаць, паступова нарошчваць кошты, бо мінулы раз судзьдзя Пятрова дала мне 20 базавых штрафу.

Адзінае, аб чым вельмі шкадуе Дзянісаў, што гэтымі прысудамі ўлады не даюць займацца любімай справай — журналістыкай. На яго думку, гэта пярэчыць Канстытуцыі краіны, і рашэньне суда ён намераны абскарджваць.

— На дадзены момант я ўжо не магу рабіць здымкі ў Гісторыка-археалягічным музэі, бо там мне ўжо ніхто ня дасьць інтэрвію, у музэі Гісторыі рэлігіі, у Лялечным тэатры, а зараз дадалася яшчэ і выставачная заля. Я, па шчырасьці, ня ведаю, што далей будзе. Можа стацца, што я насамрэч не змагу выконваць свае журналісцкія функцыі, бо мне папросту немагчыма будзе нідзе здымаць...

Уладзімір Хільмановіч
Уладзімір Хільмановіч

У судзе сёньня прысутнічаў праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. Паводле яго, відавочна, што Лукашэнка, абяцаючы разабрацца з прысудамі журналістам-фрылянсэрам, не дайшоў да гэтае праблемы, альбо папросту ўвёў у зман.

— А юрыдычна ўся сытуацыя выглядае татальна абсурдна і абсурдней з кожным працэсам, бо дастаткова адкрыць адміністрацыйны кодэкс і паглядзець гэты артыкул, паводле якога судзяць журналістаў-фрылянсэраў, а ён прадугледжвае адказнасьць юрыдычных асобаў. Яшчэ хачу сказаць, што на гэтыя працэсы адцягваюцца людзі: сьведкі, якія павінны працаваць, судзьдзя і сакратар... Я разумею, што дзяржава такімі прысудамі акупляе выдаткі, але думаю, што нават эканамічна гэта нікому невыгодна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG