Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпковіч: Беларусы ў захапленьні, як Лукашэнка капае бульбу


На выходных афіцыйныя СМІ зрабілі рэпартаж з прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў «Драздах», у якім кіраўнік дзяржавы з сынам Мікалаем выбраў 70 мяхоў бульбы.

У ліпені Аляксандар Лукашэнка ў сваёй рэзыдэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку навучыў касіць і кіраваць трактарам францускага актора з расейскім грамадзянствам Жэрара Дэпардзьё. Летась — таксама ў «Драздах» — зьдзівіў беларусаў небывалым ураджаем кавуноў і дыняў.

Радыё Свабода пацікавілася ў блогераў, якія актыўна камэнтавалі ўсе гэтыя падзеі ў сацыяльных сетках, навошта, на іх думку, афіцыйныя піяршчыкі ствараюць імідж краіны-калгасу, у якой дзейны прэзыдэнт робіць сваю перадвыбарчую кампанію, выкарыстоўваючы тэму агароду і ўраджаю.

«Беларусы любяць быць калгасам»

Блогер Яўген Ліпковіч лічыць, што прэзыдэнт, які займаецца земляробствам, — пасьпяховая тэма для беларусаў, для якіх тэма калгасу застаецца знаёмай і блізкай:

Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч

«Як ставіцца да таго, што прэзыдэнт капае бульбу? Толькі пазытыўна. Тое, што Лукашэнка капае бульбу, — гэта самае народнае, што ў нас можа быць. Вядома, добра было б, каб ён яшчэ, напрыклад, граў на раялі. Але прымаем Лукашэнку такім, які ён ёсьць — земляробам. Усё, што робіцца для тэлебачаньня і СМІ, гэта ня проста так. Тут падкрэсьліваецца калгасны стыль. Лукашэнка кажа: ўсё вакол калгаснае — ўсё вакол маё. У нас дынастыя кіраўнікоў сыходзіць не па законах дзяржавы, а па калгасных. Адзін старшыня калгасу зьменіць іншага — але па спадчыннай лініі. Ніхто ж не сумняецца, што гэтыя выбары Аляксандар Лукашэнка выйграе з бляскам, і што калі-небудзь нашым калгасам будзе кіраваць яго сын Віктар Лукашэнка. Беларусам падабаецца быць калгасам. Нягледзячы на тое, што нашы людзі пабывалі за мяжой, калгасная мэнтальнасьць застаецца. Дык і за мяжой беларусы запраўляюць кашулі ў шорты і носяць сандалеты на шкарпэткі і скупляюць прадукты ў «Акропалісе».

«Вырошчваньне бульбы — хобі беларусаў, якога ня варта саромецца»

Адмыслоўца ў стварэньні іміджу, кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан адзначае: Лукашэнка паказвае, што робіць усё тое, што і любы іншы беларус. Праўда, на думку спэцыяліста, у гэтых мэдыя-падзеях хаваецца і дадатковы сэнс: эканамічны крызіс, таму будзьце гатовыя да працы на агародах:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан

«Трэба адрозьніваць імідж палітычнай асобы ад іміджа дзяржавы. Сюжэты пра касьбу травы, збор кавуноў і капаньне бульбы — больш маюць дачыненьне да іміджу Аляксандра Лукашэнкі, чым да іміджу Беларусі. Гэта абсалютна нармальны піяр-ход, бо любы палітык мусіць паказваць сваім выбаршчыкам, што ён такі самы грамадзянін. Ну а выбіраньне бульбы — гэта звычайны занятак беларусаў, традыцыя ці хобі. Нават маладое пакаленьне езьдзіць на лецішча да бацькоў і дзядоў, дзе дапамагае саджаць і капаць бульбу. А калі эканамічнае становішча ня будзе хутка паляпшацца, то людзі разаруць свае газоны і пасадзяць. Таму тут вельмі трапны піяр-ход. Вядома, нехта назаве яго хібы: ці не ранавата капаць бульбу, а таксама праца ў нядзелю, што супярэчыць царкоўным законам.

Агулам для краіны тут няма ніякай бяды. Прэзыдэнт капае бульбу, але гэта не надае Беларусі адмоўнага іміджу калгасу ў пляне сыстэмы кіраваньня і прыняцьця рашэньняў. Агулам, напэўна, добра, каб у нашай краіне на высокіх пасадах былі людзі, якія ведаюць, як абрабляць зямлю. Бо гэта неад’емная рыса нашага нацыянальнага мэнталітэту, стаўленьне да сваёй зямлі. Ня трэба саромецца таго, што мы садзім і капаем бульбу».

«Лукашэнка няшчыры — няма ў яго настальгіі па зямлі»

Журналіст Аляксандар Тамковіч ня верыць, што прэзыдэнт займаецца сельскай гаспадаркай са шчырымі пачуцьцямі, узгадваючы калгасную маладосьць. На яго думку, гэта спроба наблізіцца да выбаршчыка, селяніна, які жыве за кошт таго, што сам вырошчвае:

Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

«Лукашэнка хоча апусьціць нас да ўзроўню бульбы. Маўляў, усе мы калгасьнікі, і нам ня трэба разумныя адукаваныя людзі. Усё вельмі прымітыўна: ускапалі поле, пасадзілі бульбу. Гэта перадвыбарчы піяр. Грошай няма, але неабходна людзям паказаць, за каго трэба галасаваць. Маўляў, галасуйце за свайго, за такога, як і вы самі, якія корпаюцца ў агародах і вырошчваюць бульбу.

Кажуць, што ў Лукашэнкі застаецца настальгія, пэўны азарт нешта вырошчваць з часоў вясковага дзяцінства. Але я лічу, што такі азарт можа быць толькі ў шчырага чалавека. Тут жа чысьцюткі піяр. Ну як можна выбіраць бульбу ў амэрыканскім абутку. Чаму не ў „Белвесьце“, калі так любіш беларускае. Таму ня бульба яму патрэбная і не кавуны, а амэрыканскі абутак. А для гэтага патрэбныя грошы. А каб былі грошы, патрэбная ўлада».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG